Усё ў доме Аляксандра Свірыда — ад ажурных налічнікаў да дзвярэй і лесвіц — зроблена ўласнымі рукамі гаспадара

Віртуоз драўляных карункаў

Павароты нашага лёсу прадбачыць практычна немагчыма. Часам здараецца так, што чалавек у сталым узросце раскрывае ў сабе таленты, пра якія раней і не ведаў. Да кагорты такіх людзей і адносіцца народны майстар з Ганцавічаў. 

Успомніў пра лобзік праз паўстагоддзя

Аляксандра Свірыда добра ведаюць і паважаюць не толькі на Ганцаўшчыне, але і далёка за яе межамі. У свой час ён узначальваў раён, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трох першых скліканняў. Калі пайшоў у 2008 годзе на заслужаны адпачынак, Аляксандр Уладзіміравіч, які з’яўляецца па сваёй натуры чалавекам дзейным і творчым, працягнуў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і культурным жыцці раёна. Ужо больш за дзесяць гадоў ён з’яўляецца старастам Ганцавіцкага народнага хору ветэранаў, з якім паспеў выступіць на шматлікіх канцэртных пляцоўках. А яшчэ Аляксандр Свірыд — класны разьбяр па дрэве, выставы работ якога з поспехам праходзяць у многіх гарадах Беларусі.

Гледзячы на драўляныя ажурныя падсвечнікі, вазы, часопісныя столікі і іншыя элегантныя рэчы, зробленыя ўмелымі рукамі ганцавіцкага майстра, пачынаеш мімаволі адчуваць захапленне перад яго творчымі здольнасцямі. Здаецца, што разьбой па дрэве ён займаецца ўсё сваё жыццё. А між тым аўтар гэтых унікальных работ разьбу пачаў асвойваць толькі 12 гадоў таму. Праўда, прызнаецца, упершыню лобзік у рукі ён узяў, калі яшчэ вучыўся ў дзясятым класе — у далёкім 1963 го­дзе. І адразу ж адчуў цікавасць да работы з дрэвам. Аднак гэты занятак па-сапраўднаму захапіў толькі амаль праз паўстагоддзя.

— У 2009 годзе ў Ганцавічах мы пабудавалі ўласны дом, — успамінае Аляксандр Уладзіміравіч, — і я прыкідваў, якім матэрыялам упрыгожыць столь. З жонкай Нілай Казіміраўнай спачатку прайшліся па будаўнічых крамах і паглядзелі на модныя тады пенапластавыя пліткі, якія імітуюць гіпсавую ляпніну. Нас яны зусім не ўразілі, таму вырашылі абабіць столь звычайнай драўлянай «вагонкай». Атрымалася добра. Затым задумаўся, чым упрыгожыць вокны. Успомніў, якія ў нас у вёсцы ў лю­дзей на дамах былі драўляныя налічнікі, і вырашыў зрабіць такія ж у сябе. Сеў, сам прыдумаў і вырабіў трафарэты, а затым і выразаў па іх налічнікі. З гэтага, можна сказаць, і пачалося маё захапленне разьбой.

Сталы выключна з ясеню

Аляксандр Уладзіміравіч падкрэслівае, што дрэва — гэта адзін з самых прыгожых і экалагічна чыстых матэрыялаў:

— Я працую з рознымі пародамі. Калі раблю нейкія ажурныя прадметы, то аддаю перавагу бярозавай фанеры. А калі сталы — бяру выключна ясень. Так, ясень няпростая ў апрацоўцы парода. Але якая ў яго прыгожая тэкстура! Да таго ж ён моцны і надзейны ў выкарыстанні. А што яшчэ трэба ад стала?

З захапленнем распавядае майстар і аб сваіх вазах, падсвечніках і іншых невялікіх прадметах інтэр’ера. Узяўшы іх у рукі, міжвольна пачынаеш сумнявацца: ці не сплецены яны з тонкіх нітак? Настолькі ювелірна дакладна і элегантна гэтыя рэчы выразаны і настолькі паветранымі і бязважкімі здаюцца. На пытанне, у якой тэхніцы працуеце, аўтар збянтэжана адказвае, што назвы не ведае. Усе ідэі і ўзоры нараджаюцца ў яго галаве, і ён адразу ж пераносіць іх на паперу, а потым — на дрэва. 

Адпачынак для душы

Камп’ютарам і інтэрнэтам для пошуку ідэй і вывучэння розных тэхнік разьбы па дрэве Аляксандр Свірыд не карыстаецца, як, зрэшты, і нейкай спецыяльнай літаратурай. Тлумачыць гэта тым, што дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам займаецца для душы, а не для нейкага прызнання або заробку. 

— Разьба па дрэве патрабуе карпатлівасці, уседлівасці і засяроджанасці, — адзначае майстар. — За адзін узмах лобзікам ты праразаеш толькі міліметр фанеры. І вось уявіце, колькі такіх узмахаў трэба зрабіць, каб выразаць нават маленькую вазу. Бывае, на тое, каб вырабіць адзін прадмет, у мяне ідзе некалькі месяцаў. Кагосьці такі занятак, можа, і будзе раздражняць, а мяне, наадварот, супакойвае і дапамагае адпачыць.

Мода зробіць круг

За мінулыя гады Аляксандр Свірыд, як ён жартуе, «намахаў» лобзікам больш за дзесяць ажурных столікаў і пад сотню розных ажурных рэчаў, многія з якіх падарыў сваім сябрам і знаёмым. Добра ведае яго творчасць і шырокая публіка па ўсёй Беларусі. Драўляныя вырабы Аляксандра Уладзіміравіча не раз экспанаваліся на розных выставах з работамі клуба майстроў народнай творчасці «Багач», які дзейнічае пры Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў. Таксама ў яго было ўжо больш за 20 персанальных выстаў. У тым ліку і ў такіх прэстыжных месцах, як літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Нацыянальны банк, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нясвіжскі замак і іншых. Яго работы былі адзначаны і рознымі ўзнагародамі на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве, на рэспубліканскіх выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народнай творчасці ветэранскіх калектываў, дзе Аляксандр Свірыд атрымаў званне лаўрэата. Апошняя з яго выстаў праходзіла зусім нядаўна — у мінулым ліпені на 558-м авіяцыйным рамонтным заво­дзе ў Баранавічах — і была прымеркавана да 80-годдзя прадпрыемства. 

— Скажу шчыра, вельмі прыемна, калі на выставе падыходзяць людзі і пытаюцца, як я раблю такія рэчы і дзе гэтаму можна навучыцца, — кажа Аляксандр Свірыд, — Па ўсім відаць, што цікавасць да разьбы па дрэве зноў пачынае адраджацца. І ў прынцыпе я б з задавальненнем перадаваў свае навыкі, займаючыся з дзецьмі ў нашым раённым Доме рамёстваў ці дзесьці ў школе. Думаю, што ў жыцці ім гэта зможа спатрэбіцца. Не выключаю, што мода зро­біць чарговы круг і на вокнах нашых дамоў зноў стане прэстыжна мець драўляныя налічнікі.

У ТЭМУ

Ала Занька, дырэктар Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў:

— Перад нашай установай стаіць важная задача: не толькі захаваць традыцыйныя рамёствы, але і знайсці ім месца ў сучасным свеце. Таму мы імкнёмся дапамагчы ўмельцам праявіць сябе ў творчым плане, забяспечваем іх удзел у розных тэматычных мерапрыемствах раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Дзякуючы гэтаму атрымліваецца захаваць пераемнасць самабытных творчых традыцый розных пакаленняў ганцавіцкіх майстроў. 

ДАВЕДКА «НГ»

Асноўную работу па захаванні і падтрымцы традыцыйных промыслаў на Ганцаўшчыне право­дзіць раённы Дом рамёстваў, які быў адкрыты ў 1997 годзе. Сёння тут працуе пяць аб’яднанняў, у якіх займаецца больш за шэсць дзясяткаў удзельнікаў, у тым ліку больш за 30 дзяцей. Акрамя таго, на базе Дома рамёстваў дзейнічае народны клуб майстроў народнай творчасці «Багач», які аб’ядноўвае 25 майстроў. 

За гэты час чацвёра з іх былі ўдастоены звання «Народны майстар Беларусі». Першай, хто атрымаў гэтае высокае званне, стала майстар па ткацтве Феанія Крысюк (памерла ў 2007 го­дзе). Следам за ёй народнымі майстрамі сталі ткачыхі Ніна Казак і Ульяна Віннік. А ў снежні 2018-га ганаровы спіс папоўніў ганчар Віталь Шэпелевіч.

paplauski@gmail.com


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter