Эксперты разъяснили, где и как приобрести акции белорусских предприятий

Вельмi каштоўныя паперы

Банкаўскія дэпазіты пакуль застаюцца самым папулярным інструментам для тых, хто хоча зберагчы і прымножыць свой капітал. Нямала і тых, хто інвесціруе ў нерухомасць або каштоўныя металы. А вось такія фінансавыя інструменты, як каштоўныя паперы, сярод радавых «укладчыкаў» пакуль не надта папулярныя. У нас гэта хутчэй прэрагатыва прафесіяналаў. Тым не менш цікавасць у радавых грамадзян да фондавага рынку прачынаецца. Адзін са зваротаў, які паступіў да «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», тычыўся якраз магчымасці куплі акцый беларускіх кампаній.

fenstermaker.com

Кіруюць балем не акцыі

Для пачатку ўвядзём чытачоў у курс справы з сітуацыяй на беларускім фондавым рынку. Па да­дзеных Мінфіна, акцыйны рынак краіны выглядае так: усяго на ім — 4411 адкрытых і закрытых акцыянерных таварыстваў, агульны аб’ём эмісіі акцый на 1 студзеня склаў 32,7 рубля па намінальным кошце, сума здзелак з акцыямі ў мінулым годзе па ўсіх сегментах рынку дасягнула 718,01 млн рублёў. Аб’ём аперацый з паперамі адкрытых акцыянерных таварыстваў склаў 111,9 млн рублёў.

Па ацэнцы дырэктара Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Аляксея Красінскага, якую ён агучыў у ходзе IV «круглага стала» «Пазыковы рынак Рэспублікі Беларусь», рынак акцый сціскаецца:


— Па структуры аперацый хацелася б звярнуць увагу вось на што: у мінулым годзе рынак акцый яшчэ мацней паменшыўся. Па факце каля 97 працэнтаў аперацый на фондавым рынку — гэта здзелкі з аблігацыямі. Ды таго ж, на жаль, у нас па-ранейшаму дамінуе неарганізаваны рынак каштоўных папер.

Прадстаўнікі Міністэрства эканомікі пацвярджаюць: аб’ём аперацый на рынку акцый (у гадавым выражэнні менш за 1 працэнт ВУП) сапраўды ўяўляецца недастатковым і кажа аб наяўнасці значнага патэнцыялу для яго развіцця.

— Прычын неразвітасці рынку каштоўных папер шмат, і адна з іх у тым, што акцыі — спецыфічны, дастаткова рызыкоўны інструмент інвесціравання, які патрабуе пэўнага ўзроўню фінансавай адукаванасці, — звяртаюць увагу спецыялісты. —Безумоўна, дзяржава зацікаўлена ў тым, каб грамадзяне як мага больш сваіх сродкаў інвесціравалі ў каштоўныя паперы, і ў гэтым напрамку робіцца нямала намаганняў.

Адным з кірункаў актывізацыі рынку каштоўных папер з’яўляецца адчужэнне акцый, якія належаць такому акцыянеру, як дзяржава. У адпаведнасці з законам аб прыватызацыі акцыі могуць быць прададзеныя на аўкцыёне, па конкурсе, а таксама па выніках давернага кіравання. Акрамя таго, акцыі прадаюцца на аўкцыёне Беларускай валютна-фондавай біржы. Дзякуючы ўдасканаленню заканадаўства з канца мінулага года спосаб продажу праз біржу даступны і адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам. У Мінэканомікі ўпэўнены: гэта дазволіць павялічыць колькасць таварыстваў з удзелам дзяржавы, акцыі якіх можна будзе набыць на біржы. Праўда, чарговы аўкцыён па продажы акцый васьмі адкрытых акцыянерных таварыстваў («Минский Промтранспроект», «Специализированное управление механизации № 96», ЦАВК, «Завод Промбурвод», «МинскСортСемОвощ», «Мотекс», «Беллегпромпроект» і «Бобруйская обувная фабрика»), абвешчаны ў канцы сакавіка, не адбыўся.

Акрамя таго, да гэтага часу дзейнічае і механізм набыцця дзяржаўных акцый у абмен на імянныя прыватызацыйныя чэкі «Маёмасць» (такую магчымасць можна рэалізаваць у аддзяленнях Беларусбанка).

Схема па кроках



Акцыі лічацца больш рызыкоўным інструментам інвесціравання. Існуе заканамернасць: чым вышэй меркаваны прыбытак, тым больш рызыка. Неабходна памятаць, што ажыццявіць такія здзелкі фізічная асоба можа толькі на біржавым рынку з прыцягненнем праф­удзельнікаў (брокера альбо давернага кіраўніка). Таксама такія аперацыі звязаны з выплатай біржавога збору і іншых камісій.

Спіс акцый, даступных для набыцця, можна знайсці на сайце Рэспубліканскага цэнтральнага дэпазітарыя каштоўных папер і на сайце Беларускай валютна-фондавай біржы. А далей распісваем шлях па кроках: спачатку вам прыйдзецца заключыць дагавор з дэпазітарыем (калі ён адсутнічае), а таксама дагавор камісіі з брокерам. Пасля трэба адкрыць у банку грашовы рахунак, каб унесці суму грашовых сродкаў, што накіроўваюцца на набыццё акцый. Потым неабходна пералічыць суму на рахунак брокера, з якім заключаны дагавор камісіі, або ўнесці грошы наўпрост на рахунак брокера.

Затым брокер падасць у гандлё­вую сістэму біржы заяўку на куплю акцый. У выніку здзяйснення здзелкі акцыі паступяць у дэпазітарый на рахунак «дэпо» пакупніка.

 Нагадаем, беларусы могуць набываць акцыі замежных кампаній, пры гэтым мінімальная сума інвесціравання павінна складаць 5–10 тысяч долараў. Для гэтага прыйдзецца таксама сабраць шэраг неабходных дакументаў і атрымаць дазвол у Нацбанку. Акрамя таго, калі вы атрымаеце дывідэнды ад кампаніі-нерэзідэнта, не забывайце аб выплаце падаходнага падатку.

Развіццё рынку

А як жа далей будзе развівацца рынак каштоўных папер у краіне? У Дэпартаменце па каштоўных паперах Мінфіна пералічва­юць задачы развіцця да 2020 года. Сярод іх — развіццё інстытутаў калектыўных інвестыцый, стварэнне ўмоў для актыўнага ўдзелу суб’ектаў гаспадарання і грамадзян на фінансавым рынку, уніфікацыя падыходаў у рэгуляванні з улікам сусветнай практыкі. Акрамя таго, у перспектыўных мэтах — падрыхтоўка да ўступлення ў Міжнародную арганізацыю камісій па каштоўных паперах (IOSCO), інтэграцыя фінансавых рынкаў у рамках ЕАЭС, адмена пераважнага права выканкамаў на куплю акцый, актывізацыя продажаў дзяржпакетаў акцый праз біржу, прамы доступ непрафесійных інвестараў да таргоў на біржы.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter