Ветэраны самі прывялі ў парадак могілкі

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Сам я карэнны жыхар Скідзеля, у якім пражыў 85 гадоў. Тут, на гарадскіх могілках, знайшлі вечны спачын мае бацька, маці, два браты, малодшы і старэйшы...

…Аднойчы, непадалёк да родных пахаванняў, заўважыў іншае — запушчанае, зарослае пустазеллем, са збітым крыжыкам. На шэрым помніку добра захаваўся надпіс: «Фралоў Сяргей Парфір’евіч, нарадзіўся 25 верасня 1906 года, памёр 3 жніўня 1971 года. Памяць ад жонкі і дзяцей». Чалавек вядомы ў Скідзелі. Яшчэ б: працаваў старшынёй Скідзельскага выканаўчага камітэта, многа зрабіў для горада і для людзей. Хаця і прайшло шмат часу пасля смерці, але ж людзі памятаюць Фралова, згадваюць добрым словам...

Быў чалавек душэўны, уважлівы, клапаціўся аб дабрабыце людзей. Аб гэтым гаварылі многія, з кім давялося гутарыць. Пацікавіўся ў работнікаў цяперашняга гарвыканкама, ці ведаюць пра Фралова? «Няма архіўных дакументаў нават у абласным архіве», — мне патлумачылі. Але ж — не так: аўтар гэтых радкоў выявіў дакументы, якія аказаліся ў адным з двух абласных архіваў. Хто ж такі Сяргей Фралоў? Працяглы час, распавядалі мне дакументы, працаваў на кіруючых пасадах: у прыватнасці, дырэктарам МТС у Скідзелі. А пачынаў працоўны шлях лесарубам на Далёкім Усходзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны»... Як бачна, Сяргей Парфір’евіч — сапраўды заслужаны чалавек, і яго могілкі павінны быць дагледжаны! Гэта і зрабілі скідзельскія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Прывялі ў парадак могілкі, на помніку-абеліску ўстанавілі зорку, кветніцу ўпрыгожылі рознакаляровай галькай. На жаль, родных Фралова мы не адшукалі. Таму хочацца, каб далей усе, ад каго гэта залежыць, праяўлялі большы клопат пра месца пахавання чалавека, які пакінуў пэўны след у гісторыі Скідзеля...

Ілля БАРЫСАЎ,

г. Скідзель

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter