Вербная нядзеля

Пальмовая, або Вербная, нядзеля адзначаецца за тыдзень да Вялікадня.

Пальмовая, або Вербная, нядзеля адзначаецца за тыдзень да Вялікадня. У гэты дзень вернікі ўспамінаюць уваход Госпада ў Іерусалім, калі ізраільскі народ сустрэў Ісуса як Месію, кідаючы на дарогу вопратку і пальмовыя галіны з крыкамі: “Гасанна ў вышынях! Блаславёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”

— Прыходзячы сёння ў храм з вербачкамі, якія сімвалізуюць жыццё, мы таксама прызнаём Ісуса сваім Збаўцам, прадвяшчаем вялікую падзею, якая адбудзецца праз тыдзень, — расказвае протаіерэй Яўген Свідэрскі. — Нездарма напярэдадні Вербнай нядзелі мы адзначаем Лазараву суботу, якая ўпэўнівае нас у вечным уваскрасенні. Ісус ведаў: народ, які будзе вітаць яго ў Іерусаліме, хутка адрачэцца ад яго. Прадракаючы гэтыя падзеі, ён папярэджвае людзей, каб яны не паддаліся спакусам, і ўмацоўвае іх веру, уваскрасаючы Лазара.

Пальмовай нядзеля перад Вялікаднем стала называцца з ХІ стагоддзя, калі ўзнік звычай бласлаўляць у гэты дзень пальмовыя галінкі. Паколькі ў Беларусі, як і ў суседніх краінах, пальмы не растуць, вернікі прыходзяць у храм з галінкамі вярбы, якія па-рознаму ўпрыгожваюцца. Адсюль яшчэ адна назва свята — Вербная нядзеля, або Вербніца.

— Месцамі захавалася традыцыя, згодна з якой асвечанымі вербачкамі злёгку пабіваюць знаёмых і родных, асабліва тых, хто застаўся дома і не ўдзельнічаў у службе, — расказвае ксёндз Кірыл Бардонаў. — Пры гэтым кажуць такія або падобныя словы: “Не я б’ю — вярба б’е”. Аднак падкрэслім, што гэта народная традыцыя і што само па сабе бласлаўленне вярбы ў гэты дзень без малітвы і жадання змяніць сваё жыццё мала што значыць.

Асвячоныя ў храмах галінкі вярбы прынята захоўваць на працягу ўсяго года. Як правіла, імі ўпрыгожваць абразы і “чырвоныя куты”.

Пальмовая нядзеля ўводзіць вернікаў у апошні этап падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята і распачынае Вялікі тыдзень, або Тыдзень пакутаў Гасподніх, падчас якога асаблівым чынам звяртаецца ўвага на такія падзеі, як апошнія дыскусіі Хрыста з іудзеямі ў святыні, прадказанне аб разбурэнні Іерусаліма, апошняя вячэра з вучнямі (Вялікі, “чысты” чацвер), арышт і ўкрыжаванне Ісуса (Вялікая пятніца), прабыванне Хрыста ў труне (Вялікая субота).

Згодна з народнымі традыцыямі, у апошні тыдзень перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак дома: мыць вокны, дзверы, столь, перамываць посуд і гэтак далей. Аднак святары рэкамендуюць вялікае прыбіранне перанесці на тыдзень перад Вербнай нядзеляй.

— Тыдзень перад Вялікаднем больш правільна праводзіць у храме, — лічыць протаіерэй Яўген Свідэрскі. — Многія звязваюць “чысты” чацвер з хатнімі клопатамі, неабходнасцю прыбрацца і прыгатаваць велікодныя стравы. Але Вялікі чацвер у першую чаргу нагадвае нам пра важнасць чысціні духоўнай. Гэта дзень усталявання сакрамэнту Еўхарыстыі на Таемнай вячэры. І нам варта далучыцца да гэтай вячэры, прычасціцца перад Вялікаднем. Вядома, на Тыдні пакутаў Гасподніх трэба прысвяціць пэўны час і падрыхтоўцы да свята. Але варта так распланаваць свой дзень, каб гэтыя клопаты не перашкаджалі наведванню храма і малітве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter