Больницы Брестчины возвращаются к обычному режиму работы, а в области началась вакцинация медиков от COVID-19

Вірус адступае і прайграе

Жабiнкаўская, Камянецкая i Маларыцкая цэнтральныя раённыя бальнiцы першымi ў Брэсцкай вобласцi вярнулiся да планавага рэжыму працы. Пацыентаў з выяўленым COVID-19 з гэтых раёнаў у выпадку неабходнасцi шпiталiзуюць у Брэст. Якiя ўрокi медыкам давялося вывучыць у перыяд пандэмii? З гэтым i iншымi пытаннямi карэспандэнты «Р» адправiлiся ў Маларыту.

У пастаяннай гатоўнасцi

— Найважнейшай задачай у першую хвалю захворвання лiчыў абарону медыцынскiх работнiкаў, забеспячэнне iх сродкамi iндывiдуальнай абароны, —
галоўны ўрач Маларыцкай ЦРБ Пётр Селiвонiк успамiнае, як было вясной няпроста з СIА i як аператыўна многiя землякi прыйшлi з дапамогай. — Прадпрыемствы i арганiзацыi раёна пералiчылi бальнiцы 43 тысячы рублёў. Сёння на складзе медыцынскай установы больш за 40 тысяч масак, 38 тысяч пар пальчатак, больш чым паўтоны антысептыку... Мы таксама забяспечаны тэстамi, усiм жадаючым праводзiм экспрэс-аналiзы на наяўнасць антыцел.

Другая хваля на Маларыччыне аказалася больш каварнай, чым першая. Больш было цяжкiх хворых, патрабавалася шмат кiслароду — здаралася, расходавалi штосутачна да 50 балонаў аб’ёмам 50 лiтраў кожны. Калi вясной пад пнеўманii аддалi 90 бальнiчных ложкаў з 171 у ложкавым фондзе раёна, то восенню разгарнулi ўжо 120.

— Галоўнае — мы былi гатовы да другой хвалi. Шлюзы зрабiлi больш надзейнымi. Падзялiлi патокi пацыентаў. У iнфекцыйнае, дзiцячае i тэрапеўтычнае аддзяленнi падвялi дадатковыя кiслародныя кропкi, — распавядае Пётр Селiвонiк.

Сёння з сямi апаратаў штунай вентыляцыi лёгкiх у бальнiцы заняты тры. Прычым нi ў аднаго з падключаных да ШВЛ пацыентаў COVID-19 не выяўлены.

— Эпiдэмiя затухае. На амбулаторным лячэннi з пнеўманiямi ў раёне каля трох дзясяткаў чалавек. Пры неабходнасцi пацыентаў адпраўляем на лячэнне ў Брэсцкую цэнтральную гарадскую бальнiцу — вязём сваёй машынай хуткай дапамогi.

кСучасная тэхніка і вопыт дапамагаюць загадчыцы рэнтгенаддзялення Людміле МІРАНЮК.

Каштоўнасць працы ў камандзе

Усе маларыцкiя ўрачы, якiя працавалi ў кантактных групах, ужо вярнулiся да звычайных прыёмаў.

Урач агульнай практыкi Радмiла Махамед успамiнае, што ў першую хвалю даводзiлася затрымлiвацца ў кабiнеце часам да дзесяцi вечара:

— Цяпер было лягчэй ужо таму, што мы прызвычаiлiся да масак i камбiнезонаў. Шмат чаму навучылiся. Не баялiся. Да таго ж ёсць дакладны алгарытм працы, вызначаны Мiнiстэрствам аховы здароўя.

Старшы фельчар-лабарант Ірына КОТЧАНКА кажа, што жадаючых здаць экспрэс-тэст на наяўнасць антыцел зараз нямнога.

Галоўны ўрач адзначае дактароў Аляксандра Бурду, Крысцiну Курч, Людмiлу Фядковiч, Валянцiну Ялкоўскую, памочнiкаў урача Iрыну Раманюк, Вольгу Марук:

— Было цяжка, але нiхто не сказаў, што стамiўся, што не хоча працаваць. Згуртаванасць калектыву — гэта вельмi важны ўрок. Усiм дзякуй!

Асобная падзяка — райвыканкаму, дзе хутка вырашалi ўсе аператыўныя пытаннi эпiдэмiчнага перыяду, а таксама калектыву раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii, з якiмi, кажа Пётр Селiвонiк, трымалi сiтуацыю пад кантролем у рэжыме 24/7.

Пенсіянерка Лідзія КАЛАМІЕЦ удзячна медыкам за ўвагу і прафесіяналізм.

— Дзякуючы суладнай працы, паразуменню, удалося не дапусцiць з’яўлення вялiкiх ачагоў у сельскай мясцовасцi, — дадае галоўны ўрач.

Пётр Мiхайлавiч лiчыць, што не толькi медыкi павiнны засвойваць урокi i рабiць пэўныя высновы, каб i надалей выходзiць пераможцамi з няпростых эпiдсiтуацый. Кожны з нас абавязаны зразумець: трэба быць больш уважлiвымi да свайго здароўя: выбраць здаровы лад жыцця, надзяваць маскi, пальчаткi i трымаць сацыяльную дыстанцыю.

Здымак лёгкіх гэтага пацыента паказаў: здаровы.

Новы год для Маларыцкай ЦРБ — новыя клопаты i планы. Бальнiца пачынае маштабны рамонт хiрургiчнага корпуса: на гэтыя мэты з бюджэту ўжо паступiла 1,2 мiльёна рублёў, яшчэ 1,3 мiльёна будзе выдзелена ў наступным годзе.

Надзейны бар’ер на шляху вiруса

Адным з найбольш эфектыўных спосабаў прадухiлення распаўсюджвання вiруса з’яўляецца вакцынацыя. У Брэсцкай вобласцi супраць iнфекцыi COVID-19 плануецца вакцынаваць 8,5 тысячы медыцынскiх работнiкаў. Для правядзення першага этапу вакцынацыi дастаўлена 3460 доз Расiйскай вакцыны «Гам-КАВIД-Вак» («Спадарожнiк V»). Да пачатку лютага больш за тысячу медыкаў ужо схадзiлi ў прышчэпачны пункт i зрабiлi першую прышчэпку.

На Брэстчыне поўным ходам ідзе вакцынацыя медработнікаў.

У першую чаргу вакцыну атрымлiваюць медработнiкi палiклiнiк i бальнiц, цэнтраў гiгiены i эпiдэмiялогii, хуткай медыцынскай дапамогi, лабараторый, якiя маюць найбольш высокую рызыку заражэння каронавiруснай iнфекцыяй.

— Актыўна iмунiзацыя пачалася ў Баранавiчах. У лiку першых прышчэпачныя пункты сталi працаваць у Брэсце, Пiнску i Кобрыне. Паэтапна на мiнулым тыднi ў кампанiю ўцягнулiся ўсе рэгiёны вобласцi. Цяпер па нарастаючай iдзе iмунiзацыя медыцынскiх работнiкаў. Вакцынацыю «Спадарожнiкам V» праводзiм у два этапы: спачатку ўнутрымышачна ўводзiцца першы кампанент у дозе 0,5 мл, а праз 21 дзень пасля гэтага ўводзяць другi кампанент у такой жа дозе. У тых, хто прышчапiўся, нiякiх сур’ёзных наступстваў няма, — расказала загадчык аддзела эпiдэмiялогii Брэсцкага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Марына Шыловiч.

— Медыкi актыўна прышчапляюцца ўжо тыдзень, — пацвердзiў галоўны ўрач Столiнскай цэнтральнай раённай бальнiцы Вiктар Майсюк.  I жыхары нашага самага густанаселенага ў краiне раёна чакаюць, калi можна будзе вакцынавацца, тэлефануюць, цiкавяцца ў дактароў.

На другiм этапе Брэстчына атрымае больш за 170 000 доз вакцыны «Спадарожнiк V».

Пасля медыкаў будуць вакцынаваць работнiкаў устаноў адукацыi — прышчэпку трэба будзе паставiць амаль 9 тысячам чалавек, — а таксама супрацоўнікаў устаноў з кругласутачным рэжымам знаходжання дзяцей i дарослых — iх каля 600.

Зараз палiклiнiкi вобласцi вывучаюць попыт сярод свайго насельнiцтва аб жаданнi прышчапiцца супраць iнфекцыi COVID-19 расiйскай вакцынай на бясплатнай аснове. Iнфармацыя размешчана на сайтах медустаноў. У Брэсце, напрыклад, паведамленні расклеены на дошках аб’яў ля пад’ездаў.

Чакаецца, што вакцынацыя ўсiх жадаючых у Брэсцкай вобласцi пачнецца вясной.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter