Весткi з Вiцебшчыны

Гледзячы на гэту прыгожую i абаяльную жанчыну, нават не верыцца...

Адна з «залатой сотнi»

Гледзячы на гэту прыгожую i абаяльную жанчыну, нават не верыцца, што яна адпрацавала ў сiстэме спажыўкааперацыi ажно тры дзесяткi гадоў. Прытым на адным, можна сказаць, месцы, хаця назвы i пасады мянялiся. Раней структура называлася райспажыўсаюзам, а цяпер гэта Пастаўскае раённае спажывецкае таварыства. Калi сёлета вылучалiся лепшыя людзi вобласцi на прысваенне ганаровага звання «Чалавек года Вiцебшчыны», ад спажыўкааперацыi да яго прадставiлi загадчыцу аддзела «Навiнка» унiвермага г. Паставы фiлiяла «Каапгандаль № 1 Пастаўскага райспажыўтаварыства» Фаiну Бароўку. Падзея настолькi значная, што патрабуе ўдакладнення. Па той простай прычыне, што з усёй Вiцебшчыны вылучалiся толькi 100 прэтэндэнтаў на такое званне, прытым з розных галiн народнай гаспадаркi.

Урачысты цырыманiял ушанавання «залатой сотнi» праходзiў у рэстаране абласнога цэнтра «Северная столица». З рук старшынi Вiцебскага аблвыканкама Аляксандра Косiнца атрымала пасведчанне на званне «Чалавек года Вiцебшчыны» i адпаведны знак i выхаванка спажыўкааперацыi Фаiна Бароўка. У гандлёвым прадпрыемстве, дзе яна працуе, устаноўлена сучаснае абсталяванне, праведзены рамонт. У вынiку наведвальнiкi аддзела маюць магчымасць падысцi да патрэбнага тавара, разгледзець яго i зрабiць правiльны выбар для пакупкi. Немалаважна, што асноўны асартымент складаецца з прадукцыi айчынных вытворцаў. А гэта значна танней, чым iмпартныя тавары. Асаблiва ўстойлiвым попытам карыстаюцца мыючыя парашкi, керамiка i фарфор, крышталёвыя i пластмасавыя вырабы. Сярэдняя месячная выручка аддзела «Навiнка» складае каля 60 мiльёнаў рублёў.

-------------------------------------------

Вось i ўвесь сакрэт…

Азёрным краем называюць Ушаччыну. Насельнiцтва тут, праўда, не надта вялiкае — крыху болей за 17 тысяч жыхароў. Таму для многiх загадка, што невялiкi аграрны раён летась заняў трэцяе месца па вынiках работы ў сiстэме Вiцебскага аблспажыўсаюза. Мясцовае спажывецкае таварыства рэалiзавала тавараў i рознай прадукцыi на 32,9 мiльярда рублёў. У разлiку на аднаго жыхара за год атрымалася па 1,9 мiльёна рублёў. Апярэдзiлi ўшацкiх кааператараў толькi iх калегi з Расон i Сянно.

Намеснiк галоўнага бухгалтара прадпрыемства «Каапнарыхтпрам» Людмiла Лiсоўская зазначыла, што толькi адных чарнiц летась ушацкiя кааператары закупiлi ажно 40 тон. Гэта ва ўсiх адносiнах «валютны» тавар.

— I сёлета чарнiчнiкi буйна цвiтуць. Калi халады не пашкодзяць, то зноў трэба чакаць багатага ўраджаю лясных ягад, — разважае мая суразмоўца. — А яшчэ ўшацкiя бары i лясы багатыя на грыбы, лекавыя травы. Кааперацыя здолела зацiкавiць насельнiцтва. Разлiк за нарыхтоўкi праводзiцца адразу, а таму людзi ахвотна здаюць не толькi дзiкарослую сыравiну, а таксама мяса, гароднiну, садавiну. Амаль на мiльярд рублёў у мiнулым годзе закуплена рознай сыравiны ў насельнiцтва. На асобным рахунку валютныя заробкi райспажыўтаварыства. За кошт экспарту той жа чарнiкi i грыбоў кааператыўная скарбонка папоўнiлася на 107 тысяч долараў.

-------------------------------------------

Там, дзе канчаецца асфальт

Не ведаюць мiжсезоння аўтамагазiны Лепельскага райспажыўтаварыства.

— А як можна пакiнуць жыхароў аддаленых вёсак без прадуктаў i тавараў першай неабходнасцi?—тлумачыць галоўны эканамiст Тамара Дуж.—Гэта ў райцэнтры, аграгарадках i буйных вёсках ёсць стацыянарныя гандлёвыя аб’екты, дзе заўсёды можна ўсё купiць — былi б толькi грошы. 

Шэсць маршрутаў аўталавак у прамым сэнсе закрываюць праблему забеспячэння жыхароў глыбiнкi самым неабходным. Найбольш вяскоўцы заказваюць i купляюць «з калёс» хлеб i кандытарскiя вырабы, каўбасы, макароны i крупы, алей i сметанковае масла, цукар, соль, гароднiну i яшчэ тое-сёе з асартыменту штодзённага попыту. Як патлумачылi ў райспажыўтаварыстве, сярэднi план на адзiн аўтамагазiн закладваецца 30 мiльёнаў рублёў на месяц. Не меней двух разоў на тыдзень выконваецца абавязковы маршрут па забеспячэннi насельнiцтва аддаленых вёсак таварамi першай неабходнасцi. Шэсць аўтамагазiнаў рэалiзуюць штомесяц у сярэднiм тавараў да 200 мiльёнаў рублёў. У летнi час (за кошт дачнiкаў i адпачываючых) тавараабарот дасягае 250—300 мiльёнаў. Толькi не ўсё грашыма вымяраецца. Куды важней, што людзi не адчуваюць сябе адрэзанымi ад вялiкага свету.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...