Праект газеты “СБ — Беларусь сегодня” ўвасобіўся ў камплекце паштовак з відамі старажытнага горада

Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі

Праект газеты “СБ — Беларусь сегодня” ўвасобіўся ў камплекце паштовак з відамі старажытнага горада

Вільня — сталіца Літвы. У такім статусе гэты горад існуе з XIV стагоддзя. І адначасова ён знаходзіцца на самай мяжы з Беларуссю. Таму няма нічога дзіўнага, што ён адыграў вялікую ролю ў гісторыі Беларусі. Гэта горад, дзе выйшлі першыя беларускія кнігі, надрукаваныя тут у пачатку XVI стагоддзя Францыскам Скарынам. У пачатку ХХ стагоддзя тут выдаваліся першыя беларускія газеты, адкрываліся першыя беларускія школы, убачыла свет граматыка Браніслава Тарашкевіча, якая стала асновай граматыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Па сутнасці, Вільня з XIV стагоддзя і да пачатку ХХ стагоддзя выконвала ролю агульнай сталіцы Літвы і Беларусі.


Жыхар Вільні, беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Антон Луцкевіч у 1918 г. прыйшоў да высновы, што для літоўцаў і беларусаў горад аднолькава каштоўны: “Вiльня пры ўсялякiх варунках павiнна абслугоўваць абодва народы, для якiх гэтае места было калыскай у часах нарадзiн iх культуры”.

Каб асэнсаваць ролю горада ў нашай гісторыі, на старонках газеты “СБ — Беларусь сегодня” з 2013 года ажыццяўляецца навукова-асветны праект “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам”. А ў мінскім выдавецтве “Рыфтур” сёлета пад такой жа назвай выйшаў набор 9 паштовак з адлюстраваннем 9 будынкаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю ў старажытным горадзе вядомых дзеячаў беларускай, літоўскай, а таксама польскай культуры. Большасць з іх аб’ядноўвае паходжанне з тэрыторыі сучаснай Беларусі або чынны ўдзел у беларускім культурным жыцці ў Вільні.

Гэта першыя ў гісторыі Беларусі і Літвы паштоўкі на беларускай мове, прысвечаныя Вільні і яе славутасцям. Паштоўкі падрыхтаваны журналістам Віктарам Корбутам на падставе архіўных дакументаў, навуковай літаратуры. Дызайнер паштовак — мастак Алена Жданоўская. Праект “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі” ажыццёўлены з дапамогай пасольства Літвы ў Беларусі і асабіста пасла Эвалдаса Ігнатавічуса, дабрачыннага фонду “Вяртанне” і Паўла Бераговіча, выдавецтва “Рыфтур” і яго дырэктара Сяргея Плыткевіча, Аляксандра Гіля.

Камплект паштовак стане выдатным падарункам і дапаможнікам турыстам, аматарам даўніны для вандровак па беларускіх і беларуска-літоўска-польскіх мясцінах Вільні. Адрасная інфармацыя на паштоўках змешчана на беларускай і літоўскай мовах.

Праект “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам” ажыццяўляецца з мэтай стварэння поўнага даведніка мясцін Вільні, звязаных з жыццём і творчасцю ў гэтым горадзе ўраджэнцаў Беларусі ва ўзаемасувязі з вядомымі асобамі літоўскай, польскай, яўрэйскай культуры Вільні. За навінамі і новымі публікацыямі праекта можна сачыць на яго старонцы ў інтэрнэце: https://www.facebook.com/KorbutVilnius.

Адрасы і дзеячы культуры, установы Вільні, адлюстраваныя на паштоўках “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі”


Вуліца Dominikonų (Дамініканская), 11.


Будынак вядомы з 1600 г. як уласнасць Эўстахія Валовіча. З XVIII ст. — палац Пацеяў, з другой паловы XIX ст. да 1930-х гг. — Умястоўскіх. У 1906 — сярэдзіне 1940-х гг. на першым паверсе знаходзілася Літоўская кнігарня, што належала Марыі Пясяцкайце-Шлапялене. Тут з 1906 г. прадаваліся літоўскія і беларускія газеты, кнігі. Сюды разам завітвалі Янка Купала і Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс.


Вуліца Pylimo (Завальная), 5.

Дом пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Тут знаходзіліся рэдакцыі беларускіх газет “Наша ніва” (1911-1913, 1920), “Гоман” (1916-1917), “Krynica” (1921, 1923-1925), “Biełaruskaja krynica” (1925), часопісаў “Саха” (1912-1913), “Krywičanin” (1918), Беларуская кнігарня (1913-1926), захоўвалася калекцыя старажытнасцей Яна Луцкевіча. Тут жылі і працавалі Вацлаў Ластоўскі (1910-1920), яго жонка Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене (Лаздзіну Пя­леда), працавалі Ян Луцкевіч, Аляксандр Уласаў, Станіслаў Станкевіч Кнігар, бывалі Максім Багдановіч (1911), Змітрок Бядуля, Янка Купала, Цётка, Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) (1912, 1923), Людас Гіра, Софія Іванаўскайце-Пшыбіляўскене (Лаздзіну Пяледа), Антанас Жмуйдзінавічус.


Вуліца Švento Mikalojaus (Святога Мікалая), 4.

Касцёл Святога Мікалая. Збудаваны ў пачатку XVI ст. У 1901-1939 гг. адзіны храм у Вільні, дзе чыталі казані па-літоўску. У 1901-1906 гг. плябанам служыў Юозапас Кукта. Тут знаходзіўся таемны склад выданняў друкарні Марцінаса Кукты (Марціна Кухты). З 1921 г. штонядзелі а 10-й гадзіне адбываліся набажэнствы з казанямі па-беларуску. Да 1940 г. іх слу­жыў ксёндз Адам Станкевіч, а таксама ў 1920-я гг. Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк), Вінцэнт Гадлеўскі, Язэп Германовіч. У храме бралі шлюб Лявон Вітан-Дубейкаўскі і Юльяна Мэнке (1922), Браніслаў Тарашкевіч і Вера Снітка (1923), Антон Войцік і Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) (1926). У 1920-я — 1930-я гг. беларускім хорам пры касцёле кіравалі Антон Грыневіч, Альбін Стаповіч, Адольф Клімовіч, Ян Пазняк. 25 верасня 1989 г. ксёндз Вацлавас Алюліс адслужыў тут набажэнства па-беларуску.


Вуліца Vilniaus (Віленская), 14.

Дом пабудаваны ў канцы XVIII ст., рэканструяваны ў XIX — пачатку ХХ ст. Тут знаходзіліся рэдакцыі беларускай газеты “Наша ніва” (1913-1915), часопіса “Саха” (1913), крама беларускай жаночай бялізны “Мілавіца” (2011-2014), жыў і працаваў Янка Купала (1914-1915), працавалі Змітрок Бядуля (1914-1915), Аляксандр Уласаў (1913-1914), Вацлаў Ластоўскі (1913-1914), Язэп Драздовіч (1914).


Вуліца Aušros Vartų (Вострабрамская), 7а.

Колішні кляштар базылян і базылянак (“базылянскія муры”). Пабудаваны ў пачатку XVII ст. Дзейнічаў да 1827 г. У 1823-1824 гг. — турма, дзе былі зняволены філаматы Адам Міцкевіч, Ігнацы Дамейка. У 1845-1915 гг. — праваслаўная духоўная семінарыя. Тут знаходзіліся рэдакцыя газеты “Беларуская думка” (1919), Віленская Беларуская рада (1919), Віленская беларуская гімназія (1919-1932), беларускі філіял віленскай польскай дзяржаўнай гімназіі імя Юльюша Славацкага (1932-1937), Беларускае навуковае таварыства (1921-1939), Віленскі беларускі музей (1921-1944). Дырэктарамі музея працавалі Антон Луцкевіч (1921-1939), Мар’ян Пецюкевіч (1940-1941), Ян Шутовіч (1941-1944). У гімназіі выкладалі Алена Сакалова-Лекант (з 1919), Максім Гарэцкі (1919-1923), Адам Станкевіч (з 1919), Антон Луцкевіч (з 1920), Леаніла Чарняўская, Ян Станкевіч, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Коўш (з 1928), дырэктарамі працавалі Міхал Кахановіч (1919-1922), Браніслаў Тарашкевіч (1922), Антон Неканда-Трэпка (1922-1923), Радаслаў Астроўскі (1923-1927, 1929-1936), Сяргей Паўловіч (1927-1928), вучылася Наталля Арсеннева (1919-1921).


Вуліца Didžioji (Вялікая), 19, 19а.

Дом збудаваны ў канцы XVI або ў пачатку XVII ст. Ёсць меркаванне, што будынак тады належаў купцам беларускага паходжання Кузьму і Лукашу Мамонічам, якія адкрылі тут друкарню, дзе сярод іншага быў выдадзены на рускай (старабеларускай) мове трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага (1588). У 1990 г. на будынку ўсталявана мемарыяльная шыльда з надпісам па-літоўску і па-беларуску: “З 1522 да 1525 году тут, у горадзе Вільні, беларускі асьветнік Францішак Скарына выдаў у Вялікім Княстве Літоўскім першыя друкаваныя кнігі”.


Вуліца Barboros Radvilaitės (Барбары Радзівіл), 3.

Дом пабудаваны, магчыма, яшчэ ў XVII ст. У 1852-1862 гг. у ім жыў і памёр Людвік Кандратовіч (Уладыслаў Сыракомля). У 1934-1938 гг. тут знаходзіліся Беларускі кааператыўны банк, Беларускае кааператыўнае таварыства “Пчала”, рэдакцыя часопіса “Беларуская борць” (яго выдаўцом-рэдактарам працавала Людвіка Войцік (Зоська Верас)).


Вуліца Trakų (Троцкая), 1.


Будынак вядомы з пачатку XVI ст. У 1792-1863 гг. належаў Тышкевічам. Іх родавы герб “Ляліва” аздабляе франтон дома. Фасад адметны балконам са скульптурамі двух атлантаў работы Франчэска Андрыёлі і Юзафа Казлоўскага (каля 1860). Эўстахі Тышкевіч захоўваў тут калекцыі будучага Віленскага музея старажытнасцей (першая палова 1850-х). У другой палове ХІХ ст. у колішнім палацы знаходзіўся суд, дзе працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч (1884-1898). У будынку размяшчалася рэдакцыя беларускай газеты “Наша ніва” (1907-1908), дзе працавалі Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Якуб Колас.


Вуліца Vilniaus (Віленская), 37.

Дом пабудаваны ў канцы ХІХ ст. У 1920-я гг. тут знаходзіліся рэдакцыі беларускіх газет, часопісаў, сядзібы Таварыства беларускай школы, Беларускага студэнцкага саюза віленскага Універсітэта Стэфана Баторыя, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта. У гэтым будынку жыў і працаваў Браніслаў Тарашкевіч (1922-1926), працавалі Янка Пачопка, Людвіка Сівіцкая-Войцік (Зоська Верас) (1923-1927), Антон Войцік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Луцкевіч, жыў Язэп Драздовіч.


Адам Мальдзіс, прафесар, доктар філалагічных навук, даследчык беларуска-літоўскіх культурных сувязяў:


— У праекце “Vilnius — Вiльня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі” Віктар Корбут сабраў нашмат больш інфармацыі, чым я ведаў дагэтуль. Выклаў яе жыва і вобразна. Гэтае ўдалае і карыснае тварэнне яго розуму і рук прыдасца кожнаму, хто выпраўляецца ў падарожжа па старажытным горадзе.

Арсень Ліс, доктар філалагічных навук, даследчык беларускага культурнага жыцця ў Вільні 1920-х — 1930-х гадоў:

— Праект Віктара Корбута “Vilnius — Вiльня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі” наватарскі, крэатыўны, актуальны.  Аўтар аб’ектыўна напамінае агульныя старонкі гісторыі беларусаў і літоўцаў у іх працяглым сужыцці ў Вільні, спрыяе ўзаемапазнанню і прыязнасці між нашымі народамі.

Анатоль Варава, экскурсавод:

— Паштоўкі “Vilnius — Вiльня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі” — гэта сціслы і змястоўны аповед пра прыгожы старажытны горад. Мінуўшчына нашай Бацькаўшчыны, знітаваная з Вільняй безліччу постацяў і падзей, ажывае і паўстае з гэтых картак: ад вуліцы да вуліцы, ад дома да дома…

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter