Вернутая справядлівасць

Напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, падчас маёй працы ў адным з НДІ, неяк маю каляжанку па аддзеле М. — актыўную камсамольскую дзяячку — уключылі ў адну з рэспубліканскіх грамадскіх камісій па справах дзяцей-сірот. І яна разам з той камісіяй абкалясіла тады ці не ўсю Беларусь. Калі вярнулася з паездкі, я не пазнаў былую рагатушку-весялушку: М. была вельмі сур’ёзнай і засяроджанай. Паездка тая наклала на маю супрацоўніцу вялікі адбітак. Як быццам бы нешта зламалася ў душы гэтай надзіва паспяховай 25-гадовай прыгажуні. Праз нейкі час яна звольнілася ад нас і пайшла працаваць якраз у сацыяльную сферу, дзе, наколькі ведаю, змагла поўнасцю рэалізавацца як асоба. А тады, адразу пасля паездкі, М. нейкі час на ўсе нашы роспыты абмяжоўвалася агульнымі фразамі і толькі пазней расказала пра сваю камандзіроўку ў “краіну сірот” больш падрабязна... Адзін з эпізодаў таго аповеду М. моцна ўрэзаўся ў маю памяць...

У нейкім правінцыяльным дзіцячым доме падчас наведвання камісіяй  групы дашкольных малышоў з мэтай вывучэння ўмоў іх пражывання ад групкі малых раптам аддзялілася маленькае дзяўчо і, не зважаючы на папярэджанне выхавальніцы, цвёрда пакрочыла да членаў камісіі. Спыніўшыся насупраць М., малая доўга і сур’ёзна яе разглядала, а потым, рашуча наблізіўшыся, нечакана кінулася ёй на шыю. “Мамачка, як жа доўга я цябе чакала”... — ціхенька-ціхенька прашаптала яна ёй на вуха.  Сэрца М. у тую хвіліну быццам некуды правалілася...
Члены камісіі тут жа даведаліся ад выхавацельніц, што ў многіх з гэтых дзетак-сірот, што знаходзіліся на поўным дзяржаўным утрыманні, меліся ў наяўнасці жывыя і здаровыя бацька і маці, па розных прычынах пазбаўленыя сваіх бацькоўскіх правоў. Зрэшты, большасць гэтых “розных” прычын круціліся вакол традыцыйнага ліха — “зялёнага змея!” Я памятаю, як абуралася М., згадваючы пра наведванне шэрагу такіх вось, з дазвалення сказаць, сем’яў, што таксама ўваходзіла ў план камісіі: “Ды ім таго і трэба было, каб іх тых правоў пазбавілі!.. Прасцей стала “чарніла” ці самагонку жлукціць!.. Дзяцей жа карміць не трэба!. А калі тыя побач, дык людзі пальцамі тыкаюць, маўляў, дзеці вашы  галодныя, а вы п’яце!.. А так з вачэй далоў — і з сэрца прэч!.. Вось каб іх хто прымусіў пакрываць дзяржаве сродкі на ўтрыманне сваіх уласных дзяцей, то тады была іншая справа — хоць бы нейкая справядлівасць у свеце была б!.. — страсна заключыла тады М.
І вось амаль праз тры дзесяцігоддзі мара маёй былой супрацоўніцы  збылася... У Беларусі прыняты нарэшце доўгачаканы ўказ Прэзідэнта краіны, дзе пастаўлена канкрэтная задача дзяржаўным і грамадскім органам  —  абавязаць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, пакрываць выдаткі дзяржавы на ўтрыманне сваіх уласных дзяцей. І калі тое не будзе дасягнута па згодзе, вырашаць праблему  валявым чынам.
На першы погляд, справядлівасць, пра якую так  горача марыла мая былая каляжанка, урэшце ўзяла верх... Гэта асабліва выразна выяўляецца на хвалі шырокай і (не пабаюся гэтага штампа) нават гарачай падтрымкі згаданага рашэння грамадскасцю краіны. Прынамсі, я асабіста не ведаю людзей, якія б  матывавана выяўлялі неразуменне гэтага, скажам так, адназначна  няпростага кроку дзяржавы. Болей за тое, мае знаёмыя, што жывуць за межамі Беларусі, асабліва ў краінах СНД, даведаўшыся пра гэты факт, па-добраму зайздросцяць. “Вялікую справу вы пачынаеце рабіць... Хоць вы гэтую нячыстую сілу крыху прычэшаце... А то ў нас на яе рады няма...” — ёмка пракаменціравала гэтую інфармацыю па тэлефоне мая сваячка з Харкава...  Цалкам пагаджуся з ёю. І насамрэч, надзвычай важную справу пачала беларуская дзяржава —  вяртанне глыбіннай, укаранёнай ва ўсіх нашых спаконвечных традыцыях справядлівасці ў дачыненні да той сацыяльнай групы насельніцтва, якая аніяк не можа сама за сябе пастаяць — дзяцей. Ці не такім быў заўсёдны клопат пра нашчадкаў у нашых продкаў?!
Ніколі не забуду пачутае ў дзяцінства ад бацькоў выслоўе, якое ёсць, пэўна, квінтэсэнцыяй духоўнай мудрасці і сімвалам чалавечай самаахвярнасці нашых прашчураў у дачыненні да нашчадкаў: “Сам памірай, а жыта сей!” І сеялі тое жыта, нават калі  дакладна ведалі, што жаць ім яго наўрад ці давядзецца... Многія сотні гадоў на такім вось духоўным імператыве, поруч з іншымі, і трымалася ўнутраная духоўная моц нашага племені. Да прыкладу, у часы дзяцінства маіх бацькоў немагчыма было сабе і ўявіць, што бацька ды яшчэ і разам з маці (!) непрабудна п’юць дома гарэлку, а іхніх дзетак у гэты час нехта корміць і даглядае, так бы мовіць, падстрахоўвае гэтых “зязюль”... А калі падобнае, не дай Бог, здаралася, то грамада на такіх вельмі хутка і даходліва знаходзіла сродкі ўплыву, часта ў самым літаральным сэнсе. (Праўда, не надта зважаючы на прававы аспект.) Пасля такой “грамадскай работы” нядбайныя бацькі, паціраючы свае добра памятыя  бакі,  надоўга заракаліся  праяўляць нядбайнасць да тых, каго самі па добрай волі нарадзілі на свет... Сёння дзяржава спрабуе рабіць практычна тое самае, захоўваючы пры гэтым усе прававыя нормы цывілізаванага сучаснага грамадства.
Але згаданы ўказ — толькі адзін з аспектаў вырашэння праблемы сірот пры жывых бацьках. Ды і ў шматлікіх каментарыях нашых службовых асоб, адказных за выкананне гэтага рашэння, рэфрэнам гучыць практычна адна  і тая ж думка (і тут той самы выпадак, калі ад такога аднадушша толькі сэрца радуецца!): “Галоўная нашая задача — не прымусіць і не пакараць гэтых заблукалых людзей, а знайсці яшчэ адзін  важкі дадатковы рычаг, каб уразуміць і вярнуць іх на нармальны чалавечы шлях!..” А шлях той спрадвеку традыцыйны для беларусаў — дзеці пры жывых бацьках мусяць гадавацца не ў суседзяў ці ў “казённым доме”,  а ва ўласнай сям”і!.. І гэта, відавочна, і ёсць галоўная мэта, дзеля якой і ствараўся гэты зусім няпросты прававы дакумент.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter