В районах, которые пострадали от сильного ветра, продолжаются ремонтно-восстановительные работы

Вецер з поля дзьмуў

Усяго за суткі ў краіне было адключана ад электрычнасці звыш 1000 населеных пунктаў. Прычына — моцныя парывы ветру, хуткасць якіх месцамі дасягала 30 метраў у секунду. Найбольш пацярпелай аказалася Брэсцкая вобласць, дзе на ўчарашнюю раніцу больш за 100 вёсак усё яшчэ заставалася без электрычнасці. Самыя моцныя вятры прабегліся па тэрыторыі Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага, Полацкага і некаторых іншых раёнаў. Нашы карэспандэнты пабывалі на месцы і паглядзелі, як энергетыкі ліквідуюць наступствы стыхіі.

Самыя моцныя вятры прабегліся па тэрыторыі Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага, Полацкага і некаторых іншых раёнаў. Усяго за суткі ў краіне было адключана ад электрычнасці звыш 1000 населеных пунктаў.

Жыхары вёскі Шапуры, што ўсяго за дзясятак кіламетраў ад Віцебска, яшчэ ноччу зразумелі: здарылася нейкая сур’ёзная аварыя. Рэльеф тут складаны — населены пункт стаіць на гары, абдзімаецца ўсімі вятрамі. Спачатку вяскоўцы пачулі гучны трэск дрэва, якое ламалася, потым па вуліцы сталі разлятацца феерверкі яркіх іскраў. Электрычнасць знікла.

Раніцай на месцы надзвычайнага здарэння ўжо працуе аператыўная брыгада электрыкаў, тут жа знаходзіцца намеснік галоўнага інжынера філіяла «Віцебскія электрычныя сеткі» Віталь Зянькоў. Пакуль прафесіяналы апербрыгады спецыяльнымі штангамі падымаюць абвіслыя правады, усталёўваюць пераноснае зазямленне, ацэньваюць агульную сітуацыю і рыхтуюць месца надзвычайнага здарэння да прыезду рамонтнікаў, Віталь Мікалаевіч распавядае:

— Сігналы аб адключэннях сталі паступаць учора ўвечары, амаль адразу ж, як сцямнела, — менавіта ў гэты час парывы ветру ўзмацніліся. Праўда, дзякуючы паведамленням сіноптыкаў мы былі гатовыя да «аншлагу» і мінулай ноччу на дзяжурства выйшла значна большая колькасць аварыйна-рамонтных брыгад, чым звычайна. Ужо ў чатыры раніцы рабочыя паўсюдна ліквідавалі наступствы ўраганнага ветру. Хоць фронт работ, прызнаюся, немаленькі. Мы абслугоўваем Віцебск і 5 бліжэйшых раёнаў. Напярэдадні вечарам і ноччу літаральна за некалькі гадзін у дыспетчарскую паступіла амаль 80 заявак. Зараз, да дзесяці раніцы, усё яшчэ без святла застаюцца 20 вёсак, з іх 17 — з колькасцю жыхароў менш за 50, у астатніх насельніцтва пабольш. На месцах працуе 30 аварыйных брыгад. Яны будуць працаваць без перапынкаў да таго часу, пакуль цалкам не адновяць усе пашкоджаныя ўчасткі сеткі.

Маштабна разгарнуліся працы ў вёсцы Падбярэззе. Тут пад раніцу павалілася вялізная старая бяроза: шматгадовае дрэва вырвала проста з пластом зямлі і каранямі. Упала няўдала — на бетонную апору, якая тут жа зламалася. Выведзены са строю два пралёты электрасеткі. Майстар аварыйна-аднаўленчай брыгады Уладзімір Нікіцін рапартуе:

— Праз колькі гадзін усё будзе гатова. Задзейнічалі каля дзясятка чалавек, чатыры адзінкі тэхнікі. З дапамогай свідравальна-кранавай машыны ўсталюем новую апору. З аўтавышкі перацягнем правады. Спяшаемся: па-першае, нас чакаюць іншыя аварыйныя аб’екты. А па-другое, у Падбярэззі размешчана вялікая вытворчая база. Напрыклад, буйное сховішча для гародніны і іншыя падраздзяленні, што ніяк нельга надоўга пакідаць без электрычнасці.

Пакуль мы аб’язджаем абясточаныя вёскі, у РУП «Віцебскэнерга», дзе створаны спецыяльны сітуацыйны штаб па ліквідацыі НЗ, ужо гатовая новая аператыўная інфармацыя: да 13 гадзін дня прыкладна з 260 абясточаных у рэгіёне вёсак энергазабеспячэнне наладжана ўжо ў 220. Для паскарэння аварыйна-аднаўленчых работ у найбольш пацярпелыя раёны накіраваны дадатковыя людскія рэсурсы і спецтэхніка. Увогуле, усю ноч і раніцу на Віцебшчыне працавала 133 аварыйна-рамонтныя брыгады, амаль 400 чалавек персаналу і звыш 100 адзінак тэхнікі. У бліжэйшыя гадзіны, абяцаюць энергетыкі, аварыі будуць ліквідаваны і ў іншых месцах. Толькі б вецер супакоіўся…

А вось сіноптыкі, на жаль, не раяць расслабляцца. У выхадныя неспрыяльнае надвор’е ў Віцебскай вобласці, як і ў цэлым па краіне, захаваецца. Абяцаюць дождж са снегам, паніжэнне тэмпературы, галалёд. Праўда, вецер значна прыцішыць свой запал, хоць парывы да 15—20 метраў у секунду па-ранейшаму верагодныя.

begunova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter