В этом году отмечается 115-летие со дня рождения белорусского писателя Яна Скрыгана

Відук беларускай літаратуры

На лёс Яна Скрыгана выпала нямала выпрабаванняў — толькі ў ссылцы па безпадстаўным абвінавачанні ён правёў у агульнай колькасці каля 15 гадоў. Аднак пісьменнік здолеў зберагчы і пранесці праз усё жыццё душэўную далікатнасць, шчодрасць, добразычлівасць і веру ў чалавека.
nlb.by

Нарадзіўся будучы пісьменнік, паэт, крытык і стваральнік беларускага нарыса ў вёсцы Труханавічы Слуцкага павета ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме, але так і не скончыў яго. На чацвёртым курсе Янка пакінуў тэхнікум — хлопца захапіла літаратура, і ў 1924 годзе ён уладкаваўся ў слуцкую акруговую газету «Вясковы будаўнік». Тут жа выйшлі яго першыя вершы. Пасля друкаваўся ў зборніку «Слуцкія песняры», газеце «Чырвоная Полаччына», часопісах «Маладняк», «Чырвоны сейбіт», «Паляўнічы Беларусі».

Цікава, што пачынаючы паэт падпісваўся такімі незвычайнымі псеўданімамі, як Пірат, Відук, Янка Відук. Сам ён так тлумачыў іх сэнс: «Пірат» нясе ў сабе разбуральна-рэвалюцыйную ідэю перамен, знішчэння ўсяго старога, «Відук» — сімвал неадольнага жыццесцвярджэння, так на Случчыне называюць дзікі мак-самасейку».

У хуткім часе Ян Скрыган спрабуе сябе ў нарысе і становіцца першапраходцам гэтага жанру ў беларускай літаратуры. Выходзяць зборнікі яго нарысаў «Шугае сонца» (1930), «Права на энтузіязм» (1932), «Недапісаны профіль» (1932).

У 1936 годзе, калі пісьменнік працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», яго арыштоўваюць па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і на дзесяць гадоў адпраўляюць у Сібір. У 1946-м Скрыгана вызваляюць, аднак пазбаўляюць грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін. Ён працуе ва Узбекістане, Эстоніі, а ў 1949 годзе яго зноў арыштоўваюць і высылаюць у Сібір. Толькі ў 1954-м Ян Скрыган быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Мінск ён змог нарэшце актыўна заняцца літаратурнай дзейнасцю. Пісьменнік пражыў 86 гадоў і за гэты час паспеў зрабіць вельмі шмат для развіцця беларускай літаратуры і мовы.

Больш падрабязна даведацца пра жыццё і творчасць Яна Скрыгана можна ў віртуальным раздзеле праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» на сайце Нацыянальнай бібліятэкі nlb.by. Яго спецыяльна падрыхтавалі да юбілею пісьменніка. Тут змешчаны поўныя тэксты кніг аўтара, каштоўныя дакументы, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы з фондаў бібліятэкі і яе партнёраў, а таксама з хатняга архіва самога пісьменніка.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter