Як інжынер горнага будаўніцтва перакваліфікавалася ў кандытэры

Вiшанька на торце

Ганна Грачова у сваім жыцці прытрымліваецца даволі простага, але дзейснага крэда: чалавек — сапраўдны брыльянт, таму ён павінен быць шматгранным. А шматграннасці ў дзяўчыны — хоць адбаўляй. Яна атрымала спецыяльнасць інжынера горнага будаўніцтва і адпрацавала два гады праекціроўшчыкам метрапалітэна. Потым крыху змяніла сферу дзейнасці і ўладкавалася эканамістам у фірму па шыцці і продажы адзення. Працуючы там да гэтага часу, Ганна паспявае займацца танцамі і фатаграфаваннем, падарожнічае. Аднак найбольш значнае захапленне ў жыцці, якое з часам перарасло ў майстэрства, — стварэнне крэатыўных тортаў.

Дай бісквіту адстаяцца
Ганна Грачова: «Чаму я захапілася кандытарствам? Цяжка сказаць. І маці, і бабуля любяць гатаваць, аднак ніхто з іх не займаецца менавіта выпечкай».

Знаёмства з салодкім хобі пачынаем ва ўтульнай кухні гаспадыні. Менавіта ў гэтым светла-салатавым пакоі адбываюцца творчыя пошукі неардынарных начынак і імкненне да найбольш ідэальных бісквітаў.

— Чаму я захапілася кандытарствам? Цяжка сказаць. І маці, і бабуля любяць гатаваць, аднак ніхто з іх не займаецца менавіта выпечкай. Максімум — бліны ці шарлотка, — Ганна імкнецца прыгадаць момант, з якога ўсё пачалося, і адначасова размяркоўвае крэм па ўсёй паверхні ласунку. — Насамрэч, тры гаспадыні на кухні — гэта перабор, таму я ў асноўным была на так званых падсобных работах.

Дзесьці ў 14 гадоў дзяўчына «падсела» на тэлеперадачу Cake Boss з поварам Бадзі Валастра. Майстар падрабязна паказваў, як ён робіць розныя торты ва ўласнай кандытарскай. Ганна суткамі магла глядзець на гэта, як зачараваная. Тады яна і вырашыла: хачу сваю кандытарскую.

Сардэчная шарлотка

Першы крок насустрач цяпер горача любімаму хобі Ганна Грачова зрабіла толькі ў 20 гадоў. Яна спякла шакаладныя і ванільныя кексы з разынкамі і шарлотку ў выглядзе сэрца. Спробы прыгатаваць што-небудзь новенькае ўзнікалі ўсё часцей і часцей…

Калі Ганна пачала зарабляць грошы, сам сабою на кухні пачаў з’яўляцца спецыфічны інвентар. Дзяўчына з яскравымі агеньчыкамі ў вачах паказвае мне набор насадак для розных відаў крэму. На падыходзе яшчэ нейкія лапатачкі за 30 і 55 рублёў. І гэта на сёння толькі малая частка інвентару, які кулінарка назапасіла за апошнія гады. У каморцы на балконе — яшчэ два вялікія кантэйнеры.  

— Канешне, калі з’явіліся неабходныя прылады, пашырылася і поле дзейнасці. З’явілася магчымасць не толькі бліны пячы, але і што-небудзь выключнае, — тлумачыць гаспадыня. — Маці і бабуля заўважылі: калі я гатую, перастаю бачыць усё навокал, цалкам пагружаюся ў працэс.

Родныя падарылі дзяўчыне на мінулы дзень нараджэння трохмесячныя курсы кандытара. На экзамен Ганна ехала амаль са слязамі на вачах: думала, што ў яе самы горшы торт. Аднак выкладчыкі супакоілі: «Дзяўчына, калі вы такі торт зрабілі на трэці разрад, дык што ж тады вырабіце на шосты!» Пасля курсаў яе як лепшую вучаніцу накіравалі на практыку ў адну са сталічных кандытарскіх.

Запаветная мара

Пакуль я імкнуся стварыць хоць адзіную літару з масцікі для надпісу, Ганна пачынае намячаць, дзе ж усё-такі лепш будзе размясціць словы. Дарэчы, яна зусім не прызнае масціку. Чаму? Таму што атрымліваецца эфектна, аднак ой як не здорава:

— У ёй вельмі шмат хіміі, а праз дзень яна становіцца «дубовай». Я яе амаль не выкарыстоўваю, каб за працу сваю не было сорамна і каб дзеці спакойна маглі спрабаваць мой далікатэс.

Лёс быццам міжволі падкідвае Ганне нечаканыя выпадкі. Аднойчы яна заказала форму для дэсертаў дадому. Аказалася, кур’ер жыве па суседстве. Разгаварыліся. Суседзі аказаліся ўладальнікамі студыі для майстар-класаў. І ўжо на наступны дзень да іх быў запрошаны… Як вы думаеце, хто? Сам Нікаля П’еро з трохдзённымі курсамі па вырабе мусавых тортаў.

Яшчэ да гэтага Ганна збіралася наведаць яго майстар-класы ў Расіі, аднак дарога і білет не з самых танных. А тут вялікі кандытар зусім побач. Падтрымалі маці з бабуляй: білет на майстар-класы стаў падарункам на будучы дзень нараджэння. У выніку — званок суседу амаль уночы, доўгачаканыя курсы ў прафесіянала і неабдымнае мноства новай інфармацыі. Яшчэ не ўсё яна паспела скарыстаць у сваіх шэдэўрах.

Сёння дзяўчына дапамагае ўласна прыгатаванымі далікатэсамі сябрам і знаёмым стварыць незвычайную атмасферу на розных святах. Ці гэта дзень нараджэння, ці вяселле, ці хрэсьбіны. Асабліва ёй падабаецца рабіць прысмакі для дзяцей.

— Муж употайкі зрабіў для мяне візіткі з надпісам: «Кандытарства — маё салодкае хобі». І ён тут правільна пацэліў. Мне вельмі прыемна, што людзі ўсміхаюцца, калі бачаць прыгатаваныя мною прысмакі, — шчыра прызнаецца гаспадыня.

Пакуль што дзіцячая мара адкрыць уласную кандытарскую так і застаецца марай. Аднак нельга адмаўляць, што мары рана ці позна могуць ператварыцца ў рэальнасць.

Нарэшце, вырабіўшы неабходныя літары з белай масцікі, выкладваем імі надпіс на блакітным фоне. Дадаём невялічкую цацку для аздаблення і музычнага суправаджэння. Некалькі ягад і кавалкаў фруктаў — апошнія рысы.

Магу дадаць толькі адзінае: быў з’едзены ласунак нашмат хутчэй, чым ён гатаваўся.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter