О деликатных проблемах в инвалидном кресле

Вельмі далікатна пра Жаночае здароўе

Жанчыны — істоты больш уразлівыя. А жанчыны з інваліднасцю — уразлівыя ўдвая. Асабліва калі гаворка ідзе пра такую далікатную справу, як наведванне ўрача-гінеколага. Для пацыенткі ў калясцы альбо асобы з іншай формай інваліднасці прыём патрабуе і больш часу, хаця рэгламентам медустановы гэта не прадугледжана, і больш высокай кваліфікацыі медыка — ён павінен умець тактоўна і прафесійна абыходзіцца з такімі людзьмі.

taylorandscott.com.au

Аднак галоўны бар’ер на шляху атрымання медыцынскай паслугі — фізічны. Стандартнае гінекалагічнае крэсла вышынёй 90 сантыметраў, а каляска — 55 сантыметраў. Медперсанал у такіх выпадках губляецца, а жанчына, каб пазбегнуць моманту прыніжэння і нязручнасці, проста адмаўляецца ад штогадовых прафілактычных аглядаў. Безумоўна, ёсць клінікі, дзе фізічныя бар’еры для асаблівых жанчын знятыя. Як, напрыклад, у вядучай у сферы жаночага здароўя ўстанове РНПЦ «Маці і дзіця». Там і абсталяванне, і памяшканні адаптаваны пад патрэбы жанчын-інвалідаў. Не выпадкова сюды, на чацвёрты ўзровень аказання медыцынскай дапамогі, накіроўваюць нараджаць усіх жанчын з інваліднасцю. Так, сур’ёзныя праблемы са здароўем не ставяць крыж на рэалізацыі рэпрадуктыўных правоў. Сітуацыі, калі пары на інвалідных калясках становяцца бацькамі, ужо мала каго здзіўля­юць. Жанчыны, якія перажылі трансплантацыю органаў, нараджаюць здаровых дзяцей. Толькі ў мінулым годзе 43 беларускі з чужымі ныркамі і печанню сталі мамамі, нягледзячы на жыццёвапагражальны дыягназ.

Астатнім медустановам, асабліва з рэгіянальнай прапіскай, да безбар’ернага асяроддзя, трэба прызнаць, яшчэ далёка. Статыстыкі, наколькі забяспечаны нашы жаночыя кансультацыі адаптаванымі гінекалагічнымі крэсламі, няма. Аднак вопыт Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, якая вывучала стан праблемы некалькі гадоў таму, паказвае: рухацца ёсць куды. Крэслаў тады было каля васьмi на ўсю краіну. Хаця, для параўнання, ва Украіне, якая большая за нашу краіну і па плошчы, і па насельніцтву ў некалькі разоў, было ўдвая менш.

Варта сказаць і пра адсутнасць у медустановах дастатковай колькасці пандусаў, неадаптаваных, з вузкімі праходамі ліфтаў: у старых будынках «перакроіць» усё нанава — задача часта невырашальная. Актуальная і праблема недахопу ведаў і навыкаў медыкаў. Па дадзеных ААН, верагоднасць адмовы ў медыка-сацыяльнай дапамозе ў жанчын з інваліднасцю ў 3 разы вышэй, чым у звычайных пацыентаў, няўважлівага стаўлення — у 4 разы, а шанц на тое, што база ведаў урача не будзе адпавядаць патрэбам хворага — у 2 разы.

Здорава, калі тэма безбар’ернага доступу да медыцынскіх паслуг хвалюе не толькі саміх інвалідаў ды галоўных урачоў бальніц. Зараз у краiне рэалізуецца праект «Бязмежная», які нацэлены наблізіць медыцынскія сэрвісы да «асаблівых» жанчын. Ён аб’ядноўвае рэсурсы бізнесу, грамадскіх аб’яднанняў і грамадскай супольнасці. Арганізатары — Парк высокіх тэхналогій, Міністэрства аховы здароўя, Фонд ААН па народанасельніцтву, арганізацыі інвалідаў. На краўдфандынгавай пляцоўцы адкрыты збор сродкаў. Любы беларус можа падтрымаць ідэі праекта, ахвяраваўшы пасільную суму. Яшчэ варыянты далучыцца да гэтай справы — набыць сертыфікат на комплекснае даследаванне рэпрадуктыўнай сферы з 30-працэнтнай зніжкай у клініцы «Ева» альбо майку ці сумку з адпаведнай сімволікай. Сродкі папоўняць бюджэт «Бязмежнай».

Дарэчы, першы крок у пераадоленні фізічнага бар’ера быў зроблены яшчэ да запуску праекта. Спецыяльнае гінекалагічнае крэсла набылі для Мінскага абласнога раддома. Наступным уладальнікам падарунка стане Брэсцкі абласны раддом. Усяго плануецца набыць не менш за 6 адзінак такога абсталявання. А потым перайсці з абласнога на раённы ўзровень. Дарэчы, адаптаванае пад магчымасці інвалідаў крэсла каштуе ад 5 да 8 тысяч еўра.

Вялікім структурам складана вырашаць такія дробныя задачы. Ды наогул патрабаваць толькі ад дзяржавы займацца праблемамі людзей з інваліднасцю няправільна. Ва ўсім свеце да гэтага падключаюцца ўсе грамадзянскія супольнасці, грамадскія і дабрачынныя арганізацыі, бізнес. Як ні круці, сёння кожны сямнаццаты жыхар Беларусі мае тую ці іншую форму інваліднасці.

Паўдзельнічаць у праекце можна да 12 кастрычніка.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter