Весткi з рэгiёнаў

Чым жывуць рэгiёны...

«Акно» да берагоў Нявы

Большасць прадпрыемстваў спажыўкааперацыi ўжо даўно праклалi шляхi-дарогi да Масквы. Зразумела, што ў Белакаменнай для ўсiх месца знойдзецца. Але чаму б не пашукаць iншыя адрасы i рынкi гандлю папулярнымi беларускiмi таварамi? Вiцебскiя кааператары вырашылi заявiць пра сябе i ў паўночнай расiйскай сталiцы. Сёлетнiм летам разам з iншымi прадпрыемствамi Белкаапсаюза яны прынялi ўдзел у ярмарцы ў г. Гатчына Ленiнградскай вобласцi. Гонар там прадстаўляць Вiцебшчыну мелi Полацкая унiверсальная база, Шаркаўшчынскi кансервава-гароднiнасушыльны завод i тры райпо — Глыбоцкае, Талачынскае i Верхнядзвiнскае.

Прэзентацыя беларускiх кааператараў прайшла з трыумфам. Як i масквiчы, ленiнградцы проста ў захапленнi ад асартыменту, натуральнага зместу i выдатнай якасцi нашай прадукцыi, якая i па кошце задавальняе пакупнiкоў з любым кашальком. У прыватнасцi, верхнядзвiнскiя калегi атрымалi зялёнае святло за адмысловыя мясныя i кандытарскiя вырабы, за шырокi выбар агароднiны. Многiя пакупнiкi на месцы спрабавалi вараныя i вэнджаныя каўбасы, шашлыкi, пасля чаго загружалi сумкi ды пакеты беларускiм фаршам, выразкамi i свежанiнай. Запрашалi прыязджаць часцей, i ўжо не толькi з летнiмi, а i з восеньскiмi таварамi.

--------------------

Па жаданнi пакупнiка

Калi заходзiш у магазiн «Унiверсам» Бешанковiцкага раённага спажыўтаварыства, адразу забываеш, што знаходзiшся ў невялiкiм райцэнтры. Асартымент тавараў у iм не горшы за сталiчны. Ад шырокага выбару мясных i каўбасных далiкатэсаў вочы разбягаюцца. Асаблiвы попыт у насельнiцтва на фiрменную каўбасу «Сялянская» мясцовага цэха паўфабрыкатаў. Штомесяц яе разыходзiцца не меней паўтоны.

I ўжо нiкога не здзiўляе, што сярод тавараў бакалеi, напояў цi садавiны прапануюцца ў асартыменце замарожаныя мясцовыя журавiны, бруснiцы i чарнiцы. А яшчэ прыемна, што мясцовае насельнiцтва поўнасцю забяспечваецца хлебабулачнымi вырабамi хлебазавода райспажыўтаварыства. I нават па жаданнi пакупнiка першы на стале прадукт прадаецца, як кажуць, з полымя, з жару. Прычым такi сервiс круглагадовы — без мiжсезоння.

--------------------

Дары прыродныя

Шчодры гэты год на дары прыродныя. Расонскiя нарыхтоўшчыкi яшчэ ў лiпенi закупiлi на мiжсезонне ўсялякай сыравiны на 378 мiльёнаў рублёў i выканалi нарыхтоўчы тавараабарот на 109,1 працэнта. Больш за леташняе закладзена ў сховiшчы агуркоў, чарнiц, парэчак, садовых i дзiкiх сунiц. Цяпер у разгары яблычны i грыбны збор. У райспажыўтаварыстве распрацаваны ўмовы спаборнiцтва i заахвочвання лепшых па продажы дзiкарослых ягад, грыбоў i садавiны. Акрамя разлiку за здадзеную сыравiну, уладальнiкi першага месца атрымаюць прэмii ў памеры 5 базавых велiчынь, за другое — дзве з паловай i за трэцяе — паўтары базавыя велiчынi.

Усяго на Расоншчыне дары прыроды i з уласных падворкаў прымаюць 44 магазiны. I хаця планы нарыхтовак напружаныя, амаль усе прадпрыемствы кааперацыi iдуць з апярэджаннем мiнулагоднiх паказчыкаў. Трошкi засмучае, праўда, што працягвае скарачацца колькасць жыўнасцi ў асабiстых падсобных гаспадарках. Тлумачэнне таму ёсць аб’ектыўнае: скарачаецца i колькасць вясковага працаздольнага насельнiцтва. Тым не менш за восем месяцаў толькi буйной рагатай жывёлы прынята ад вяскоўцаў звыш 20 тон. Але самы забой жывёлы чакаецца з наступленнем халадоў, i тады нарыхтоўкi мясной сыравiны ўзрастуць. А калi жыўнасць здаецца ў жывой вазе, то кiраўнiцтва райпо выдзяляе свой транспарт для яго адгрузкi i дастаўкi.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter