Паэзію на беларускай мове можна слухаць у новым праекце радыё Sputnik Беларусь

Вершы — стваральная сіла

Паэзію на беларускай мове можна слухаць у новым праекце радыё Sputnik Беларусь. Вершы выбіраюць ды чытаюць вядомыя ў краіне людзі.

На пачатку месяца інфармагенцтва і радыё Sputnik Беларусь запусціла праект Sputnik.Чтения. Пра тое паведаміла прэс-служба Sputnik. У плыні праекта вядомыя беларускія палітыкі, музыкі, артысты і спартсмены ўжо чытаюць вершы беларускіх аўтараў. Пачатак праекту ў краіне даў кіраўнік Sputnik Беларусь, тэлежурналіст Андрэй Качура: ён чытаў верш “Зімой” Максіма Багдановіча. “Вялікія паэтычныя творы не ведаюць часавых, а таксама палітычных ці этнічных межаў, — лічыць Андрэй. — Праект Sputnik.Чтения — гэта спроба аб’яднаць людзей пры дапамозе паэзіі ў той час, калі свет перажывае няпросты перыяд”. Журналіст згадаў, што беларуская мова — гэта душа нашага народа. Чытаючы вершы па-беларуску, мы паказваем свету як мілагучнасць і напеўнасць мовы, так і прыгажосць роднага краю, адметнасці нашай культуры, ментальнасці, светаўспрымання”.

Sputnik (sputniknews.com) — гэта агенцтва і радыё з мультымедыйнымі інфахабамі ў розных краінах. Да праекта падключыўся мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў — з вершам Янкі Купалы “Лясное возера”. Была ў радыёэфіры і гімнастка Любоў Чаркашына, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане: чытала верш Вікторыі Галоўчык “Сэрца”. Як паведаміла ў нашу рэдакцыю з прэс-офіса Sputnik Беларусь Алена Сямёнава, ёсць дамоўленасці і з іншымі людзьмі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter