Веснавое ахвяраванне рацэ

У дзень гукання вясны дзявочы гурт з песнямі-вяснянкамі напраўляўся да рэчкі. Дзяўчаты бралі дошчачку, клалі на яе хлеб, у які мацавалі свечку, запальвалі яе і асцярожна пускалі на ваду. Дошчачка плыла па рацэ, а дзяўчаты нейкі час ішлі следам і спявалі:

Пусці, маменька, на ручэй гуляць.
Ой, лі, ой, люлі, на ручэй гуляць.
На ручэй гуляць, селязнёў вітаць,
То не селезень,  то не селезень,
То ж не сізенькі, то ж мой міленькі.
Было вядома яшчэ некалькі варыянтаў ахвяравання рацэ і ўступлення з ёю ў рытуальна-спеўны дыялог. Жанчыны і дзяўчаты, апранутыя ў самае прыгожае адзенне, ішлі да ракі і кідалі ў ваду хлеб-соль. Яны адразалі лустачку хлеба, уціскалі (уторквалі) у яе соль і кідалі ў ваду, каб плыла, а тым часам спявалі:
Ой, вясна, вясняначка,
Ой, ты, мая ўнучанька,
Ой, гаю!
Ты свяці па-летняму, па-вясенняму.
Ой, гаю!
Сонейка закоціцца, вясна не праходзіцца.
Ой, гаю.
У асобных мясцінах дзяўчаты кідалі ў раку печыва -- “птушачкі”, “булачкі”, “галёпы”.
Адначасова гэта была і варажба дзяўчат аб сваёй долі на будучы год. Лічылася, калі кавалачак хлеба паплыве далёка, то дзяўчына пойдзе замуж, калі ж хлеб прыб’ецца да берага, ёй давядзецца яшчэ год хадзіць у дзеўках.
У вёсцы Палессе Чачэрскага раёна абрад меў яшчэ больш складанае ўвасабленне. Хлопцы майстравалі плыт, мацавалі на шостцы старое прасмаленае кола, падпальвалі яго і таксама пускалі па рацэ. Гурт жанчын і дзяўчат ішоў па беразе ўслед і спяваў песні-загуканні:
Чаго, вясна, на ніз пайшла?
Што крутыя горы -- гу!
Чаго, дзеўка, замуж пайшла,
Што чорны бровы -- гу!
Броўкі ж мае чарненькі,
Прапала я з вамі -- гу!
Нельга выйсці на вуліцу
Да й за варатамі -- гу!
Усе ворагі спаць палеглі,
Пайду, пагуляю -- гу!
Кліча маці вячэраці,
Хоць і хлеба есці -- гу!
Я не хочу хлеба есці,
Хочу паляніцы -- гу!
Я не хочу дзеўкай быць,
Хочу маладзіцай -- гу!
У Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці гуканне вясны было спалучана з рытуалам развітання з зімой, якую ўвасабляла зробленае з саломы пудзіла. Яго неслі да рэчкі, падпальвалі і пускалі па рэчцы. Гэту справу рабіў толькі мужчына.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter