Пасля запуску БелАЭС тарыфы на электраэнергію знізяцца

Вельмі выгадны атам

Тарыфы на электра­энергію пасля запуску атамнай электра­стан­цыі, што будуецца ў Астра­вецкiм раёне, знізяцца. Такую думку напярэдадні XXII Беларускага энергетычнага і эка­лагічнага форуму агучыў начальнік упраўлення энерга­эфектыўнасці, экалогіі і навукі Мінэнергетыкі Сяргей Грэбень:

Першы энергаблок БелАЭС плануюць запусціць у 2019 годзе, другі — у 2020-м
— З уводам БелАЭС сабекошт электраэнергіі будзе ніжэй, і тарыфы на электраэнергію для спажыўцоў знізяцца. Цяпер прапрацоўваецца, у якім памеры будзе гэтае зніжэнне.

Міністэрства энергетыкі таксама вызначае новыя падыходы, каб стымуляваць выкарыстанне электраэнергіі ў вялікіх аб'ёмах. І гаворка iдзе не толькі пра электратранспарт.

Асобна закрануў спецыяліст тэму аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ), развіццё якіх, паводле яго слоў, пасля запуску Беларускай АЭС згортвацца не будзе:

— Я б не казаў аб згортванні праграмы развіцця такой энергетыкi. Сутнасць у гарманічным развіцці ўсіх крыніц энергіі, таму што ў нас ёсць мадэрнізаваныя газавыя магутнасці, якія далі для краіны вялікі эфект, у тым ліку зніжэнне тарыфаў на электраэнергію.

Ён таксама дадаў, што з уводам БелАЭС структура энергасістэмы застанецца ранейшай. Магутнасці прырастаюць і будуць прырастаць у асноўным за кошт аднаўляльных крыніц энергіі. Сяргей Грэбень прывёў наступныя даныя: на пачатак гэтага года сумарная электрычная магутнасць усіх установак АКЭ складала 153 МВт, у цяперашні час ужо 262 МВт. 

— Да канца 2020 года іх магутнасць дасягне 950 МВт, што супастаўна з яшчэ адным энергаблокам Беларускай АЭС. Магутнасць вялікая, таму іх працу цяпер трэба рэгуляваць, а іх стварэнне ажыццяўляць такім чынам, каб яны працавалі ў графіку энергасістэмы краіны.

Але гаворка ідзе не толькі пра спажыванне энергіі, а таксама пра яе беражлівае выкарыстанне. Так, па словах Сяргея Грэбеня, ужо да 2020 года ўсё новае шматкватэрнае жыллё ў краіне будзе энергаэфектыўным:

— Прадугледжваецца, што шматкватэрнае жыллё будзе будавацца толькі ў энергаэфектыўным выкананні. Гэта будзе магчыма ў тым ліку за кошт выкарыстання другасных энергетычных рэсурсаў, аўтаматызацыі сістэм кіравання мікракліматам.

Антанiна МIХАЙЛАВА

Фота БелТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter