Алоиза Пашкевич написала меньше, чем Купала и Колас, но все созданное ею вошло в золотой фонд белорусской литературы

«Веру ў волі нашай гарт»

Слынная дачка беларускага народа Цётка (Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын непадалёку ад Ліды (цяпер гэта Шчучынскі раён Гродзеншчыны) і пражыла ўсяго 40 гадоў...

Імя паэтэсы-рэвалюцыянеркі, празаіка, публіцыста і грамадска-палітычнага дзеяча стаіць у шэрагу пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Усё бурнае жыццё гэтай надзвычай эмацыянальнай, захопленай нацыянальным адраджэннем змагаркі было, па словах сучаснікаў, няспынным гарэннем.

У яе шмат псеўданімаў: Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Крапіўка, Мацей Крапіўка, М. Крапівіха, Тымчасовы, Банадысь Асака… Замацаваўся ж гэты — Цётка. Пад ім яна ўпершыню выступіла ў 1906 годзе як аўтар кніжкі «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». Цяжка ўявіць, але паўторна выданне пабачыла свет толькі праз стагоддзе. Там апрацаваныя для лепшага дзіцячага ўспрымання народныя песні, прымаўкі, прыказкі, загадкі, вершы. Мне асабліва запомніўся «Мой сад»… Але — пра псеўданім.

Знайсцi адказ на пытанне, чаму менавіта Цётка, мне дапамагла камандзіроўка 1986 года ад «Сельской газеты» (там працаваў) у Шчучынскі раён. Вядомая ў акрузе выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Шастакоўскай школы Анфіса Дабрынка расказала, што Цёткай Алаізу назваў упершыню яе сусед-зямляк Вацлаў Іваноўскі.

Цётка шмат дзе і шмат чаму вучылася. Спачатку ў хатніх настаўнікаў, потым у Віленскай гімназіі, пасля ў Пецярбургу. Была вельмі ганарлівая. Нічыю дапамогу ні ў чым не прымала, а вось сама была надта шчодрай. Абурэнне існуючымі дома і ў грамадстве парадкамі, калі ў адных усё, а ў другіх нічога, узрастала і ўзмацнялася. Яно і прывяло ў выніку да актыўнай барацьбы з тым ладам жыцця. З дапамогай палымянай творчасцi.

Пачыналася яна, як зазначылі ў сваіх даследаваннях вядомы крытык і журналіст Рыгор Бярозкін і пісьменніца, літаратуразнаўца Лідзія Арабей, пад моцным уплывам Францішка Багушэвіча. Пра гэта сведчыць сама назва першага зборніка Гаўрылы з Полацка (Цёткі) — «Скрыпка беларуская». У Багушэвіча — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі». Аўтарка, якая з 1905-га, за год да выхаду кніжкі, удзельнічала ў мітынгах і дэманстрацыях, выступала з рэвалюцыйнымі прамовамі, заклікала змагацца з царызмам. Даследчыкі падкрэсліваюць: вершы «Суседзям у няволі», «Вера беларуса» і іншыя дыхаюць прадчуваннем хуткага выбуху народнага гневу і нянавісці. У іх глыбокая вера ў непераможную сілу народа:

Веру, братцы, ў нашу сілу,

Веру ў волі нашай гарт...

Мы не з гіпсу, мы — з камення,

Мы — з жалеза, мы — са сталі,

Нас кавалі у пламенні,

Каб мацнейшымі мы сталі.

Амаль адразу ў Жоўкве, недалёка ад Львова, выйшаў і другі зборнік змагаркі — «Хрэст на свабоду», прысвечаны барацьбе супраць царызму. Верш «Мора» стаў самым яркім з усіх рэвалюцыйных твораў:

Мора вуглем цяпер стала,

Мора з дна цяпер гарыць,

Мора скалы пазрывала,

Мора хоча горы змыць.

Мора злуе, крэпнуць хвалі,

З дзікім шумам бераг рвуць;

Гром грыміць за вёрсты-мілі,

З мора брызгі ў неба б’юць.

Вось яна, бітва паміж «разгневанай натурай» і «войскамі бога», у вобразе якіх выступаюць варожыя людзям сілы. Верш, напісаны ў кастрычніку 1905-га, з’явіўся сапраўдным гімнам рэвалюцыі. Аўтарка тады хавалася ад паліцыі ў Нова-Вілейцы. Працавала сястрой міласэрнасці ў псіхіятрычным шпіталі, а ў самым пачатку новага года актыўна ўдзельнічала ў 2-м з’ездзе Беларускай рэвалюцыйнай грамады ў Мінску. Праграмным пытаннем было стварэнне незалежнай беларускай рэспублікі.

Неўзабаве намаганнямі шчырай барацьбіткі ды іншых «грамадоўцаў» пачала выходзіць першая легальная беларуская газета «Наша доля», але, на жаль, спыніла сваё існаванне на шостым нумары. Прычынілася паэтэса, якая будзіла ўсім сваім сэрцам у слухачоў запал і любоў да прыгнечанага люду, і да выдання першых нумароў «Нашай нівы».

У сярэдзіне 1906-га Цётку запрасіў да сябе ў Львоў украінскі філолаг-славіст і мастацтвазнавец Іларыён Свянцінскі. Ён пасадзейнічаў таму, каб у выдавецтве Базыльянскага кляштара (цяпер у горадзе Несцераве) пабачылі свет паэтычныя зборнікі госці. Адбіткі на лацініцы выйшлі, па меркаванні нашага адметнага прафесара Сцяпана Александровіча, крыху раней у Вільні.

З таварыскага візіту да Свян­цінскага і пачаліся эмігранцкія вандроўкі няўрымслівай Цёткі. Далейшыя пераезды сталі дужа ўжо стракатымі. Да першых стрэлаў Першай сусветнай жыла яна то ў Пецярбургу, то ў Вільні, то ў Менску, то ў Львове, падарожнічала па Італіі і Германіі. Візіты на Бацькаўшчыну сталі больш частымі дзякуючы шлюбу з літоўскім сацыял-дэмакратам Стэпонасам Кайрысам, з якім пражыла толькі пяць гадоў. Урэшце вярнулася ў Беларусь назусім. У1914-м працавала сястрой міласэрнасці. У апошнія гады жыцця пісала нататкі з падарожжаў у Фінляндыю ды Швецыю, мелася наведаць Нарвегію... І хоць па колькасці, як зазначыў Іван Шамякін, напісала менш, чым Купала, Колас, але ўсё створанае ёй увайшло ў залаты фонд нашай беларускай літаратуры.

Стан роднага краю і яго насельнікаў хвалюе Цётку ў яе неардынарнай прозе пачынаючы з першага апавядання «Прысяга над крывавымі разорамі» пра беднага, змучанага цяжкай працай і нястачай Мацея. Яна і працягвае творамі трагічнага гучання, як і само жыццё: «Асеннія лісты», «Лішняя», «Міхаська». Цётка арганізоўвала беларускія школы і настаўніцкія курсы, дапамагала хворым, стварала дзіцячыя прытулкі. У студзені 1916-га атрымала паведамленне аб смерці бацькі, паехала ў Ліду на яго пахаванне. Пасля хаўтураў вырашыла падлячыць землякоў у Старым Двары. Заразілася там тыфам і ў ноч з 4 на 5 лютага памерла пад дахам роднага дома.

Трыццаць пяць гадоў таму мы стаялі з настаўніцай Анфісай Дабрынка ля магілы Цёткі. Памінальны камень і фасад помніка прадыктавалі мне пачатак верша «На магіле», у якім Алаіза Пашкевіч прадказала сваю будучыню:

На магіле ўзыду дубам,

Пачну шаптаць братнім губам

Аб іх долі, аб свабодзе,

Стану песьняй у народзе!

Нядаўна даведаўся, што Анфіса Паўлаўна Дабрынка — сціплая, душэўная, добрая, якая так шмат расказвала навакольным пра Цётку, пра родны край, — памерла ў 2018-м… Будзем спадзявацца, што памяць пра непаўторную Цётку застанецца ў сэрцах прыхільнікаў яе творчасці і дзейнасці.

Уладзімір БАРЫСЕНКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter