Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. У Вішневе “першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла” і навечна спачыла вядомая паэтка Канстанцыя Буйло

Вішнева: паміж аграгарадком і вёскай будучага

Багата на культурна- гістарычную спадчыну і на славутыя імёны валожынскае Вішнева. На параднай сцяне мураванага касцёла захаваліся выкладзеныя з цэглы лічбы 1424. Вучоныя лічаць, што гэта год заснавання храма, які першапачаткова быў драўляным. Праз два вякі на яго месцы паўстаў мураваны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, які стаў архітэктурным помнікам Беларусі. 


Упершыню пісьмова паселішча ўзгадваецца на пачатку ХVІ стагоддзя як уладанне заможных князёў Гальшанскіх. Пазней яно перайшло да роду Пацаў. У 1583 годзе маёнтак і навакольныя хутары набыў магнат Адам Храптовіч. Нашчадкі яго тут гаспадарылі на працягу трох стагоддзяў. 

Унікальныя архітэктурныя збудаванні Вішнева — муры вытворчай зоны, заснаванай больш як два вякі таму Храптовічамі. Тут дзейнічалі першая на беларускай зямлі доменная печ па выплаўцы чугуна. Працавалі ганчарная, запалкавая і цяслярная вытворчасці, бровар, шавецкія, гарбарныя і швейныя майстэрні, масласырзавод, кузня, запалкавая фабрыка, некалькі вадзяных млыноў, паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Адкрылася народнае вучылішча. Штотыднёва ладзіліся вялікія кірмашы. 

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя побач з касцёлам збудавалі мураваную царкву Святых Космы і Даміяна, якая таксама стала помнікам архітэктуры. 

Вішнева — радзіма прэзідэнта Ізраіля лаўрэата Нобелеўскай прэміі міра Шымона Пэрэса. Захаваліся падмуркі радавога маёнтка вядомага мастака Фердынанда Рушчыца. На вішнеўскім цвінтары спачывае вядомая беларуская паэтка Канстанцыя Буйло. Даследчыкі лічаць, што тут пахаваны беларускі гуманіст і асветнік Сярэднявечча Сымон Будны.

У 2010 годзе Вішнева атрымала статус аграгарадка Валожынскага раёна.

Сцішана ў зімовым Вішневе, куды мяне прывяла чарговая вандроўка. Шэрае снежаньскае неба навісла па-над крыжамі векавых праваслаўнага і каталіцкага храмаў. З комінаў большасці драўляных дамоў, хаатычна параскіданых на крутых пагорках, цягнуцца ўверх слупы дыму. Праз аголеныя шапкі дрэў праглядаюцца збудаваныя з камянёў муры — сведкі многіх падзей. Па асфальтавай дарозе, што перасякае аграгарадок, праносяцца аўтамабілі, на імгненне парушаючы зімовую цішыню. 

Старшыня сельвыканкама Марына ТРАЦЦЯК і кіраўнік справамі Леаніда МАЛЕЙКОВІЧ. 

Чатыры дарогі зыходзяцца ля міні-рынку, адкуль я пачаў сваю вандроўку пасля прыезду ў аграгарадок. На прыцярушаны снегам драўляны прылавак мажная кабета выкладала з легкавіка абутак, швейныя вырабы, гаспадарчыя дробязі, чакаючы пакупнікоў. Ад гандляркі даведаўся, што па серадах прыязджае сюды з Валожына. Кінуўшы погляд на пустэчу за невысокай агароджай рынка, яна дадала, што гэта старадаўняя базарная плошча. 

Па вуліцы, што ўздымаецца на пагорак і знікае за ім, накіраваўся ў сельвыканкам. Размешчаны ён у двухпавярховым адміністрацыйным будынку пад адным дахам з аддзяленнем банка. 

Матушка Алена і айцец Аляксандр ЧУРЫЛА з сынамі Сямёнам і Ціханам. 

Трэці год узбуйнены сельсавет, на тэрыторыі якога цяпер паўсотні вёсак, узначальвае Марына Траццяк. На службовым легкавіку яна разам са спецыялістамі сельвыканкама пастаянна наведваюцца да вяскоўцаў, цікавяцца іх клопатамі. Да самых аддаленых вёсак Якімоўшчына і Масцішча, што на мяжы з Ашмянскім раёнам, звыш 20 кіламетраў. Асаблівая ўвага састарэлым жыхарам. За адзінокімі замацаваны сацыяльныя работнікі. 

Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Алена КАРАВАЙСКАЯ і тэхработнік Алена ГЕРАСІМОВІЧ. 

Пра Марыну Лужынскую, якая амаль тры дзесяцігоддзі працуе ў сацыяльнай службе, упершыню пачуў словы ўдзячнасці ад Алены Іоды. Яе 88-гадовы бацька Аляксандр Захаравіч застаўся адзін у сваім доме ў вёсцы Янішкі. Дачка задаволена, што ў яго доме заўжды парадак дзякуючы сацработніку. Да выхаду на пенсію Аляксандр Захаравіч працаваў качагарам на дрэваапрацоўчым камбінаце. Два дзесяцігоддзі таму аўдавеў. На дапамогу яму прыйшла Марына Лужынская. 

У гэтай вёсцы і падворак былой калгаснай паляводкі Ванды Лянкевіч. Так склаўся лёс, што не займела яна сям’і. Роднай стала для 90-гадовай жанчыны Марына Станіславаўна.
Педагог Яніна ЖВІРКО.

Кароўку і коніка мела сям’я настаўніцы Яніны Жвірко, з якою сустрэліся. Некалькі дзён таму Яніне Аляксандраўне споўнілася 80 гадоў. Віншавалі прадстаўнікі сельвыканкама, калегі, былыя выхаванцы і родныя. На Валожыншчыне яна нарадзілася, выйшла замуж і да пенсіі вучыла школьнікаў. З мужам Віктарам Віктаравічам выхавалі траіх дзяцей. З малых гадоў прызвычайвалі іх да працы. Дачка і сын жывуць у сталіцы. Старэйшы Анатоль закончыў Полацкі лясны тэхнікум і вярнуўся ў Вішнева. Працуе ў гаспадарцы. Жонка яго Алена Генадзьеўна загадвае сельскай бібліятэкай. Сын Сяргей завяршае вучобу ў Беларускім дзяржмедуніверсітэце. 

Кожнага свайго вучня памятае Яніна Аляксандраўна. Узгадала, як захапіліся гісторыяй яе выхаванцы Павел Шаўлюк і Уладзімір Малашэнкаў. Хлапчукі сядзелі за адной партай. Павел стаў навукоўцам у Маскве. Уладзімір выкладае на геафаку Белдзяржуніверсітэта. 35 гадоў таму яны закончылі школу. Сёлета збіраліся на чарговую сустрэчу. 

Класным кіраўніком была Яніна Аляксандраўна ў Яўгена Маркоўскага, які зараз выконвае абавязкі дырэктара ААТ “Агра-Вішнеўскі”. 

На тэрыторыі сельсавета 4 сельгаспрадпрыемствы. Яны спецыялізуюцца на вытворчасці малака, ялавічыны і збожжа. Галоўны бухгалтар ААТ “Агра-Вішнеўскі” Святлана Маленковіч, з якою сустрэліся ў цесным пакойчыку бухгалтэрыі, заклапочана, што гаспадарка перажывае не лепшыя часы. Недабралі запланаваны ўраджай збожжавых.  Рэнтабельнасць вытворчасці малака каля 20 працэнтаў. 

Маладыя спецыялісты ААТ “Агра-Вішнеўскі” Настасся ДЗЯНІС і Алена ГЛАЗОВА. 

Вішнева здаўна славілася малочнымі і мяснымі прысмакамі. Паўтара стагоддзі таму памешчык Храптовіч заснаваў тут масласырзавод. Сыравіну для перапрацоўкі пастаўлялі жывёлагадоўчыя фермы гаспадара. Як сведчаць архіўныя дакументы, магнат меў больш як 3000 галоў буйной рагатай жывёлы, некалькі атар авечак. У Англію і Германію пастаўляліся мясныя вырабы, сыры, масла, воўна. Гаспадарчая і прадпрымальніцкая дзейнасць Храптовічаў садзейнічала росквіту правінцыяльнага мястэчка. Каля вёскі Альшанка захаваўся двухпавярховы мур, абкладзены шэрым гранітам. Сюды, у паляўнічую сядзібу, Храптовічы запрашалі замежных гасцей. У савецкія часы працаваў піянерскі лагер. Сёння гэты гістарычны будынак, як і некалькі іншых, чакае адраджэння. 

Кіраўнік музея гісторыі касцёла і жыццядзейнасці ксяндза Уладзіслава Чарняўскага Тэрэса БІТЭЛЬ.

Вытворчыя карпусы памешчыка Храптовіча, якія некалькі вякоў стаяць на высокім беразе Альшанкі, пераабсталяваны ў рамонтныя майстэрні ААТ “Агра-Вішнеўскі”. На супрацьлеглым баку рачулкі ўзведзены мемарыял ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Шматкватэрныя дамы ўпрыгожылі цэнтр аграгарадка. У катэджы атрымалі жыллё маладыя спецыялісты Настасся Дзяніс і Алена Глазова. Дзяўчаты пасля заканчэння аграрнага каледжа працуюць у бухгалтэрыі. Галоўныя спецыялісты, жывёлаводы, механізатары сельгаспрадпрыемстваў, педагогі школ, што на тэрыторыі сельсавета, у асноўным мясцовыя.

Двухпавярховы будынак Вішнеўскага дзіцячага садзіка — сярэдняй школы, куды завіталі з Марынай Траццяк, акружаюць разгалістыя дрэвы. Марына Іосіфаўна раней тут настаўнічала. 

Школьны двор абвівае рэчка Альшанка. Лёгка дыхаецца тут настоеным на хвоях чыстым паветрам. З 1963-га па 1990 год у Вішневе жыў і працаваў беларускі паэт, перакладчык, навуковец Пётр Бітэль. У гэтай школе вучыўся і вядомы паэт Хведар Чэрня. 

Дырэктар дзіцячага сада — сярэдняй школы Ала КЛІМКОВА з вучнямі 11-га класа. 

У прасторным светлым вестыбюлі старшакласнікі з дырэктарам Алай Клімковай развешвалі навагоднія ўпрыгожванні. Калядныя святы дзвюх хрысціянскіх канфесій, якія тут моцна перапляліся, адзначаюць у Вішневе. Маці старшыні сельвыканкама Марыны Траццяк з каталіцкай сям’і. Перад замужжам прыняла веру жаніха і стала праваслаўнай. У царкве Святых Космы і Даміяна правіць айцец Аляксандр Чурыла. Перад уваходам у храм усталяваны звон. Побач з касцёлам Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі цурчыць крынічка. У дні фэста, які звычайна ладзіцца напрыканцы вясны, ля святыні збіраюцца паломнікі. 

У суседнім аграгарадку Багданаў традыцыйна праводзіцца пленэр памяці таленавітага мастака Фердынанда Рушыца, які нарадзіўся і вырас у гэтых мясцінах. Спадчынны куточак не забывае ўнук творцы, які жыве ў Варшаве. Ён адкрыў фонд слыннага дзеда. 

Будаўнікі Ігар ВАРАНОВІЧ і Пётр ЮША.  

Старшыня Валожынскага райсавета Пётр Бібік заклапочаны аднаўленнем радавой сядзібы мастака ў фальварку каля Вішнева. Аграгарадок разам з Івянцом і Ракавам уключаны ў Дзяржаўную праграму “Вёска будучага”. Прадугледжана газіфікацыя. Фінансавую падтрымку ў распрацоўцы тэхнічнага праекта па газіфікацыі забяспечвае ААТ “Белтрубаправодбуд”. Добраўпарадкаванне пашырыць перспектыву турыстычных маршрутаў. 

На вішнеўскім цвінтары пакоіцца і прах гуманіста Сымона Буднага. Пад высокімі хвоямі навечна спачывае паэтка Канстанцыя Буйло, якая тут “першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла”. Захавалася сядзіба былога прэзідэнта Ізраіля лаўрэата Нобелеўскай прэміі Шымона Пэрэса. 

У Доме культуры два гады таму адкрыўся музей гісторыі касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і жыццядзейнасці ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, які пахаваны на касцёльных кладах. Загадвае музеем настаўніца Тэрэса Бітэль. Побач з музеем — галерэя твораў выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, якою кіруе Алена Каравайская.

Ні адно свята ў аграгарадку не праходзіць без удзелу ансамбля народнай песні “Суседзі”. 

Удзельнікі ансамбля народнай песні  «Суседзі» з Вішнева Людміла КАРАВАЙСКАЯ, Дзмітрый ГУРБАН і Таццяна КАЛАНЦЭР. 

Багатае на культурную спадчыну Вішнева. Як трапна сказаў паэтычным радком Мар’ян Дукса, тут “сівыя муры ў твары людзей углядаюцца”.

Валожынскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter