Продкаў Міхаіла Шульжыка, старшыні драгічынскага СВК «Аляксеевічы-Агра», спрадвеку зямля карміла і апранала

Веснавы без паклікаў дадому

Продкаў Міхаіла Шульжыка, старшыні драгічынскага СВК «Аляксеевічы-Агра», спрадвеку зямля карміла і апранала. Так, пэўна, будзе і надалей.

АМАЛЬ трыццаць гадоў таму выпускнік эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Міхаіл Шульжык узначаліў драгічынскі калгас імя Дзімітрава са спецыялізацыяй вырошчвання лёну. Пяцігодку кіраваў ім. Ільнаводы гаспадаркі за гэты час тройчы адзначаліся медалямі ВДНГ СССР і легкавымі аўтамабілямі. І ў перыяд працы начальнікам Драгічынскага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі яшчэ больш яскрава праявіліся арганізатарскія здольнасці вучонага-эканаміста. Па многіх вытворчых паказчыках раён лідзіраваў на Брэстчыне. Больш як дзесяць гадоў Міхаіл Мікалаевіч узначальваў раённы аграпрамысловы саюз, пастаянна абіраецца дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Міхаіл Шульжык

Напачатку рэфармавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэспублікі, вярнуўся ў калгас, дзе пачынаў старшынёю, і два дзесяцігоддзі кіруе СВК «Аляксеевічы-Агра», да якога за гэты час далучылі яшчэ дзве суседнія гаспадаркі.

У ВЫТВОРЧАЙ структуры ўзбуйнёнага кааператыва толькі чацвёртая частка ад СВК «Аляксеевічы-Агра». З сямі тысяч агульнай плошчы палова апрацоўваецца, таму што значныя масівы дзвюх далучаных гаспадарак, паўстагоддзя таму адваяваныя меліяратарамі ў векавых балот і перададзеныя хлебаробам, патрабуюць абнаўлення. Гаспадарка ўключана ў Дзяржаўную праграму развіцця Палескага рэгіёна. Задзейнічаны і ўнутраныя рэсурсы для пашырэння пасяўных плошчаў, каб забяспечваць сваімі кармамі амаль пяць тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, трэцяя частка якіх — дойны статак. Неадкладных работ патрабавалі ўсе без выключэння жывёлагадоўчыя памяшканні дзвюх далучаных гаспадарак. Актыўна ўзяліся за рэканструкцыю іх, на што патрачана больш за дваццаць мільярдаў рублёў. Пераабсталяваны дзве даільныя залы, капітальна адрамантаваны і па-сучаснаму аснашчаны ўсе фермы. Затраты на рэканструкцыю адбіліся на сабекошце прадукцыі жывёлагадоўлі. Павышаецца прадукцыйнасць кароў. Гадавы ўдой упершыню перавысіць пяць тысяч кілаграмаў, а рэнтабельнасць вытворчасці малака пераадолела пяціпрацэнтны рубеж. Па выніках мінулага года толькі тры гаспадаркі Драгічынскага раёна, у тым ліку і СВК «Аляксеевічы-Агра», без дзяржаўнай падтрымкі забяспечылі рэнтабельнасць вытворчасці малака.

— Міхаіл Мікалаевіч, чыя тут заслуга?

— У першую чаргу спецыялістаў і калектыву. Калі прымаў гаспадарку, яна па асноўных эканамічных паказчыках замыкала раённую зводку. Паступова крок за крокам адваёўвалі пазіцыі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Апошняе дзесяцігоддзе стабільна трымаемся па ўсіх асноўных паказчыках.

— Эканоміка гаспадаркі мацавалася, а ці мяняўся стыль кіравання?

— Пастаянна ўсё мяняецца. Перажылі цяжкасці з выплатай зарплаты. Толькі ўспаміны засталіся пра таннае паліва. Энерганосьбіты ва ўсім свеце даражэюць, і суадносіны не на карысць вяскоўцаў. Ад усяго гэтага і стыль кіравання залежыць. На першы план выйшлі чыста эканамічныя паказчыкі, а не валавая вытворчасць. Галоўнае, якой цаной даецца прадукцыя. Больш патрабавальна сталі адносіцца да тэмпаў і своечасовасці выканання сельскагаспадарчых работ, ад якіх залежаць канчатковыя вынікі працы земляробаў. Важна, каб мэта апраўдвала сродкі. За гады свайго кіраўніцтва прыйшоў да думкі, што калі пашкадуеш грошай на прэстыжную якасную тэхніку, то больш патраціш сродкаў і часу на рамонт танных машын і агрэгатаў. Кіраўнік павінен адчуваць, якое прыняць рашэнне.

— Таксама як і ўкараняць новыя тэхналогіі, формы арганізацыі працы?

— Перад тым як нешта пераняць і прымяніць у гаспадарчай дзейнасці, разам са спецыялістамі дэталёва вывучаем і аналізуем сітуацыю, разглядаем варыянты. Перш чым за што ўзяцца, да дробязей падлічваем магчымы эканамічны эфект. Імкнёмся дабівацца росту вытворчасці прадукцыі пры нязменных затратах. У былыя часы першымі ў раёне перайшлі на гаспадарчы разлік. Кожнае структурнае падраздзяленне мела эканамічную самастойнасць, што стымулявала вытворчыя паказчыкі. Але ў сувязі з галапіруючым ростам цэн новаўвядзенне аказалася нежыццяздольным. 

Эканамічная сітуацыя ў рэспубліцы стабілізавалася, і мы цікавімся вопытам перадавых калектываў па ўдасканаленні гаспадарчай дзейнасці. Галоўныя спецыялісты комплексна распрацоўваюць структуру пасеваў. На нашых землях канюшына дае лепшы эфект, чым рапс, таму пашыраем плошчы пад яе. І так па кожнай культуры прымаем рашэнні.

— Кіраўнік у адказе за гаспадарчую дзейнасць. А якая роля спецыялістаў?

— Кожны з іх абгрунтоўвае свае прапановы і абараняе. Калі пераканае, то і рашэнне прымаецца адпаведнае. І ён у адказе за сваю ініцыятыву. Значныя плошчы па ініцыятыве нашай агранамічнай службы адводзім пад збожжавыя культуры, і асабліва пшаніцу, ячмень. Спецыялізуемся ў вырошчванні кукурузы на насенне. Справа выгадная, і ў далейшым будзем удасканальваць тэхналагічны працэс вытворчасці насення кукурузы беларускай селекцыі.

— Калі пачыналі кіраваць, пераважвала адміністраванне зверху, а цяпер трэба самім прымаць рашэнні. Вас гэта задавальняе?

— Пры планавай сістэме гаспадарання ўсё вырашалі партыйныя органы. Зверху даводзіліся асноўныя вытворчыя паказчыкі. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ішло праз дзяржаўныя структуры. Запчасткі паступалі цэнтралізавана, і не трэба было іх шукаць. Вытрымліваўся парытэт цэн: кілаграм збожжа ці бульбы адпавядаў па кошце літру паліва. Няма ўжо сэрвісных цэнтраў. Запчасткі атрымліваем з дзяржаўных сталічных структур, а недастаючыя вымушаны набываць у камерсантаў. Там, дзе запчасткі танней, транспартныя расходы высокія. Часам купляем усляпую, і бывае, што якасць падводзіць. Павялічылася нагрузка на інжынераў, таму што яны павінны не толькі забяспечыць вытворчы працэс, але і адказваюць за тэхнічны стан машынна-трактарнага парка. І мне, як кіраўніку, клопату дадалося. Раней усе асноўныя праблемы аператыўна вырашаліся ў райкаме партыі, а цяпер мноства міжведамасных службаў. 

— Якія галоўныя якасці неабходны сучаснаму кіраўніку аграпрадпрыемства?

— Адзінага рэцэпта няма. Нашы продкі стагоддзямі выпрацоўвалі гаспадарлівасць, уменне выжываць у розных сітуацыях. Сённяшні кіраўнік — як гаспадар, што вякамі шчыраваў на зямлі, толькі яму яшчэ дапамагаюць навука, тэхніка, вопыт, і патрабаванні да яго значна большыя: кампетэнтнасць, адукаванасць, веданне сучасных тэхналогій. Жаданне працаваць павінна памнажацца на жаданне працаваць. Пастаянна трымаць руку на пульсе жыцця і ўмець аператыўна арыентавацца ў самых складаных сітуацыях. Караля стварае світа, а паспяховага кіраўніка — прафесіянальныя спецыялісты. 

— Вопыт набываецца гадамі. Вам давялося прайсці ўсе прыступкі калгаснай структуры. Што найбольш засталося ў памяці?

— Басаногае дзяцінства. Калі нарадзіўся, бацьку прызвалі на службу ў армію. Да школы рос у дзядулі і бабулі на глухім палескім хутары Берашчаны, дзе з маленства засвойваў сялянскія заняткі. Маці сярпом жала калгасную збажыну, снапы вязала, і коньмі вазілі іх да малацілкі. У калысцы на полі гойдалася сястрычка Таня.

Маіх продкаў спрадвеку зямля карміла і апранала. Уменне гаспадарыць у нашым родзе перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яшчэ пры маёй памяці асноўнай цяглавай сілай быў конь. Трактары ў нашы вёскі прыйшлі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Бацька адным з першых у нашых мясцінах асвоіў «сталёвага каня». 

— Гістарычныя падзеі не міналі ваш род?

— Дзеда Нікана Аляксандравіча па лініі бацькі ў Першую сусветную вайну прызвалі ў царскую армію. Ваяваў каля Навазыбкава. З Чырвонай Арміяй прайшоў Урал, Сярэднюю Азію. Пад Мінскам белапалякі ў 1921 годзе ўзялі ў палон. Дзедаў брат Ціхан тры месяцы правёў у Варшаве, дайшоў да Пілсудскага і вызваліў брата з палону. Разам вярнуліся яны ў родны Радчыцк і пайшлі ў леснікі. 

Маці з шляхецкага беларуска-татарскага роду Дубойскіх, якія мелі свой герб і шмат урадлівай зямлі ў Прыпяцкай пойме. Апрацоўвалі надзелы валамі і коньмі. Бабуля па маці — блізкая радня вядомаму партыйнаму дзеячу Беларусі Івану Міхайлавічу Бут-Гусаіму, карані якога з нашых палескіх мясцін. Толькі ў канцы мінулага стагоддзя чаротавыя, гонтавыя дахі перакрывалі мае землякі чарапіцай ды шыферам. Самабытная культура палешукоў дагэтуль трымаецца. Ад свята Пакровы да Благавешчання гаспадары на сваіх надзелах зямельку не кранаюць, даюць адпачыць да веснавога цяпла, каб больш шчодрай была. І ў нашай гаспадарцы ў такі час асноўны занятак — падрыхтоўка да веснавога выхаду ў поле. Даводзім да ладу насенне, рамантуем тэхніку, з хлебаробамі праводзім вучобу. Для мяне ўсё гэта — звычайнае сялянскае жыццё...

— ... якім спрадвеку жылі вашы продкі.

— І паступленне ў сельскагаспадарчы тэхнікум было асэнсаваным. З цікавасцю асвойваў эканамічныя дысцыпліны. Пасля заканчэння Столінскага сельгастэхнікума прыехаў па накіраванні працаваць на Віцебшчыну, дзе ўручную палолі, церабілі, абмалочвалі лён, убіралі бульбу і буракі. Старшыня бешанковіцкага калгаса імя Калініна Мікалай Грачыха вучыў мяне брыгадзірскай справе. Уладкаваў на кватэру да адзінокай бабулі, што жыла каля грыбнога лесу. Нават на падворку яны раслі. 

Увосень мяне прызвалі ў армію. Адслужыў і вярнуўся да бацькоў у вёску Радчыцк. Старшыня калгаса Мікалай Кавалёў прапанаваў працу нарміроўшчыка ў майстэрні, дзе бацька загадваў цэхам рамонту рухавікоў. Была норма адрамантаваць за месяц 44 рухавікі, і механізатары спраўляліся. Налічваў па 28 рублёў за кожны адрамантаваны рухавік. 

Прырастала братамі і сёстрамі наша сям’я. Шасцярых выхавалі бацькі, і ні разу маці не была ў дэкрэце. З вясны да восені працавала ў полі, а зімою на збожжатаку. З дапамогай калгаса мураваную хату збудавалі. 

Праца нарміроўшчыка стала сумнаватай мне. Вырашыў вярнуцца на Віцебшчыну, дзе пачынаў брыгадзірства.

— Захацелася самастойнасці?

— Больш сур’ёзнага занятку і адказнасці. 

— Як родныя аднесліся да такога рашэння?

— Бацька пахваліў, а маці моўчкі прыняла мой ад’езд. У Віцебскім райсельгасупраўленні накіравалі ў прыгарадны калгас імя Куйбышава. Сем гадоў аддаў гаспадарцы і жонку там сустрэў. Пасля медвучылішча Марыя размеркавалася ў фельчарска-акушэрскі пункт вёскі Войтава. Пажаніліся і атрымалі двухпакаёвую калгасную кватэру з пячным ацяпленнем і калодзежам на двары. Два сыны, Эдзік і Алесь, нарадзіліся ў Войтаве, а яшчэ амаль праз дзесяць гадоў трэці сынок папоўніў сям’ю. 

Мне даверылі ўзначаліць эканамічную службу гаспадаркі. Дапамагаў вопыт працы нарміроўшчыкам. Паступіў на завочны эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. На сесіях сустракаўся з палескімі землякамі, якія распавядалі пра будаўніцтва новых гаспадарак на асушаных землях і пераконвалі пераехаць туды. З Віцебшчыны мяне не адпускалі, прапаноўвалі пасаду намесніка старшыні з перспектывай узначаліць калгас побач з вядомым санаторыем «Лётцы». 

Мо, і застаўся б, але студэнцкі сябра з Драгічынскага раёна Канстанцін Юрашэвіч вясною запрасіў у госці. На нашых віцебскіх палях яшчэ снег ляжаў, а пад акном яго вясковага дома квітнеў бэз. Навокал усё буяла. Зачаравала гэта нас з жонкай, якая родам з Гродзеншчыны. Наведаў калгасныя брыгады, дзе ў адрозненне ад Віцебшчыны была праблема, як забяспечыць усіх жадаючых працай. Кіраўніцтва Драгічынскага раёна прызначыла мяне галоўным эканамістам калгаса «30 гадоў БССР» з перспектывай узначаліць яго. Кіраваць не рашыўся і стаў намеснікам старшыні і сакратаром партыйнай арганізацыі гаспадаркі.

— Міхаіл Мікалаевіч, але ўсё ж папоўнілі старшынёўскі корпус?

— Мой лёс змяніла выступленне першага сакратара райкама партыі Барыса Асаўцова на партыйным бюро, дзе ён зачытаў артыкул з газеты «Правда», што некаторыя спецыялісты ўладкаваліся ў добраўпарадкаваных вёсках і не хочуць узначальваць аддаленыя гаспадаркі. Прыняў аддалены калгас імя Дзімітрава з цэнтрам у вёсцы Заверша.

— Тую самую гаспадарку, ільнаводы якой тройчы ўдастойваліся быць удзельнікамі ВДНГ?

— Атрымлівалі прыбытак за высокаякаснае льновалакно, якое пастаўлялі на Аршанскі льнокамбінат. Наладзілі выпуск ільнянога алею. Усяго пяць гадоў давялося мне кіраваць гэтай невялікай гаспадаркай. 

— Цеснавата стала?

— Па рашэнні партыйных органаў узначаліў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Перыяд выпаў складаны. Галапіруючая інфляцыя, развал вялікай краіны. Як пачалося рэфармаванне аграпрамысловага комплексу, вярнуўся ў вёску Аляксеевічы, дзе некалі працаваў намеснікам старшыні, і два дзесяцігоддзі кірую гаспадаркай «Аляксеевічы-Агра».

— Калі вы больш адчувалі адказнасць за даручаную справу?

— Старшыня за ўсё ў адказе. Толькі як хто да гэтага ставіцца. У адказе не толькі за эканамічныя паказчыкі, але і за грамадзянска-прававыя адносіны: юрыдычныя, экалагічныя, санітарныя нормы, пажарную бяспеку, тэхналогіі і тэхналагічны рэгламент, якога патрабуе міністр сельскай гаспадаркі. Гэта важна і правільна. Адказваю і за стан транспартных сродкаў. Раней гэта абмяркоўвалі на сходах, а цяпер стала прававой нормай.

Дзе б ні працаваў, пачынаў з навядзення парадку на зямлі. Без паляпшэння палескіх зямель немагчыма весці сельскагаспадарчую вытворчасць. Палі роўныя і, калі пастаянна не падтрымліваць меліярацыйныя збудаванні, хутка забалочваюцца.

— Старшынёўства пачыналася з невялікага калгаса. Цяпер кіруеце гаспадаркай, якая ўвабрала ў сябе тры калектывы. Ваша стаўленне да тэндэнцыі аб’яднання? 

— Трымаць энергаёмістую тэхніку ў малых гаспадарках неэфектыўна. У маштабных больш спрыяльна прымяняць сучасныя тэхналогіі і агрэгаты. І забеспячэнне кваліфікаванымі спецыялістамі паляпшаецца. У далучаным да нас калгасе імя Суворава наспела неабходнасць рэканструкцыі ўсіх жывёлагадоўчых памяшканняў, на што задзейнічалі вялікія сродкі. Створна магутная тэхнічная база з высокай нагрузкай на машыны і агрэгаты. Некаторыя з іх ужо фізічна і маральна выпрацаваны, і неабходна замена. Асабліва корманарыхтоўчай і глебаапрацоўчай тэхнікі. Пасяўныя плошчы павялічыліся ў тры разы, а тэхнікі не прыбавілася. Шукаем выйсце, але аб’ёмы валавой вытворчасці прадукцыі палёў і ферм не зніжаем.

Штодня прадаём дзяржаве звыш пятнаццаці тон малака. У вобласці паабяцалі дапамагчы з лізінгам кормаўборачнай тэхнікі. Вядзём работу па рэструктурызацыі даўгоў, якія нам перайшлі з далучанымі гаспадаркамі.

— Міхаіл Мікалаевіч, трэці год вы на пенсіі, але кіруеце гаспадаркай. Якім бачыцца ваш пераемнік?

— Ён павінен добраахвотна абраць шлях кіраўніка і несці гэты нялёгкі крыж. Прыглядаюся не да аднаго, а да некалькіх спецыялістаў, каб была магчымасць выбару. Раптам той, каму прапануеш, адмовіцца, таму трэба мець некалькі кандыдатур. А мо, нават і нехта з іншай структуры заменіць цябе. 

— Ваш стыль кіравання: бізун ці пернік?

— Каб даваць магчымасць кожнаму на сваім працоўным месцы тварыць, не стрымліваць ініцыятыву. Бывае, што і на павышаных танах размаўляю, а потым сябе дакараю. Прыслухоўваюся да думак і прапаноў спецыялістаў, абмяркоўваем разам праблемы. Дапамагаем людзям. Ствараем магчымасць самім будавацца, гэта важны фактар прывязкі да зямлі. Садзейнічаем выдзяленню крэдытаў, будаўнічых матэрыялаў на новабудоўлі. Калі чалавек самастойна будуецца, то і адносіны да такога жылля ў яго іншыя. 

— У многіх рэгіёнах вострая праблема з кадрамі. Якое выйсце можа быць?

— Моладзь больш прагматычная і шукае спрыяльныя варыянты жыццеўладкавання. Мы некалі не выбіралі месца працы. Куды накіравалі, там і абсталёўваліся. Сённяшнія маладыя хочуць усяго і адразу. Нават новыя катэджы няма каму займаць. Многае ў гаспадарцы, як не ўсё, залежыць ад кіраўніка, ад яго якасцей і, у першую чаргу, умення арганізаваць працу і жыццё людзей. Ратацыя кадраў назіраецца там, дзе людзям не камфортна і яны шукаюць лепшыя варыянты.

Мне давялося бываць у аднакурсніка Віктара Азаркі, які паспяхова доўгі час кіраваў нясвіжскай гаспадаркай «Юшавічы». Разам з ім наведалі нясвіжскія жывёлагадоўчыя комплексы з робатадаеннем. Раней лепшым на вёсцы давяралі даіць кароў. Цяпер паўстае праблема з жывёлаводамі. Робаты — справа перспектыўная. Карова сама ведае, калі ёй даіцца, і малако не затрымліваецца ў вымені, знікаюць масціты. Гэта значны рэзерв захавання прадукцыйнасці статка, і будучае на нашых фермах за робатамі.

— Міхаіл Мікалаевіч, у вас тры сыны. Ці хто з іх працягвае вашу справу?

— Старэйшы Эдзік закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і стаў прафесіяналам у інфармацыйных тэхналогіях. Запрошаны ў Германію і працуе менеджарам у кампаніі МАН. Малодшы Дзяніс атрымаў вышэйшую эканамічную адукацыю ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Нядаўна вярнуўся са службы ў арміі, і як складзецца яго жыццё, час пакажа. Сярэдні Алесь закончыў Акадэмію МУС і працуе ў драгічынскім райаддзеле міліцыі. Разам з жонкай Алесяй, якая завочна заканчвае Столінскі аграрна-эканамічны каледж, завялі фермерскую гаспадарку. За вёскай Вулька ўзялі ў арэнду пяцьдзясят гектараў зямлі, на якой вырошчваюць клубніцы і маліну. Свежыя ягады пастаўляюць на сталічныя рынкі. Усёй сям’ёй дапамагаем ім у напружаны час збору ўраджаю. І ўнукі, якіх у мяне трое, прызвычайваюцца да працы на зямлі. Спадзяюся, што будзе каму працягваць справу нашага сялянскага роду.

ВЫТОКІ З УЛАДЗІМІРАМ СУБАТАМ

Фота аўтара Драгічынскі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter