Вера і навука

Як можна спалучыць веру ў Бога з навуковымі дасягненнямі? Ці можна даказаць навуковымі эксперыментамі, што Бог існуе або, наадварот, не існуе? Ці можа навуковец быць веруючым чалавекам? Такія пытанні ўзнікаюць у некаторых людзей. У першую чаргу хочацца сказаць, што многія прызвычаіліся думаць шаблонамі. Такія паводзіны спрашчаюць жыццё — у свеце, дзе ёсць шмат рознай інфармацыі, трэба менш думаць, і гэта ўжо дасягненне. Аднак кожны шаблон, кожнае спрашчэнне аддаляюць нас ад рэчаіснасці.


Для многіх людзей Каталіцкі Касцёл, як і любая іншая канфесійная структура, успрымаецца як інстытут, які на працягу свайго існавання змагаўся з дасягненнямі навукі і аддаляў людзей ад прагрэсу. І тут хацелася б узгадаць пра некаторыя нюансы. Усе самыя старажытныя еўрапейскія ўніверсітэты былі заснаваны Каталіцкім Касцёлам. У гэтых навучальных установах заўсёды было некалькі факультэтаў, класічна чатыры — тэалогіі, юрыспрудэнцыі, медыцыны і філасофіі. У большасці краін Касцёл быў і застаецца структурай, якая мае намер адукаваць лю­дзей, нават тады, калі яны з Касцёлам ніяк не звязаны.

Хтосьці можа ўзгадаць пра інквізіцыю, якая ўспрымаецца як апарат стрымання дзейнасці кожнага навукоўца ў Сярэдневякоўі. Сапраўды, ёсць шмат сумных гісторый пераследу, пераважна жанчын, якіх падазравалі ў варажбе. Тут можна ўзгадаць працэс «салемскіх варажбітак», які адбываўся на тэрыторыі сучасных ЗША і ў выніку якога былі пакараны смерцю некалькі мужчын і жанчын. Гэта вельмі красамоўны прыклад, паколькі падчас працэсу дзяржаўная юрыдычная сістэма падазравала сотні людзей у варажбе. Аднак гэты працэс ніяк не звязаны з Каталіцкім Касцёлам, бо яго ўдзельнікі былі пратэстантамі і ён адбываўся нават не ў Сярэдневякоўі, а ў так званым Новым часе, згодна з сучаснай перыядызацыяй гісторыі. Аказваецца, што падазрэнні ў варажбе былі распаўсюджаны ў розных краінах і сярод розных канфесій і яны ўспрымаліся як парушэнне актуальнага заканадаўства, а не як спроба стрымаць развіццё навукі. Такія юрыдычныя працэсы і дзеючае заканадаўства былі адлюстраваннем светапогляду тагачаснага грамадства.

Славутаму Галілею прыпісваюць прыгожыя словы: «Біблія — гэта кніга пра тое, як трапіць на Неба, а не кніга пра астраномію». Бог мог скарыстацца рознымі шляхамі, каб стварыць гэты свет і чалавека. Вывучэннем гэтых шляхоў няхай займаюцца прыродазнаўчыя навукі, але яны не маюць на мэце адказаць на самыя важныя пытанні для чалавека: для чаго быў створаны свет і для чаго людзі жывуць на гэтым свеце.

У пачатку мінулага стагоддзя адзін навуковец прыйшоў да высновы, што Сусвет быў створаны ў выніку Вялікага выбуху матэрыі. Цяпер большасць людзей прытрымліваецца менавіта такога меркавання. Гэтага навукоўца звалі Жорж Ляметр. Як гэта ні дзіўна, ён быў каталіцкім святаром, паступова стаў адным з найбольш славутых астрафізікаў ХХ стагоддзя. Пра што мог думаць ксёндз Жорж, вывучаючы Сусвет? Магчыма, пра тое, што Бог бязмежны і даў людзям велізарны Сусвет, у якім кожны чалавек можа знайсці сваё месца...

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter