Ксёндз Кирилл Бардонов о том, зачем огонь из Вифлеема прибывает в Беларусь перед Рождеством

Віфлеемскае святло

Напярэдадні свята Раства, якое католікі і пратэстанты адзначаюць 25 снежня, у розныя краіны дастаўляюць агонь, запалены ў Віфлееме — месцы нараджэння Хрыста. Гэта традыцыя пачалася ў 1986 годзе.


Хрысціяне вераць, што больш чым 2000 год таму Сын Божы прыняў чалавечае цела і нарадзіўся ў Віфлееме. Католікі па-беларуску называюць гэтую мясцовасць на заходні манер — Бэтлеем. У сваю чаргу, ад гэтай назвы паходзіць слова «батлейка» — беларускі народны тэатр лялек, які закранае пераважна біблейскую тэматыку.

Сучасны Віфлеем — горад у Палесціне, размешчаны прыкладна ў 8 кіламетрах на поўдзень ад Іерусаліма. Над месцам нараджэння Месіі пабудавана Базіліка Нараджэння Хрыстовага. Пад яе алтарнай часткай знаходзіцца пячора, у якой месца нараджэння Хрыста пазначана срэбнай зоркай, каля якой пастаянна гараць алейныя лампады. У 1986 годзе па ініцыятыве Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі агонь, запалены ад віфлеемскай лампады, даставілі ў Вену, каб сімвалічна падтрымаць хворых і адзінокіх людзей напярэдадні свята Раства. У наступным годзе гэтая ініцыятыва атрымала міжнародны характар — агонь сталі дастаўляць у Вену, а потым яго перавозяць у розныя краіны свету.

Віфлеемскі агонь кожны год дастаўляюць і ў розныя касцёлы Беларусі. Сімвалічнае падарожжа гэтага агню па нашай Айчыне працягваецца каля 8000 кіламетраў. Кожны вернік у сваім касцёле можа запаліць ліхтарык або зніч і занесці віфлеемскае святло дадому як сімвал Хрыста, пры Нараджэнні якога анёлы абвясцілі супакой на зямлі ўсім людзям добрай волі.

Віфлеемскі агонь з’яўляецца выражэннем волі хрысціян, каб у свеце, напоўненым нянавісцю і варожасцю, запанаваў супакой. Аб гэтым сведчыць і назва мерапрыемства — «Бэтлеемскае святло міру». Гэта просты знак, але ён прыносіць радасць многім людзям і штогод нагадвае, наколькі для ўсіх важны мір.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Фота з архіва «СБ»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter