Может ли христианин быть суеверным

Вера выключная i дастатковая

Цi можа чалавек верыць у забабоны? Што рабiць, калi дарогу перабяжыць чорны кот? I цi чытаць гараскоп на наступны тыдзень? Сёння паразважаем над тым, цi можна ўсё гэта спалучыць з хрысцiянствам.


Англiйскi пiсьменнiк Чэстэртан зрабiў вывад: «Калi чалавек перастае верыць у Бога, то можа паверыць ва ўсё, што заўгодна». Здаецца, дасягненнi навукi сфармiравалi вельмi рацыянальнае грамадства. Аднак людзi перастаюць насiць хрысцiянскiя сiмвалы i замест iх карыстаюцца амулетамi, чытаюць не Бiблiю, а гараскопы, прыслухоўваюцца да парад экстрасэнсаў, а не святароў. «Рацыянальнасць» праяўляецца ў тым, каб пазбягаць усяго хрысцiянскага. Нават Рональд Рэйган, калi быў прэзiдэнтам ЗША, перад прыняццем iстотных для дзяржавы рашэнняў прасiў парады ў астролага.

Навукова не даказана анi тое, што зоркi маюць уплыў на лёсы людзей, анi эфектыўнасць астралагiчных рэкамендацый. Хрысцiянскае ж вучэнне мы не можам супрацьпаставiць прыродазнаўчым навукам, таму што вера адказвае на пытаннi аб сэнсе жыцця чалавека, пазнае рэчы, якiя iснуюць па-за розумам. Бiблiю нельга чытаць як падручнiк па хiмii цi бiялогii, а толькi як дапаможнiк у пытаннях веры i маралi.

Тое, у што вераць людзi, часам нагадвае «кампот» з розных забабонаў, павер'яў i нейкiх элементаў хрысцiянства. Нас можа напужаць чорны кот, якi пераходзiць вулiцу. Але ж у некаторых краiнах лiчыцца, што чорны кот, наадварот, прыносiць поспех. А тое, што нехта лiчыць забабонамi, з'яўляецца хутчэй праяўленнем этыкету, выражэннем своеасаблiвай павагi. Такiм жэстам, напрыклад, можа быць непрацягванне рукi праз парог, акрэсленая колькасць кветак у букеце i г. д. У аднаго народа нейкi колер будзе лiчыцца жалобным, у другога — святочным. Многае залежыць ад таго, якi сэнс мы ўкладваем у тое цi iншае дзеянне.

У светапоглядзе многiх людзей няма паслядоўнасцi, яны вераць «на ўсякi выпадак»: можа, гэта даможа, а можа, i нешта iншае, часам супрацьлеглае. Аднак, як кажа народная мудрасць, нельга запалiць i Богу свечку, i д'яблу агарак. Калiсьцi прыйдзе час адказаць на пытанне: з кiм ты быў па жыццi? Кiм ты быў па жыццi? Цi не прыйдзецца нам тады сказаць, што я быў забабонным хрысцiянiнам, якi не жыў па-хрысцiянску? Можа быць, прыйшоў час зразумець, што немагчыма адначасова верыць у Бога i ва ўсё iншае? Давяраць Богу i ўсяму iншаму? Веры ў Хрыста мае быць нам дастаткова, каб ужо нiчога не баяцца.

Ксёндз Кiрыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter