
Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч вітаў гасцей і ўдзельнікаў форуму падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця. Ён нагадаў, што мерапрыемства ўжо праходзіць у 24-ы раз і стала традыцыйным для прадстаўнікоў розных галін:
— Форум — важная падзея ў жыцці краіны. Пытанні энергетычнай бяспекі маюць вельмі важнае значэнне для любой дзяржавы. Асноўнымі арыенцірамі нашай краіны з’яўляюцца энергетычная самастойнасць, дыверсіфікацыя пастаўшчыкоў энергарэсурсаў, зніжэнне нагрузкі на навакольнае асяроддзе. У Беларусі дасягнуты высокія паказчыкі па эканомным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў, уключэнні мясцовых і аднаўляльных крыніц энергіі. Важнае значэнне мае і рэалізацыя ў краіне Нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы.

У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін заўважыў, што на форуме прадстаўлены самыя сучасныя распрацоўкі:
— На нашым стэндзе прысутнічаюць 25 навуковых арганізацый. Тут прадстаўлена больш за 150 экспанатаў.

У прыватнасці, ён таксама расказаў аб тэхналагічнай распрацоўцы на стыку энергетыкі і экалогіі — спецыяльных свяцільнях для цяпліц, якія дазваляюць не толькі эканоміць электраэнергію пры асвятленні, але і паскараюць рост раслін з улікам усіх экалагічных фактараў. Таксама на стэндзе арганізацыі прадстаўлены электраскутар, новыя тэхналогіі апрацоўкі металу і яго рэзкі.

Форум прыцягвае ўвагу вядучых беларускіх і сусветных вытворцаў абсталявання, тэхналогій і матэрыялаў і з’яўляецца адным з самых буйных па гэтай тэматыцы ў краінах СНД і Балтыі. Праграма форуму налічвае больш за 20 мерапрыемстваў у розных фарматах.
kryzhevich@sb.by