Председатель СПК «Колхоз «Родина» Александр Лапотентов — герой своего времени

Вецер у твар

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 16 лістапада.)

У той вечар Алёна Цімафееўна позна вярнулася дадому з работы. Нячутна адчыніла дзверы сваёй кватэры, павесіла на вешалку цёплае паліто, шапку і накіравалася ў зал — там гарэла святло. На канапе з газетай у руках сядзеў Васіль. Убачыўшы жонку, ён узрадаваўся:


— Нарэшце дачакаўся. Дзе так доўга забавілася.

— У Сасноўцы. На жывёлагадоўчым комплексе.

— А якія там праблемы?

— Якасць малака пагоршылася.

— Ці ўстанавіла прычыну?

— А як жа. З раніцы да позняга вечара была там. Прааналізавала работу аператараў машыннага даення кароў. На жаль, не ўсе яны з адказнасцю адносіліся да сваіх абавязкаў. Давялося прыняць строгія меры. Думаю, цяпер якасць малака палепшыцца.

— Алёнка, нялёгкая ў цябе работа, — уздыхнуў на ўсе грудзі Васіль. — А што б я рабіў без цябе? Жывёлагадоўчая галіна не развівалася б такімі шпаркімі тэмпамі. Ты сама гарыш і сваім агнём запальваеш людзей на добрыя справы. Ой, адной гаворкаю сыты не будзеш. Садзіся за стол, ты ж галодная. Вячэру я згатаваў. Толькі зараз падагрэю.

Яна абняла мужа за шыю і зазірнула ў вочы. І падумала: «Як гэта важна, калі той, з кім ты жывеш, хто цябе моцна кахае, хто для цябе стаў самым блізкім і дарагім чалавекам, разумее з паўслова».

— Як мне пашанцавала ў жыцці, — зашаптаў ёй на вуха Васіль. — Такая прыгожая і добрая жонка.

— І мне таксама, — ціха прамовіла Алёна.

Яны змоўклі, нібы баяліся спалохаць сваё шчасце. На душы ў іх было светла і лёгка.

…З года ў год у гаспадарцы дынамічна, эфектыўна развіваецца жывёлагадоўчая галіна. І вялікая заслуга ў гэтым галоўнага заатэхніка Алёны Калінкінай, якая больш трыццаці гадоў працуе на гэтай неспакойнай пасадзе.

А турбот у яе хапае. На 11 жывёлагадоўчых і малочна-таварных фермах і комплексах утрымліваецца 7 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку больш за 2 тысячы кароў. Ад іх штодзённа рэалізуецца 40 тон малака. Ёсць тут і свінаферма, дзе па замежнай тэхналогіі гадуюцца паўтары тысячы свіней. Не за гарамі той час, калі гэтае пагалоўе павялічыцца ў тры разы.

Рост жывёлагадоўчай прадукцыі адбываецца за кошт тэхналагічнага пераўзбраення ферм, укаранення найноўшых тэхналогій, яднання навукі з практыкай. Удзельная вага жывёлагадоўчай галіны ў агульнай структуры вытворчасці прадукцыі цяпер займае 80 працэнтаў. І ва ўсіх гэтых добрых справах запявалай з’яўляецца Алёна Калінкіна, якая сама працуе, не шкадуючы сіл, і ад іншых патрабуе працаваць з поўнай аддачай, з агеньчыкам.

…Павячэралі, памылі посуд. Васіль і кажа жонцы:

— Заўтра нядзеля, чым займацца будзеш?

— А што? — пытаннем на пытанне адказала яна.

— Можа, пасля планёркі махнём у Магілёў?

— А чаго?

— Адведаем унука Сцёпку. Яму ўжо год, а я даўно яго не бачыў. Учора званіла дачка Вераніка. Прасіла, каб прыехалі.

— З вялікай радасцю прымаю тваю прапанову. А то нашы дзеці выраслі самі па сабе, так цяпер і ўнукі… Усё з-за работы часу не хапае. Рана ці позна трэба аддаваць даўгі.

У адказ ён усміхнуўся...

Васіль ачнуўся ў рэанімацыйным пакоі, калі вячэрнія прыцемкі шэрым крылом апусціліся на зямлю. Расплюшчыўшы вочы, убачыў медсястру і ледзь чутна выдыхнуў:

— Пі-іць…

— Давядзецца пацярпець. Пасля цяжкай аперацыі піць пакуль нельга.

— Хоць кры-ша-чку.

Медсястра хуценька ўзяла вільготны бінт, змачыла хвораму губы і ласкава спытала:

— Ну як? Цяпер лягчэй стала.

Васіль хіснуў галавой.

На чацвёртыя суткі Калінкіна перавялі ў агульную палату. Тут ля яго па чарзе дзяжурылі самыя блізкія людзі: жонка Алёна, дачка Вераніка і сын Сяргей. Яны сваім цяплом і клопатамі стараліся сагрэць ягонае сэрца, зменшыць боль і загаіць раны.

Сумаваць у бальніцы Васілю не давалі сябры. Аднойчы следам за медсястрой у палату зазірнуў Валерый Кісель.

— Добры дзень, Васіль Васільевіч! — павітаўся ён. — Як справы, даражэнькі?

— Горш не бывае.

— Чаму?

— Без нагі застаўся. Хіба ж гэта жыццё?

— Вядома, табе вельмі не пашанцавала. Але гэта не канец свету. Галава ёсць? Ёсць. Рукі ёсць? Ёсць. Значыць, жыць і працаваць будзеш. Вунь праслаўлены лётчык Аляксей Марэсьеў без дзвюх ног застаўся. І не раскіс, за жыццё змагаўся. Таму зноў сеў за штурвал самалёта і даваў фрыцам такога перцу, што тыя баяліся яго, як чорт крыжа. І танцаваў. Ды яшчэ як! За ім дзеўкі гужам бегалі. Не верыш? Вось я прынёс кнігу Барыса Палявога «Аповесць пра сапраўднага чалавека». Вазьмі і пачытай. Яна дапаможа табе стаць на ногі.

— Дзякуй, браток, за кнігу! — Калінкін абняў сябра і моцна прыціснуў да сябе. — Вялікі дзякуй!

— Няма за што. Папраўляйся. Бывай! А калі цябе выпішуць з бальніцы?

— Хутка. Як адрасце нага.

— Ну і гумарыст ты, Васільевіч! Я рады, што не страціў пачуццё гумару. Мацуйся і да новай сустрэчы!

Старшыня калгаса ніколі не думаў, што ў яго столькі многа сяброў.

…Праўду кажуць, што ў роднай хаце і сцены дапамагаюць. Як толькі з нагі знялі бінты, Васіль Васільевіч папрасіўся, каб яго выпісалі дадому. Урачы спрабавалі адгаварыць: маўляў, трэба пабыць пад нашым прыглядам, але ён і слухаць не хацеў. Цяпер у яго была адна мэта — вярнуцца да работы, стаць паўнацэнным чалавекам. Вый­сце было адно: трэніравацца, трэніравацца і трэніравацца, развіваць абрубак, надаць яму сілы, а потым, калі набудзе пратэз, навучыцца на ім хадзіць. Для гэтага Калінкін распрацаваў комплекс практыкаванняў. І чатыры разы ў дзень выконваў іх.

У адным з залаў Васількоўскага сельскага дома культуры выстаўлены палотны, на якіх увасоблены мясцовыя пейзажы і працаўнікі палёў і ферм СВК «Новае жыццё». Тут заўсёды бывае мнагалюдна. Сюды, у карцінную галерэю, вельмі часта прыходзяць не толькі дзеці, а і дарослыя, каб палюбавацца карцінамі, дакрануцца да светлага, цудоўнага, што пакідае глыбокі след у душы чалавека.

Неяк сустрэў старшыня кааператыва Васіль Калінкін свайго земляка, вядомага мастака Паўла Сасонку. Пагаманілі аб жыцці-быцці. А калі развітваліся, кіраўнік гаспадаркі нібы незнарок кінуў:

— Павел Антонавіч, у мяне ёсць адна цікавая ідэя. І без вас я не змагу яе ажыццявіць.

— А якая?

— Хачу адкрыць карцінную галерэю.

— Гэта здорава! — усклікнуў мастак. — Чым змагу — дапамагу. Вашы прапановы?

— Спачатку правядзём мастацкі пленэр. Прымяркуем яго да 140-годдзя з дня нара­джэння народнага мастака БССР, РСФСР Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі. Запросім таленавітых мастакоў краіны, якія сваімі палотнамі ўславяць чалавека-сучасніка, чалавека-земляроба.

Праз паўгода дзесяць мастакоў прыехалі ў невялічкую вёсачку Пожар, што паблізу ад аграгарадка Васількі. Усё тут зачаравала гасцей: дарога, што пятляе паміж хатамі, і дрэвы ў прыгожым восеньскім убранні, і яблыні, галінкі якіх ад спелых антонавак і пуцінак звісалі да самай зямлі, і гасцінныя людзі…

Амаль два тыдні, нягледзячы на частыя дажджы, мастакі натхнёна пісалі карціны. Іх творчаму настрою нават дрэннае надвор’е не стала перашкодай.

А калі мастацкі пленэр завяршыўся, у новай галерэі сельскага Дома культуры засталося два дзясяткі жывапісных палотнаў.

Сонца скацілася за зубчастую сцяну лесу: згасаў кароткі студзеньскі дзень. Сыпаў, нібы з рэшата, дробны золкі дождж упярэмешку са снегам. У гэтую непагадзь Васіль Васільевіч спяшаўся на жывёлагадоўчы комплекс, які прытуліўся на водшыбе вёскі Востраў. Ад такога надвор’я на сэрцы станавілася ніякавата. Трывожныя думкі верадзілі душу: а ці ўсё там, на комплексе, добра.

Аператары машыннага даення кароў, увішныя жанчыны, угледзеўшы старшыню, выгукнулі:

— Вунь на лёгкі ўспамін і Васільевіч з’явіўся.

— Мабыць, што здарылася? — насцярожыўся ён.

— Ды не, усё ў парадку, — адказала Вольга Касаткіна. — Вось тут мы мазгуем, як з вас, даражэнькі, бутэльку шампанскага спагнаць.

— А якая прычына? 

— Няўжо не ведаеце? Ці хітруеце… Самі чулі, як нядаўна па радыё казалі, што вас, старшыню СВК «Новае жыццё», за самаадданую працу ўзнагародзілі ордэнам Айчыны III ступені. Усе мы рады. Дай бог здароўя…

Жывёлаводы дружна акружылі кіраўніка гаспадаркі і гаварылі пра яго цёплыя і пранікнёныя словы. А назаўтра вечарам у Васількоўскім доме культуры сабраліся на сход працаўнікі палёў і жывёлагадоўчых комплексаў, каб павіншаваць Васіля з высокай узнагародай.

На гэтым сходзе гаварылі і аб справах гаспадаркі, і аб яго дбайных і працавітых людзях, якія вырошчваюць багаты ўраджай, ставяць рэкорды па надоях малака. Так, напрыклад, сельгаскааператыў за 2011 год заняў другое месца ў рэспубліканскім і першае месца ў абласным працоўным спаборніцтве сярод сельгаспрадпрыемстваў по вытворчасці і продажы дзяржаве малака.

Агульны сход сельгаскааператыва праходзіў ажыўлена: многія вяскоўцы хацелі выказацца, падаць прапанову па матэрыяльным заахвочванні людзей за адсутнасць шкодных звычак, добрыя паводзіны ў побыце, актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці і спорце… Гэта пытанне нарадзілася ва ўнісон патрабаванням часу. Бо сёння аднымі адміністратыўнымі мерамі нельга дабіцца высокіх вытворчых паказчыкаў.

— Можна мне? — першая папрасіла слова ў Васіля Калінкіна дырэктар Васількоўскай сярэдняй школы Галіна Мурашка.

— Калі ласка. Што ў вас? — спытаў старшыня.

— Я прапаную плаціць стыпендыі вучням, якія добра вучацца, а таксама іх бацькам і настаўнікам. Многія выпускнікі нашай школы паспяхова працуюць на палях і жывёлагадоўчых комплексах. А сённяшнія школьнікі — гэта заўтрашні дзень гаспадаркі.

— Ясна! Слушная прапанова. У каго яшчэ ёсць што сказаць?

— Дазвольце! — звярнулася да кіраўніка сельгаспрадпрыемства дырэктар мясцовага вакальнага ансамбля «Белыя ночы» Надзея Салавейчык.

— Гаварыце. Слухаю.

— Васількоўскія артысты вельмі часта выступаюць з канцэртамі перад вяскоўцамі, на раённых і абласных фестывалях мастацкай самадзейнасці. На рэпетыцыі і паездкі трацяць нямала часу. На жаль, іх творчая праца матэрыяльна не заахвочваецца.

Нехта з прысутных не вытрымаў, хіхікнуў:

— Плаціць за песні? Гэта занадта крута.

Але на яго ніхто не звярнуў увагі.

— Песні нам жыць і працаваць дапамагаюць, — заўважыў старшыня. — Яны прыносяць людзям радасць, натхняюць на добрыя справы. Таму падумаю, як лепш зрабіць.

— У нашай вёсцы ёсць усё: школа, бальніца, Дом культуры, пошта, — заявіла пенсіянерка Лідзія Верабей. — А вось царквы няма. Вельмі шкада. Бо храм — крыніца духоўнасці. А яе нам не хапае. Прашу пабудаваць царкву.

Зала сцішылася. Усе пазіралі на старшыню: што скажа ён?

Калінкін акінуў вачыма сходку і прамовіў:

— Калісьці мы думалі толькі аб надоях малака, ураджайнасці палёў, паляпшэнні быту і жыцця людзей. А сёння ў нас ёсць магчымасць выдзеліць грошы для ўзвядзення царквы.

Апошнія словы Васіля Васільевіча патанулі ў апладысментах.

Сонца заходзіла. На вяршыні бяроз і клёнаў, што з усіх бакоў абступілі гасцінец, апусцілася хмарка. Здавалася, вось-вось заплача восеньскі дожджык.

Вяртаючыся з палетка, дзе механізатары дасявалі апошнія гектары азімай пшаніцы, Калінкін зруляваў на палявую дарогу, якая прывяла яго да могілак. Без цяжкасцей адшукаў магілу былога старшыні калгаса імя Леніна Уладзіміра Фёдаравіча Сунічкіна, таленавітага кіраўніка, кавалера двух ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені. Некалькі мінут Васіль Васільевіч стаяў каля магілы і не варушыўся, нібы баяўся спудзіць навакольную цішыню. Сэрца моцна загрукала ў грудзях, пачасціўся пульс. 

Тое, што ўбачыў, вельмі абурыла яго. Помнік Сунічкіна нахіліўся да зямлі, у многіх месцах патрэскаўся. Агароджа струхнела… Ён уздыхнуў цяжка, адвёў позірк ад магілкі. Стала горка і брыдка за родных і блізкіх былога кіраўніка, якія сюды і вачэй не паказваюць.

— Прабач, Уладзімір Фёдаравіч, што раней да цябе не заглянуў, — дрыжачым голасам прамовіў Калінкін. — Ну нічога, выпраўлю сваю памылку. Я перад табою ў вялікім даўгу…

Ужо цямнелася — затухаў туманны асенні дзень, калі Калінкін прыехаў у кантору сельгаспрадпрыемства. Зазірнуў у кабінет прараба. Ён якраз корпаўся ў паперах.

— Сяргей Мікалаевіч! — звярнуўся да яго старшыня.

— Слухаю вас! — выпаліў той.

— На Навасёлкаўскіх могілках пахаваны былы старшыня калгаса імя Леніна Уладзімір Фёдаравіч Сунічкін. Гэта легендарны чалавек, які шмат зрабіў для гаспадаркі і лю­дзей, а сёння яго магіла зарасла травою. Неабходна замяніць агароджу, паставіць новы помнік. З чорнага мармару. Усё зрабіць так, каб нам, жывым, не было сорамна перад мёртвымі. 

...Ужо прыхапіліся прыцемкі, калі Васіль Калінкін падышоў да легкавіка і звярнуўся да вадзіцеля:

— Сцёпка, паганяй!

— Адну хвіліначку.

— Што-небудзь здарылася?

— Усё ў парадку. Прасілі мяне васількоўцы павіншаваць вас з днём нара­джэння і ўручыць вось гэты букет кветак.

— О-о-о, які шыкоўны! Дзякуй, браток, дзякуй!

Калінкін спехам сеў у машыну і паглыбіўся ў думкі-развагі.

У памяці пачаў гартаць старонкі са свайго жыцця…

Зусім нядаўна, здаецца, было, як яго, камсамольца-агранома, абралі старшынёю адстаючага калгаса «Новае жыццё». І ўжо амаль сорак гадоў на капітанскім мосціку сельгаспрадпрыемства. Ой, несалодкі хлеб кіраўніка! Дзясяткі праблем трэба вырашаць штодзённа. Таму даводзіцца ўставаць раней сонца, а адпачываць, калі на небе загараюцца зоркі. І так дзень у дзень.

У калгасе ніколі не было лёгка, асабліва ўпачатку. Нямала цяжкасцей давялося перажыць. Але з часам разам з аднавяскоўцамі наладзілі вытворчасць, падрыхтавалі, выхавалі новыя кадры спецыялістаў, умацавалі дысцыпліну і парадак. З гэтым у Калінкіна вельмі строга, але справядліва.

Год ад года раслі ўраджаі, радавалі вынікі жывёлагадоўлі. Сёння эканоміка гаспадаркі, як ніколі, стабільная. Усе галіны працуюць з прыбыткам, ёсць свае грошы на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, будаўніцтва і рэканструкцыю вытворчых і сацыяльных аб’ектаў. Сярэдняя зарплата тут — больш тысячы рублёў, а чысты прыбытак сельгаспрадпрыемства па выніках 2017 года каля 3 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць сельгасвытворчасці склала летась 23 працэнты. Гаспадарка вырабляе палову валавога прадукту ў раёне.

У «Новым жыцці» і жывуць, і працуюць адзінай сям’ёй — з двумя выхаднымі ў тыдзень, праводзяць традыцыйныя святы, на якіх моладзь, перадавікі, ветэраны атрымліваюць падарункі і ад душы весяляцца. Лепшым навучэнцам школ, іх настаўнікам і бацькам ужо шмат гадоў плацяць стыпендыі. Таму многія выпускнікі застаюцца на малой радзіме.

Петрапаўлаўская царква, амфітэатр для святочных мерапрыемстваў, музей, магазін — усё ўзведзена сваімі сіламі і ў асноўным па сваіх праектах. 

…У мінулым годзе пасадзілі сад Міру ў дзень вызвалення краіны ад фашыстаў. Працягваецца будаўніцтва Алеі Славы — сёлета створаць памятнае месца, дзе будуць увекавечаны славутыя імёны ўраджэнцаў мясцовых краёў.

…За гэты час у Калінкіных выраслі дзеці, пажаніліся, з’ехалі з дому. Ды і яны пастарэлі, сталі не тыя, што раней… Асабліва цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Васіля Васільевіча. У апошні час прычапіліся да яго хваробы, як п’яўкі да цела. Тры разы выратоўвалі хірургі ад смерці. Нават абласная камісія МРЭК устанавіла яму першую групу інваліднасці. Але ён і слухаць пра гэта не хацеў. Адмовіўся. Маўляў, спакойнае, бестурботнае жыццё страшней за смерць. І стаяў на сваім — пасля лячэння вяртаўся ў гаспадарку. Перад мужнасцю, кіпучай энергіяй і ініцыятывай адступалі хваробы. Яны не зламалі старшыню, а загартавалі. Кожны раз, калі выпісваўся з бальніцы, заўзята, з любоўю і настойлівасцю браўся за нялёгкую справу. Разам са сваёй камандай…

Шафёр лёгенька тузануў у плячо шэфа і паведаміў:

— Васіль Васільевіч, мы ўжо ў Васільках. Вас куды?

— Вядома, дадому. А я, браток, з-за думак-успамінаў не заўважыў, як хутка праляцеў час. Заўтра чакаю цябе ў 6 гадзін раніцы. Трэба пабываць на жывёлагадоўчых комплексах. Бо мароз узмацніўся. А як там працуе камп’ютарная сістэма? Яна любіць цяпло. Не дай бог прыхваціла.

— Не беражаце вы сябе, — цяжка ўздыхнуў той. — Не падвяду, прыеду. Добрай ночы вам!

Падышоўшы да веснічак, старшыня прыпыніўся. Хацелася падыхаць свежым паветрам — разагнаць дзённую стому. Ноч была светлая, ціхмяна-задумленная. Ніводнага гуку — нямая цішыня. Мякка падаў сняжок. На небе мігцелі, нібы залатыя гарошыны, зоркі.

Васіль ціхенька адчыніў дзверы дома і толькі наважыўся шмыгнуць у спальны пакой, як раздаўся ласкавы голас жонкі:

— Вася, гэта ты?

— Я-я-я… А ты чаго не спіш?

— Чакаю цябе. Хваліся, даражэнькі, ці ўдачная паездка?

— Вельмі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання вырашыў усе пытанні. А самае галоўнае — там адобрылі праект на ўзвядзенне новага комплексу на тысячу кароў. Праз два гады павінны здаць яго ў эксплуатацыю.

— Сваімі сіламі?

— Так. Гэта абыдзецца гаспадарцы ў шэсць разоў танней.

— Здорава! Ой, загаварылася! Распранайся, а я вячэру згатую. Трэба ж адзначыць твой дзень нараджэння.

Вочы яе свяціліся радасцю. Ён абняў жонку за плечы і ціха сказаў:

— Лепш давай, міленькая, заўтра. Прыедуць дзеці, унукі… А цяпер будзем адпачываць. Бо здарожыўся.

Доўгае жыццё разам навучыла іх разу­мець адно аднаго з паўслова. Абодва змоўклі, бо і гаварыць не было што — і так да драбнічкі было кожнаму вядома.

Васіль выключыў свет, павесіў на крэсла святочны пінжак, на якім ззялі дзяржаўныя ўзнагароды, ад чаго стала святлей, нібы ў дом старшыні сярод ночы заглянула сонца.

Мікола ПАДАБЕД, заслужаны работнік культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Фото sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter