Вiртуальныя баi

Пройдзе кубак Беларусі па кіберспорце «Брэсцкая крэпасць-2013»

Адкрыты кубак Беларусі па кіберспорце «Брэсцкая крэпасць-2013» пройдзе 13 красавіка.

У Брэсцкім абласным Палацы культуры Федэрацыі прафсаюзаў збяруцца аматары айчынных камп’ютарных гульняў «World of Tanks» («Свет танкаў») і «Іл-2. Штурмавік» з розных краін СНД.

— У фінале прымуць удзел чатыры каманды-фіналісты, якія перамаглі ў адборачных спаборніцтвах, — гаворыць прадстаўнік кіберспартыўнага праекта «Sng.by» і галоўны суддзя кубка Павел Волкаў. — Акрамя таго, адбудзецца шоу-матч паміж камандай Узброеных Сіл «Авангард» і зборнай камандай Брэсцкай вобласці.

Насычаная праграма падрыхтавана для гледачоў і балельшчыкаў спаборніцтваў. Акрамя таго, што ўсе, хто прыйшоў, змогуць прыняць удзел у асабістым заліку па «World of Tanks», іх чакае таксама выстава ўзбраення часцей Брэсцкага гарнізона. Свае сілу і спрыт у паказальных выступленнях прадэманструюць воіны сіл спецыяльных аперацый 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады.

Ужо каля васьмі гадоў Міністэрства абароны рэалізуе праграму папулярызацыі камп’ютарных гульняў у інтарэсах патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі. Да 2012 года штогод праводзіліся два турніры па камп’ютарных гульнях. У 2013 годзе плануецца правесці тры турніры, два з якіх — у Брэсце і адзiн — у Магілёве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter