Вишневец: пора убирать яблоки и закладывать парк

Вішнявец: час убіраць яблыкі і закладваць парк

На пакацістых пагорках паабапал ажыўленай аўтадарогі паміж Нясвіжам і Стоўбцамі раскінуліся падворкі аграгарадка Вішнявец, які да 1964 года меў назву Гавязна. 

Пісьмова паселішча ўпершыню згадваецца ў дакументах Нясвіжскага езуіцкага калегіума ў 1592 годзе, як уладанне ў Нясвіжскай ардынацыі еўрапейскіх магнатаў Радзівілаў. Жылыя дамы з мноствам гаспадарчых пабудоў на беразе нёманскага прытока Гавязнянкі акружала дубовая агароджа з уязной брамай рэнесанснага стылю. У 1602 годзе Мікалай Радзівіл Сіротка перадаў сядзібу з навакольнымі вёскамі заснаванаму ў Нясвіжы жаночаму бенедыкцінскаму манастыру. Паселішча атрымала далейшае развіццё і хутка стала ўзорным мястэчкам Вялікага Княства Літоўскага.

У 1742 годзе над драўлянымі сялянскімі сядзібамі ўзвысілася белакаменная царква Іаана Прадцечы. Часта каля яе па гасцінцы праязджаў вядомы Уладзіслаў Сыракомля і ўславіў храм у адным са сваіх паэтычных твораў.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Гавязна — цэнтр воласці Слуцкага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. У ім дзейнічала валасная ўправа, плябань, народнае вучылішча, карчма. Штогадова ладзіліся багатыя кірмашы.

Згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года мястэчка адышло да буржуазнай Польшчы і стала цэнтрам гміны Навагрудскага павета.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР статус паселішча панізіўся да вёскі — цэнтра сельсавета, а ў пасляваенныя гады і калгаса, рэарганізаванага ў ААТ «Вішнявецкі-агра».

З 2008 года вёска Вішнявец — аграгарадок Стаўбцоўскага раёна.


Па дарозе ў стаўбцоўскі аграгарадок Вішнявец, ку­ды адправіўся ў чарговую вандроўку, за акном аўтобуса мільгалі прыбраныя ў залаты ўбор пералескі, маладая рунь на хлебных нівах. На скрыжаванні за мястэчкам Новы Свержань дарожны знак указвае напрамак да вёскі Мікалаеўшчыны. Там, у родным кутку Якуба Коласа, мне пашчасціла ў студэнцкія гады сустракацца з братам беларускага класіка дзядзькам Юзікам. Запомнілася, як жвава дэкламаваў ён узвышана-афарыстычныя ўрыўкі з класічнай паэмы «Новая зямля». І сапраўды, як малітва гучаць геніяльныя радкі:

Зямля не зменіць 
і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць…
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне.

Так, багатая на ўрадлівасць прынёманская зямля. І жывуць на ёй працавітыя людзі. Памяць трывала трымае шматлікія сустрэчы з сапраўднымі героямі Панямоння. Рэкордныя ўраджаі бульбы вырошчваў Герой Сацыялістычнай Працы Леапольд Ваньковіч. Па сто цэнтнераў зерня кукурузы з гектара намалочваюць у ТАА «СЖК «Налібакі». Стаўбцоўскай гаспадарцы «Вялікі двор» няма роўных у сталічнай вобласці па прыбытку ў разліку на бала-гектар. Гэты куток Беларусі густа заселены і перасечаны шляхамі-дарогамі. Адна з іх перасякае старажытны Вішнявец. 

Дырэктар ААТ «Вішнявецкі-агра» Іван КРАЎЧУК.

Аграгарадок сустрэў мяне цішынёю і асенняй слотай. За ваколіцай пад ніцымі вербамі адзінокі рыбак закідваў вуды ў невялікае вадасховішча. Каля пуглівага чароту драмала на вадзе чародка бела-шэрых гусей. Ад вадаёма мурожнай сцяжынай, пратаптанай уздоўж заасфальтаванай вуліцы, уз­няўся на пагорак, забудаваны ладна пафарбаванымі дамамі з белакаменным праваслаўным храмам у цэнтры. Адсюль у розныя бакі промнямі разыходзяцца некалькі вуліц.

Праз кованыя веснічкі ўвайшоў на невялікі дворык, выкладзены пліткамі. На дошцы, прымацаванай на мураванай сцяне, пазначана, што праваслаўная царква Нараджэння Іаана Прадцечы — культурна-гістарычны помнік архітэктуры Беларусі. Немаладая жанчына змятала апалае з дрэў лісце. Ад яе пачуў, што калісьці ў царкве знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Боскай. Да святыні не спыняўся паток паломнікаў. Лёс унікальнага абраза невядомы.

Намеснік дырэктара ААТ «Вішнявецкі-агра» Іосіф МЕЛЯШКЕВІЧ і старшыня сельвыканкама Таццяна БЕЛАНОВІЧ.

Насупраць храма ў невялікім скверы ўсталяваны помнік землякам, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Старшыня сельвыканкама Таццяна Белановіч канстатавала, што ў аграгарадку не засталося жывых сведкаў той жудаснай вайны. У скверы ўвекавечаны былы старшыня сельвыканкама Афанасій Мазураў. Ён загінуў у 1949 годзе ад рук ворагаў савецкай улады. Шэфствуюць над абеліскамі вучні сярэдняй школы.

Да 1973 года ў Вішняўцы была васьмігодка. Гонар яе — выпускнік Раман Карсека, які стаў вучоным, кіраваў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам. Не забываў сцяжынку да роднай альма-матэр. Двухпавярховы тыпавы будынак сярэдняй школы акружаны высокімі дрэвамі, пасаджанымі былымі выхаванцамі. Рознакаляровым дываном кветак усцелены двор. Пяты год узначальвае педагагічны калектыў выпускніца філфака Брэсцкага дзяржпедуніверсітэта Ірына Клачко. 

Дырэктар сярэдняй школы Ірына КЛАЧКО з вучнямі.

Узгадваючы пра былых выхаванцаў, Ірына Яўгеньеўна дастала з кніжнай шафы два зборнікі вершаў выпускніка Івана Івашкі. Большасць яго паэтычных твораў прысвечаны роднаму краю, сваім землякам. У адным з вершаў ён Вішнявец назваў «жэмчугам векавых цудоўных з’яў».

Тры дзясяткі школьнікаў з дзевяці навакольных вёсак штораніцы спецыяльным аўтобусам прыязджаюць на заняткі. У школе сотня вучняў. Амаль усе педагогі — мясцовыя. Кабінеты аснашчаны ўсім неабходным. Дзевяцікласнікі па спецыяльнай праграме на павышаным узроўні вывучаюць родную мову і гісторыю Беларусі. Вучні дзясятага класа асвойваюць прафесію аператара электронна-вылічальных машын. А як цудоўна дзяўчынкі-дзевяцікласніцы кухараць! На ўроку дамаводства Настасся Стула, Паўліна Грышан і Святлана Стома разам з настаўніцай Таццянай Сасноўскай вучыліся гатаваць ежу. Дырэктар Ірына Клачко лічыць правільным, што ў старэйшых класах адноўлена прафесійная падрыхтоўка. На летніх канікулах школьнікі працуюць на палях, у садзе і на збожжаўборцы ААТ «Вішнявецкі-агра». Ёсць у аграгарадку і дзіцячы садзік.

Вучаніцы 9-га класа Настасся СТУЛА, Паўліна ГРЫШАН, Святлана СТОМА і настаўніца Таццяна САСНОЎСКАЯ на ўроку дамаводства.

На тэрыторыі сельсавета дзве гаспадаркі: «Жацерава» і «Вішнявецкі-агра». Большасць жыхароў працуюць у гэтых калектывах. Некаторыя заняты на прамысловых прадпрыемствах райцэнтра, да якога паўтара дзясятка кіламетраў. 

Садоўніцтвам заняўся вы­пускнік аграфака Беларускай дзяржсельгасакадэміі Анатоль Чыкун. ААТ «Вішнявецкі-агра» выдзеліла яму для закладкі саду 35 гектараў ля вёскі Ахрэмавічы. Анатоль Анатольевіч у сваім гадавальніку вырасціў саджанцы яблынь і груш. Дапамагае яму бацька Анатоль Вячаслававіч. На сваім трактары ён апрацаваў атрыманую зямлю.

Садавод Мікалай МАМОНЬКА.

Больш як 60 гектараў займае сад у ААТ «Вішнявецкі-агра». Зараз у ім завяршаецца ўборка ўраджаю. З намеснікам дырэктара Іосіфам Меляшкевічам пад’ехалі да сховішча, куды падвозіцца сабраная садавіна. Увішна ўпраўляла электракарам загадчыца склада Валянціна Кірэйчык. Яна тут як у той прымаўцы «і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц». Днямі звольнілася брыгадзір гэтага вытворчага ўчастка. Новы кіраўнік яшчэ не прызначаны. Валянціна Іванаўна пакуль адна арганізуе збор яблыкаў, загрузку кантэйнераў, адпускае садавіну пакупнікам. Экалагічна чыстыя вішнявецкія яблыкі запатрабаваныя ў спажыўцоў. Ад намесніка дырэктара гаспадаркі даведаўся, што з-за недахопу фінансавых сродкаў дрэвы толькі раз апрацоўвалі прэпаратамі ад шкоднікаў і хвароб. Некаторыя яблыні ўсыпаны пладамі. Прадпрымальнікі наймаюць зборшчыкаў садавіны, і з саду кантэйнеры з яблыкамі адразу адпраўляюцца на рынак.

Эканаміст ААТ «Вішнявецкі-агра» Вольга ВОЙНІЧ.


Галоўны эканаміст Леанід Кульша адзначыў, што асноўныя фінансавыя паступ­ленні дае рэалізацыя малака і ялавічыны. На чатырох фермах — 4355 галоў буйной рагатай жывёлы. Летась ад кожнай з 1600 дойных кароў у сярэднім атрымана па 6400 кілаграмаў малака. Больш высокія надоі на малочна-таварнай ферме Мархачоўшчына, дзе амаль паўтысячны дойны статак. Загадвае фермай Алена Войніч. За кожнай даяркай замацавана па паўсотні кароў. Калі мы завіталі на ферму, статак толькі вярнуўся з пашы на дзённую дойку. Каля сваёй групы кароў увіхалася невысокага росту жывёлавод. На Стаўбцоўшчыну Наталля Грыгарук з сям’ёю прыехала з Чачэрскага раёна. Асвоілася ў калектыве. Разам з ёю на ферме працуе мясцовая Іна Залатар. У вёсцы яна засталася пасля заканчэння Вішнявецкай сярэдняй школы.

Механізатар ААТ «Вішнявецкі-агра» Віталь ШОДА.

Паспяхова завяршаюць сельскагаспадарчы год хлебаробы. У засеках амаль 7000 тон збожжа. Звыш паўтары тысячы тон зерня намалаціў на камбайне «Палессе ЖС-12» Віталь Шода, з якім сустрэліся на мехдвары. Сямнаццаць гадоў таму ён прыехаў у Вішнявец з Брэстчыны. Пасведчанне трактарыста-машыніста атрымаў вучнем Люсінскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна. У Вішняўцы займеў сям’ю. Ад гаспадаркі атрымаў жыллё. Жонка Наталля Яўгенаўна даглядае цялят на ферме. Сын Максім вучыцца на вадзіцеля і настроены працаваць у гаспадарцы. У жніво юнак бываў на хлебным полі, дзе бацька з маладым памочнікам — студэнтам Белдзяржсельгасакадэміі Аляксандрам Міхальковым — з раніцы да першых зор убіралі хлеб. 

Рабочы ААТ «Вішнявецкі-агра» Дзяніс ДЗЯГЕЛЬ нарыхтоўвае дровы.

Звыш тысячы тон намалочанага зерня і на рахунку камбайнераў Максіма Паплаўскага, Дзмітрыя Барысевіча і Уладзіміра Кандрахова. Вадзіцель Аляксандр Дзікавіцкі перавёз больш як дзве тысячы тон зерня. Перадавікі прадстаўлялі гаспадарку на раённых дажынках, што праводзіліся ў аграгарадку Дзераўная. Партрэты перадавікоў упрыгожваюць Дошку гонару гаспадаркі, якую паўгода таму ўзначаліў былы старшыня сельвыканкама Іван Краўчук. Трыццаць гадоў таму ён з бацькамі пераехаў у Вішнявец з пацярпелага ад чарнобыльскага выбуху Хойніцкага раёна. Дзесяць сямей з забруджаных радыяцыяй вёсак Чачэрскага раёна прыняў Вішнявец. Другой радзімай стаў гэты куток і для намесніка дырэктара ААТ «Вішнявецкі-агра» Ганны Трафіменка. 

Жывёлаводы ААТ «Вішнявецкі-агра» Іна ЗАЛАТАР і Наталля ГРЫГАРУК.

Колькасць жыхароў у аграгарадку пастаянна павялічваецца. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі вярнулася ў гаспадарку і працуе эканамістам Вольга Войніч. Папаўняецца моладдзю атрад механізатараў, жывёлаводаў. Населеныя пункты, а іх у сельсавеце паўтара дзясятка, прырастаюць новымі сядзібамі. Мясціны тут прывабныя. Вясковыя падворкі для лецішчаў набываюць гараджане. Некаторыя з горада назаўсёды перабраліся ў гэты цудоўны куточак, адкуль да срэбраводнага Нёмана падаць рукою. 

Вясною ў Вішняўцы плануюць закласці парк. Прыгажэць і развівацца «перліне на старым гасцінцы»!

Стаўбцоўскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter