Председатель СПК «Колхоз «Родина» Александр Лапотентов - герой своего времени

Вецер у твар

Кожны час мае сваіх герояў. А хто ж яны? Людзі мужныя, смелыя, працавітыя, ініцыятыўныя, добрай душы і вялікага сэрца, якія ўмеюць самі загарацца і запальваць іншых смелай ідэяй, свежымі думкамі, адчуваць чужы боль, як уласны… Вось такі і Аляксандр Лапацентаў — кавалер чатырох ордэнаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна, старшыня СВК «Калгас «Радзіма», які ўжо амаль сорак гадоў узначальвае яго. Сёння гэта гаспадарка з’яўляецца маяком не толькі на Магілёўшчыне, але і ў рэспубліцы.


Каму-небудзь з боку можа здацца, што ўсё было лёгка і проста ў Аляксандра Лапацентава і шлях яго ўсыпаны ружамі. Але на самай справе калючак было нямала. На яго долю выпала шмат цяжкіх выпрабаванняў: перанёс тры складаныя аперацыі — знаходзіўся на валаску ад смерці. Але ён выстаяў, не скарыўся перад цяжкасцямі, не ўпаў на калені, а плённа працуе. Пра гэтага легендарнага чалавека я напісаў мастацкую аповесць «Іду на сустрэчу з навальніцай». Усе падзеі і факты не выдумаў, а ўзяў з жыцця самаахвярнага, таленавітага арганізатара сельскагаспадарчай вытворчасці, якога чакаюць наперадзе новыя выпрабаванні і новыя працоўныя вышыні. Ідзе ён да іх не адзін, а са сваёй камандай — дружнай, кемлівай і апантанай.

ВАСIЛЬ Васільевіч Калінкін не мог заснуць, хоць ужо даўно ў бальнічнай палаце выключылі святло і стаяла начная цішыня. На сэрцы было трывожна. Яго душу вельмі кранула ўчарашняя сустрэча з жонкай — любай русавалосай Алёнай, з якой амаль сорак гадоў пражылі душа ў душу. У апошні час яна крыху ссутулілася, а вочы памутнелі ад слёз. I не без падставы. За тры гады Васю зрабілі дзве складаныя аперацыі. А хвароба ўсё не адступала. Каб захаваць жыццё, ён згадзіўся на трэцюю — ампутаваць левую нагу. Праўда, даў згоду не адразу. У размове з урачамі не раз чуў слова «ампутацыя», ад якога мурашкі бегалі па спіне. Нават страшна было падумаць: як ён вернецца інвалідам у Васількі? Якое цяжкае гора прынясе жонцы, дзецям і блізкім лю­дзям? А ці зможа працаваць? Чым такое жыццё — лепш смерць… Але тут жа адганяў ад сябе трывожныя думкі і цвёрдым голасам сам сабе гаварыў: «Трэба жыць! Жыць! Жыць!»

На вуліцы развіднела. Бледнае палахлівае святло цадзілася праз шыбы ў палату. Ранішнюю цішыню парушылі асцярожныя крокі медсястры Галі.

— Вы ўжо прачнуліся? — ціхім голасам спытала яна.

— А я і не спаў, — шчыра прызнаўся Калінкін.

— Дарэмна хвалюецеся. Вас будзе аперыраваць Андрэй Дзянісавіч Чабор. Гэта выдатны хірург. У яго залатыя рукі. Тысячы хворых выратаваў ад смерці. Не бядуйце... А зараз я зраблю ўкол. Павярніцеся, калі ласка.

Ён паглядзеў на гадзіннік — да аперацыі засталіся чатыры гадзіны.

...У той вераснёўскі вечар Васіль убачыў Алёну ў калгасным клубе, куды разам з сябрамі-аднакурснікамі прыйшлі на пагулянку. Як зачараваны любаваўся дзяўчынай. Яму падабалася, як Алёнка лёгка кружылася ў танцах, як з сяброўкамі спявала песні і як залівалася звонкім смехам.

Алёну ён ведаў даўно: вучыліся на адным курсе. Амаль кожны дзень сустракаліся на занятках. Яшчэ на першым курсе паклаў вока на прыгажуню. 3 кожным днём Васіль адчуваў, што нейкая нябачная, таямнічая сіла цягнула да Алёнкі і што без яе не можа далей жыць. А вось прызнацца ў каханні не хапала смеласці.

Зайгралі вальс. Васіль запрасіў дзяўчыну на танец. Тая з радасцю прыняла прапанову.

— Алёнка, я хачу, каб гэты танец ніколі не канчаўся, — ціха сказаў Васіль сваёй аднакурсніцы, якая, як і ён, прыехала дапамагаць калгасу выкапаць бульбу.

— А чаму?

— Мне так добра з табою!

— І мне таксама...

Назаўтра адвячоркам яны зноў сустрэліся ля клуба.

Было ўжо за поўнач, а развітвацца не хацелася. А калі спыніліся каля густога куста бэзу, што рос каля хаты, дзе жыла Алёна, Васіль нясмела ўзяў дзяўчыну за руку, а потым абняў за трапяткую і гнуткую талію і далікатна прамовіў:

— Алёна, выходзь за мяне замуж.

— Ты што? — здзівілася яна. — Ні з таго ні з сяго — і замуж? Яшчэ што прыдумаў. Не-е-е… Два разы правёў і — давай пажэнімся. Нават ніводнага разу не пацалаваліся. Вось дзівак… А вучоба як? Мы ж толькі на трэцім курсе… Але ты нос не вешай — я добранька падумаю.

Васіль падхапіў Алёнку на рукі і закружыўся з ёю вакол куста бэзу, абсыпаючы яе гарачымі пацалункамі...

Калгасны клуб запоўнены да адказу. Сюды прыйшлі і старыя і малыя. Усе ведалі, што будуць выбіраць новага старшыню, таму дружна сабраліся на агульны сход. Пасля выступлення другога сакратара райкама партыі Пятра Пацешкіна калгаснікі актыўна бралі слова. Яны гаварылі страсна, усхвалявана пра недахопы, што меліся ў калгасе. І ў адзін голас заявілі:

— Нам такі старшыня не патрэбны!.. Не можа арганізаваць людзей і павесці за сабою… Больш глядзіць у чарку, чым на гаспадарку.

— А каго б вы хацелі? — пацікавіўся Пётр Пятровіч. — Мо ў вас ёсць свой чалавек? Калі ласка, называйце кандыдатуру.

Усе маўчалі, як вады ў рот набраўшы.

— Ну, калі ў вас няма, то бюро райкама партыі рэкамендуе абраць старшынёю калгаса «Новае жыццё» Васіля Калінкіна, — прапанаваў Пётр Пацешкін.

— А хто ён такі? — выгукнуў нехта з зала.

На сцэну ўзняўся высокі чарнявы хлопец. У сініх штанах, у карычневай кашулі пад гальштукам, у расшпіленым шэрым пінжаку, быў больш падобны не на будучага старшыню, а на спартсмена.

— Пытанні да Калінкіна будуць? — звярнуўся да прысутных прадстаўнік райкама партыі.

— Вядома, ёсць, — выдыхнуў дзядуля, які сядзеў у першым радзе ў зале. — А скажы, сынок, колькі табе гадкоў? Ці служыў у арміі і дзе вучыўся?

— Мне дваццаць пяць. Скончыў агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Служыў у групе савецкіх войск у Германіі.

— А ці жанаты? А то будзеш бегаць па дзеўках, а пра калгас забудзешся.

— Я сваё ўжо адбегаў, — ні то жартам, ні то ўсур’ёз адказаў Калінкін. — Чатыры гады як ажаніўся. Мая жонка вельмі строгая — распусты не пацерпіць.

— Гэта добра. А хто ж яна па спецыяльнасці?

— Заатэхнік. Разам вучыліся ў акадэміі.

— Во-во! Нам такіх якраз і не хапае.

Больш пытанняў не было. Сакратар райкама маўчаў. Думаў. Нарэшце ён звярнуўся да калгаснікаў:

— Хто за тое, каб абраць старшынёй калгаса «Новае жыццё» Васіля Калінкіна, прашу галасаваць. Хто за? Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Выбіраецца аднагалосна. Давайце павіншуем маладога кіраўніка з высокай пасадай і пажадаем яму плёну ў працы.

Пасля справаздачнага сходу малады старшыня ўсю ноч не звёў вачэй. Некалькі разоў уставаў з пасцелі, з цыгарэтай у руках сноўдаўся з вугла ў вугал. Думаў, так хутчэй зморыць яго сон. Але нешта балючае, што цяжкім каменем ляжала на душы, не давала спакою. Тады Васіль нацягнуў на плечы куртку і выйшаў на вуліцу. Калючы вецер холадам дыхнуў у твар. Каб сагрэцца, таропка пакрочыў па дарозе, зацярушанай снегам.

На Васількоўскай ферме ўжо завіхаліся даяркі. Згледзеўшы Калінкіна, яны са слязамі на вачах пачалі скардзіцца:

— Добра, што прыйшоў ты, Васіль Васільевіч. Амаль суткі каровам нічога не даём. Не падвезлі корм. Запіў трактарыст.

— Чаму раней маўчалі?

— А каму гаварыць? Стары старшыня сюды вачэй не паказваў — баяўся абцяжарыцца лішнімі клопатамі.

— Трэба неяк жывёлу ратаваць. А коні на ферме ёсць?

— Ага. Нават два.

— Запрагайце іх у сані.

— А навошта?

— Саломы ці сіласу прывязём. Я вам дапамагу.

— Васільевіч, мы самі ўправімся. А ты займайся сваімі справамі. У цябе іх хоць адбаўляй. Як летам каларадскіх жукоў на бульбе…

І сапраўды, незайздросная спадчына дасталася Васілю Калінкіну. Не шанцавала гаспадарцы на кіраўнікоў. Мяняліся яны амаль кожны год. Без належных клопатаў абяднела калгасная зямля, не хапала ні сельскагаспадарчай тэхнікі, ні рабочай сілы. Многія аднавяскоўцы жылі бедна: за сваю працу атрымлівалі капейкі. Таму некаторыя з іх падаліся на заробкі ў горад.

Падоўгу заседжваўся ён вечарамі ў калгаснай канторы. «Дык з чаго ж пачаць, каб вывесці гаспадарку ў перадавыя? З чаго?» — не раз пытаўся сам у сябе Калінкін. І каб знайсці ключык да гэтага важнага пытання, раіўся з праўленцамі, спецыялістамі, перадавікамі вытворчасці, пакуль не стала зразумела: неабходна ўзняць ураджайнасць палёў і прадукцыйнасць жывёлы, даць людзям добрую зарплату, навесці ўзорную працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. Асабістым прыкладам вёў ён калгаснікаў на вырашэнне пастаўленых задач. Калі ў час сяўбы не хапала механізатараў, садзіўся за руль трактара, а ў гарачы час уборкі на грузавым аўтамабілі адвозіў хлеб на збожжаток.

Людзі паверылі старшыні. Праз тры гады ў гаспадарцы ўжо сталі збіраць з гектара ў два разы больш збожжа і бульбы, чым атрымлівалі раней. Значна ўзраслі і надоі малака.

Горш было з дысцыплінай, з арганізацыяй працы. Некаторых у тыя цяжкія дні даводзілася проста вучыць, як трэба жыць і працаваць у калгасе. Прынцыповасць, цвёрдасць праяўляў Васіль Васільевіч да несумленных, нядбайных людзей.

Сон быў неспакойны, і Васіль прачнуўся на досвітку, апрануўся і толькі наважыўся шмыгануць за дзверы, як раздаўся заклапочаны голас жонкі:

— Ты куды так рана?

— У поле, Алёна. Хачу ворыва праверыць, а то хутка сяўба.

— Табе вечна спакою няма. На вуліцы яшчэ цёмна.

— Мне ж больш за іншых трэба, — ні то жартам, ні то ўсур’ёз кінуў Васіль. — Кіраўнік за ўсё ў адказе.

Вясна выдалася ранняя. Наўсцяж дарогі, як акінуць вокам, раскінуліся палеткі другой комплекснай брыгады. Васіль не гнаў свайго «каня», па-гаспадарску аглядаў азіміну, якая густа кусцілася зялёным дываном. Раптам да яго даляцеў рокат матора — непадалёку ад лесу пракладваў свежыя барозны «Беларус». «Ну і малайчына, — пазіраючы на ладную плошчу ўзаранага поля, у думках пахваліў ён механізатара. — За ноч, відаць, не менш дзвюх норм адмахаў».

Параўняўшыся з трактарам, паставіў збоку дарогі машыну. Прайшоў па ўчастку, паглядзеў на раллю. І раптам ад крыўды ўвесь скалануўся. У пагоні за гектарамі Андрэй Вячорка нарабіў агрэхаў. У дадатак запусціў плугі ў зямлю так, што тыя аж да дзедаўскага пяску дабраліся.

— Што ты робіш? — спыніўшы трактар, строга спытаў у хлопца старшыня.

— Пад пшаніцу глебу рыхтую.

— І дзе ж тваё сумленне? Хіба можна так над зямлёй здеквацца?!

Нейкі час трактарыст нічога не мог адказаць, толькі здзіўлена лыпаў вачыма, нібы падбіраў трапныя словы ў апраўданне, а потым ледзь чутна працадзіў праз зубы:

— Я мігам перараблю. Больш такога не ўбачыце.

Васіль Калінкін пастаяў яшчэ некалькі хвілін, не спускаючы вачэй з трактара, і з палёгкай уздыхнуў.

...Летняе сонца звярнула з поўдня. Настоенае на разнатраўі паветра кружыла галаву. Дыхалася лёгка, на поўныя грудзі. Зацікаўленым позіркам акінуў Пётр Зайцаў участак буракоў, на якім рабіў апрацоўку ад пустазелля, і з пяшчотай падумаў: «Вось дык вымахалі. З кожнага гектара выйдзе не менш як 800 цэнтнераў салодкіх карэнняў». Яшчэ раз прайшоўся краем дарогі. Толькі наважыўся сесці за руль трактара, як з-за пагорка паказалася юркая «Ніва».

— Добры дзень, чарадзей поля! — цёпла павітаўся кіраўнік гаспадаркі з Зайцавым. — Хваліся, як твае справы?

— Няважныя, — адказаў Пётр. — Другі раз апрацоўваю буракі. Вільгаці многа, трава глушыць.

— Дарэмна турбуешся, — зазначыў Васіль Васільевіч. — Вунь які парадак навёў на сваім участку.

Пятра Зайцава ведаў старшыня да самай маленькай драбінкі. Працавіты, няўрымслівага характару чалавек. Прагны да ўсяго новага, перадавога. Амаль дзесяць гадоў вырошчвае ў гаспадарцы буракі. І поле яго заўсёды радуе багатым ураджаем.

Васіль Васільевіч стараецца выкраіць час са свайго рабочага дня, каб наведаць Зайцава, даць добрую параду, своечасова падтрымаць яго ініцыятыву. І так ён робіць заўсёды, калі хто бярэцца за новую справу — нялёгкую, важную.

Спякота не спадала, хоць сонца схавалася за хмару. Старшыня калгаса, вярнуўшыся з поля, паставіў УАЗ-469 ля канторы і накіраваўся ў кабінет, каб азнаёміцца з сённяшняй поштай. Толькі ўткнуўся носам у паперы, як зазвінеў званок.

— Я вас слухаю, — сказаў ён у трубку.

— Васіль Васільевіч, добры дзень! — раздаўся голас старшыні райвыканкама Арцёма Пацука. — Як ідзе жніво?

— Нармальна. Праз два-тры дні закончым убіраць раннія збожжавыя.

— Па тэмпах ты маладзец! — пахваліў кіраўнік раёна і дадаў: — А вось па ўраджайнасці падводзіш. Трэба выпраўляць памылку.

— Няпраўда! — не пагадзіўся Калінкін. — З кожнага гектара збіраем па 42 цэнтнеры збожжа. А гэта ў два разы больш, чым па раёне. Хаця сёлета да нас далучылі адстаючую гаспадарку. Думаю, што тут няма аніякай трагедыі.

— Трагедыя ёсць! — павысіў голас Арцём Адамавіч. — Па ўраджайнасці наш раён пляцецца ў хвасце ў вобласці. Значыць, выручай. Дабаў яшчэ 8 цэнтнераў.

— А як? — насцярожыўся Калінкін.

— Ты не маленькі. Сам ведаеш. І з неба не зваліўся.

— На што намякаеце? Прыпісаць? Не змагу! Сумленне не дазваляе.

— Тады пішы заяву! Будуць іншыя рабіць!..

Старшыня калгаса хацеў сказаць штосьці калючае, крыўднае, але стрымаўся, не стаў падліваць масла ў агонь. У такіх складаных сітуацыях ён дзейнічаў, як раіў вялікі філосаф Сакрат: ты людзей слухай і не слухайся. Калі кажуць нешта разумнае, то матай на вус. А калі дурное — прапускай міма вушэй.

Бралася на вечар. З-за рэчкі павеяў вятрыска. Дзённая духата пачала спадаць. Над полем, асабліва ў нізінах, расплываўся рэдзенькі туман. Закончыўшы нараду са спецыялістамі, Васіль Калінкін падаўся дахаты. Параўняўшыся з кудлатай бярозкай, павярнуў у вулачку. Ля сенцаў убачыў дачку — светлавалосую Вераніку.

— Тата, віншую цябе з узнагародай! — зашчабятала яна і птушкай кінулася на шыю.

— З якой, дачушка?

— З ордэнам Чырвонага Працоўнага Сцяга. У газеце ўказ надрукаваны. Я зараз яе прынясу. А за што табе яго далі?

Васіль Васільевіч адчуў, як сэрца ў гру­дзях моцна закалацілася. Апусціўся на лаўку, задумаўся, а потым па-філасофску мудра адказаў:

— За тое, что разам з калгаснікамі выйгралі бітву.

— Дык ты на вайне быў?

— Не, не быў. А вось у бітве за хлеб удзельнічаў.

— А-а-а, цяпер разумею.

— І цябе, Веранічка, я віншую.

— А з чым?

— Сёння сустракаўся з дырэктарам школы. Вельмі хваліла яна цябе. Твой партрэт як выдатніцы змешчаны на дошцы «Гонар нашай школы». Малайчынка!

Дачка з пяшчотай паглядзела на бацьку, прытулілася да яго і пацалавала ў шчаку.

...Якраз прайшоў цёплы ліпеньскі дожджык. Радаваліся сонцу і цяплу беланогія бярозкі, якія чародкамі абступалі хату-пяцісценку. Яна стаяла на вулачцы акуратна пафарбаваная, ашаляваная, з прасторнаю верандай.

Перад ганкам і ў агародчыку раслі кветкі. А за ім паміж алешнікам і вербалозам пятляла ціхаплынная рачулка Лабжанка.

У сенцах маці, Галіна Іванаўна, завіхалася каля газавай пліты. Убачыўшы Васіля, яе твар, пасечаны глыбокімі барознамі-маршчынамі, засвяціўся сонечнай усмешкаю, і яна ўсклікнула:

— Ой, сынок прыехаў! Якая радасць! А то я зусім змаркоцілася. Аж тыдзень не бачыла цябе. Трэба часцей бываць у роднай хаце.

— Пастараюся, мама, пастараюся. А тата дзе?

Бацька Васіль Мікітавіч выглянуў са спальні. Яны абняліся.

Вёска Малінаўка патанала ў зелені садоў. Тут нарадзіўся Вася Калінкін. Тут, у роднай хаце, яго і хрысцілі. Тут паспяхова скончыў мясцовую сярэднюю школу. Адсюль адпраўлялі на службу ў армію. А самае галоўнае, тут навучыўся шчыраваць на зямлі, паважаць чалавека-працаўніка. Менавіта тут ад бацькоў пераняў і вернасць абранай справе. Сюды прывозіў пазнаёміцца з бацькамі сваю маладую жонку.

...Па вёсцы ён ішоў больш павольна і сцішана: дзённая стома зараз давала пра сябе знаць.

— Васіль Васільевіч! — хтосьці аклікнуў яго.

Павярнуўся і ўбачыў сярэдняга росту мужчыну, год сарака. Прывіталіся. Ігар Міхайлаў, механізатар, адразу паспешна загаварыў:

— Ездзіў я сёння ў Ашчадбанк. Там абяцалі выдзеліць крэдыт толькі ў наступным годзе. А мая хата, як той грыб, у зямлю ўрасла. Самі бачылі. Можа, дапамаглі б?..

— Добра, памазгую, як лепш зрабіць…

Неяк на прадвесні заглянуў Васіль Калінкін да Міхайлава. Гаспадар якраз быў дома — рыхтаваўся «ляпіць» дах. Разгаварыліся. Вось тады і падаў старшыня думку: не зай­мацца рамонтам, а каб праўленне калгаса выдзеліла яму новую кватэру.

— Не-е-е, я не згодзен, — скрывіўся, быццам ад зубнога болю, Ігар Васільевіч. — Не магу пераехаць на новае месца. Тут жылі мой дзед, бацька, а цяпер я. Прыкіпеў душою. — Вось каб каля старой хаты ды новую паставіць…

Нямала клопатаў прынесла старшыні новая хата механізатара. На праўленні калгаса прынялі рашэнне аб выдзяленні беспрацэнтнага крэдыту. А будаўнічая брыгада гаспадаркі вывезла бярвенні з лесу і паставіла новы зруб. Нарэшце ўсім гэтым турботам настаў радасны канец: непадалёку ад старой падслепаватай хаты вырасла новая прасторная пяцісценка.

Мікола Падабед, заслужаны работнік культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter