Вербнiца — у лепшае верыцца

Заўтра — адно з самых прыгожых, светлых, урачыстых хрысцiянскiх святаў — Вербная нядзеля. Свята вясны i веры, сонца i дабра. Тысячы людзей пойдуць да храма з галiнкамi вярбы, вiтаючы Бога ў сваёй душы, спадзеючыся на дараванне i выратаванне.

У слаўным горадзе Iерусалiме амаль дзве тысячы год назад таксама была вясна. Але ў царстве Iудзейскiм мала хто звяртаў на яе ўвагу, напэўна: там панавалi страх, распуста i пошасць. (Варта толькi ўспомнiць норавы пры двары цара Iрада i тое, што ўкрыжаванне было самым распаўсюджаным пакараннем смерцю.) Людзi чакалi Месiю, людзi малiлi Неба аб выратаваннi. I  Месiя з’явiўся. З’явiўся з дзiўнымі для таго жорсткага часу словамi аб любовi да блiжняга, са спагадлiвымi i абнадзейваючымi словамi суцяшэння: “Благаславёныя засмучаныя, бо суцешаныя будуць”, “Благаславёныя тыя, каго пераследуюць за справядлi-васць, бо iх ёсць Валадарства Нябеснае”. I калi ён уязджаў у горад на белым асле, натоўп узрушаных радасных людзей крычаў яму: “Асана!” i ўсцiлалi яму дарогi пальмавымi лiстамi i ўласным адзеннем. I кожны верыў, што вось яно, выратаванне, што больш не будзе нi пошасцi, нi слёз, нi распятых на крыжах абапал дарог...
Лiтаральна праз пяць дзён гэты самы натоўп раз’юшана крыкне: “Распнi яго!”,  загадаўшы нашчадкам складаную загадку: што насамрэч было страшней — пацалунак Iуды цi гэты вось агульны прысуд. Самае дзiўнае, што за гэтых людзей Ён пайшоў на крыж, не адмовiўся ад наканаванага, не папрасiў аб уратаваннi нават у смяротных пакутах. Тым самым сцвердзiўшы словы аб любовi, дараваннi, мiласэрнасцi. Аб выбары, які кожнаму з нас Неба дазваляе рабiць самому.
Мяняюцца стагоддзi, цывi-лiзацыi, межы, улады, але непарушным застаецца адно: вясной мы з пальмавымi гал-iнамi цi з галiнкамi вярбы iдзём да храма. Сцвярджаючы Яму, але найперш самiм сабе, што мы — тыя, хто верыць, што ён выратуе, даруе, дапаможа. Што мы падобныя на тых, першых, якiя вiталi Яго ў сваiм горадзе i душах, але нiколi не будзем падобныя на iх пасля, калi яны, шалеючы, кiдалi ў Яго камянi i патрабавалi Яго страты. У гэтым наш свядомы выбар i частка нашага з Iм запавету.
Сёлета вялiкiя веснавыя святы ў асноўных хрысцiянскiх канфесiй Беларусi супалi. Пацягнуцца заўтра чэргi прыбраных людзей з галiнкамi вярбы да цэркваў i да касцёлаў (а ў многiх нашых гарадах i мястэчках гэтыя храмы стаяць зусiм побач). Мы будзем вiншаваць адно аднаго, сцябаць жартаўлiва галiнкамi асвячонай вярбы з пажаданнем дабрабыту i здароўя. I адчуваць, што вясна прыйшла, i верыць, што ў нас ва ўсiх усё спраўдзiцца i ўсё атрымаецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter