«Вельмі шкада, што не збылося студэнцкае каханне...»

ВЁСКА Солы Смаргонскага раёна больш падобна на мястэчка з прыгожай плошчай у цэнтры, на якой кантора мясцовай гаспадаркі, сельсавет, пошта, магазіны, сярэдняя школа, дзіцячы садок і амаль трохсотгадовы гатычнага стылю мураваны з валуноў касцёл. У розныя бакі ад плошчы разыходзяцца солаўскія вуліцы. За акуратна прыбранымі агародамі, падворкамі праходзіць чыгунка, што вядзе з Мінска на Вільнюс, і шаша са Смаргоні на Астравец. — У 1957 годзе я пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута была накіравана галоўным заатэхнікам у калгас імя Кірава Смаргонскага раёна. У той час толькі тры заатэхнікі ў раёне мелі вышэйшую адукацыю. Гаспадарка была невялікай, але шматпрофільнай. Акрамя жывёлагадоўчай фермы, была свінаферма, трымалі коней, авечак, кур. І я адказвала за кормазабеспячэнне ўсёй гэтай жыўнасці. Увогуле, у абавязкі галоўнага заатэхніка гаспадаркі тады ўваходзіла кармленне, развядзенне жывёлы і арганізацыя працы.

Пра што яшчэ ўспамінаецца сёння былому галоўнаму заатэхніку СВК «Солы» Смаргонскага раёна, ганаровай калгасніцы Аляксандры Міхайлаўне Сташкевіч

ВЁСКА Солы Смаргонскага раёна больш падобна на мястэчка з прыгожай плошчай у цэнтры, на якой кантора мясцовай гаспадаркі, сельсавет, пошта, магазіны, сярэдняя школа, дзіцячы садок і амаль трохсотгадовы гатычнага стылю мураваны з валуноў касцёл. У розныя бакі ад плошчы разыходзяцца солаўскія вуліцы. За акуратна прыбранымі агародамі, падворкамі праходзіць чыгунка, што вядзе з Мінска на Вільнюс, і шаша са Смаргоні на Астравец. — У 1957 годзе я пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута была накіравана галоўным заатэхнікам у калгас імя Кірава Смаргонскага раёна. У той час толькі тры заатэхнікі ў раёне мелі вышэйшую адукацыю. Гаспадарка была невялікай, але шматпрофільнай. Акрамя жывёлагадоўчай фермы, была свінаферма, трымалі коней, авечак, кур. І я адказвала за кормазабеспячэнне ўсёй гэтай жыўнасці. Увогуле, у абавязкі галоўнага заатэхніка гаспадаркі тады ўваходзіла кармленне, развядзенне жывёлы і арганізацыя працы.

— Аляксандра Міхайлаўна, зараз, каб забяспечыць кармамі пагалоўе, патрэбны толькі грошы. А ў тыя часы як гэта было?

— Усе кармы для грамадскага статка мы нарыхтоўвалі самі. Убіралі збожжавыя, малолі зерне, на АВМ выраблялі травяную муку. Усё было абсалютна натуральнае, ніякіх дабавак, але і прадукцыйнасць жывёлы была меншая. Надоі па тысячы кілаграмаў малака ад каровы ў год лічыліся паспяховымі. Прывагі на адкорме таксама ў некалькі разоў былі ніжэйшыя, чым сёння. І на палях ніякіх хімічных прэпаратаў не прымянялася. Глебу запраўлялі толькі арганікай, пасевы амаль ніякімі прэпаратамі не апрацоўвалі.

— Ці думалі тады, што назаўсёды звяжаце свой лёс з Соламі?

— У маладыя гады прывыкаць да новага месца значна лягчэй. Часта пісала дамоў, ездзіла да родных на Палессе, дзе засталіся маці і малодшая сястра. Я тут атрымлівала па тым часе неблагую зарплату і магла ім крыху дапамагаць. Старэйшая сястра Марыя падалася ў заробкі ў Расію, і там доўгія гады працавала. А потым прыехала да мяне ў Солы і тут уладкавалася працаваць на птушкафабрыцы. Цяпер жывём удваіх. Так і зручней, і весялей.

Трыццаць гадоў я адпрацавала на адным месцы ў гаспадарцы. Адсюль у 1987 годзе пайшла на заслужаны адпачынак. Тут усё маё асноўнае жыццё прайшло. Замужжа, дзеці, праца — усё звязана з Соламі.

— Напэўна, цяжка было развітвацца з працай перад выхадам на пенсію?

— Як у той песні, што з любой травінкай хочацца дружыць… Усё вельмі дорага сэрцу, тут асноўная частка жыцця прайшла. Калі падыйшоў час афармляць пенсію, старшыня гаспадаркі мне сказаў, што калі да выхаду на заслужаны адпачынак выйдзем на надой ад каровы 3000 кілаграмаў малака, тады падорым вам каляровы тэлевізар. Гэта ж быў 1987 год. Тады такі паказчык лічыўся высокім.

— І дасягнулі яго?

— Нават пераўзышлі. Доўга мне служыў той вялікі каляровы тэлевізар. Дарэчы, я першая ў гаспадарцы яго атрымала за працу. З першага працоўнага дня ў мяне галоўным была заатэхніка. Арганізаваць нарыхтоўку кармоў, пракантраляваць якасць і правільнасць яго захоўвання, нормы кармлення. Я ж прыехала са свежымі ведамі, прывезла з сабой усе канспекты, і спачатку, пакуль не было вопыту, вельмі часта зазірала ў іх, перачытвала, удакладняла дэталі.

— Маладыя гады, маладыя жаданні…

— Напэўна, чалавеку і даецца ў маладыя гады шмат энергіі, здароўя, каб многае паспець. Я старалася паспяваць усюды. На працы ўсё выдатна ладзілася. Паказчыкі ў гаспадарцы былі добрыя, мяне на ўсялякіх нарадах хвалілі. Не дарма ж потым прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны калгаснік», дзякуючы якому я зараз маю некаторыя прывілеі ад гаспадаркі. А што тычыцца жаданняў, то яны ў кожнага чалавека пастаянна ёсць. На тое і жыццё, каб жыць самымі рознымі марамі. Дзеля здзяйснення іх і жывем, працуем.

— Кахаем…

— І кахаем. Не абышло гэта і мяне. Праз год пасля прыезду ў Солы мне паступіла прапанова выйсці замуж. А сэрца яшчэ не астыла ад студэнцкага кахання. Моцнае яно было, мо таму, што першае. Не адпускала мяне доўга. Вагалася, цягнула з адказам. Але выйшла замуж. Малады, абаяльны, інтэлігентны мясцовы кавалер, за якога многія тут марылі выйсці замуж, спыніў свой выбар на мне. Нарадзіла сына, дачку. Дом прасторны пабудавалі, сад пасадзілі. На працы ўсё ладзілася. Шчасце захлынала мяне. Але было яно нядоўгім. У сорак два гады я аўдавела. Паўтарыла лёс маці, якая засталася ўдавою ў такім жа ўзросце. Бацька мой да вайны быў старшынёй калгаса. Застаўся, каб забяспечыць эвакуацыю калгаснай маёмасці, і не паспеў адысці. Фашысты акупіравалі наш раён, і бацьку па даносу, што ён камуніст, расстралялі. Маці нас траіх гадавала адна. У дзяцінстве мы, паўгалодныя, марылі аб кавалачку хлеба, як маглі дапамагалі маці, але штовосень ішлі ў школу. Маці з усіх сіл імкнулася даць нам адукацыю. Сямігодку я закончыла дома, а сярэднюю адукацыю атрымлівала ўжо ў Брагіне. Два гады жыла ў родзічаў, а ў апошні мне далі месца ў школьным інтэрнаце. Маёй светлай марай было стаць настаўніцай. Вучылася добра, і ўжо хацела паступаць у педагагічны інстытут, але брат маёй сяброўкі расказаў мне, што ў педагагічным інстытуце стыпендыю даюць толькі самым лепшым студэнтам, а ў сельскагаспадарчых вышэйшых навучальных установах нават троечнікам.

І мая мара, як воблака, расплылася. Падала дакументы ў ветэрынарны інстытут, каб толькі не заставацца ў вёсцы, дзе ў той час амаль нічога за працу ў калгасе не плацілі. За ўсе гады вучобы ўсяго некалькі троек атрымала. Старалася спасцігнуць усе веды, каб не сорамна было працаваць.

— Аляксандра Міхайлаўна, чвэрць стагоддзя вы на заслужаным адпачынку. Напэўна, аналізуеце перажытае, узгадваеце самыя значныя моманты мінулага. Мо, часам з вышыні пражытых гадоў думаеце, што нешта не так у жыцці зрабілі, не так паступілі...

— Бывае, і даволі часта. Наплывуць успаміны, і ніяк ад іх не адбіцца. Вось на паліцы ляжыць мой студэнцкі выпускны альбом. Калі перагортваю яго, зноў і зноў вяртаюся да сваёй маладосці. Калі гаварыць шчыра, вельмі шкадую, што не адважылася ў студэнцкія гады выйсці замуж. Як цяпер разумею, гэта было сапраўднае, моцнае каханне. І хаця муж у мяне быў добры, і дзецьмі сваімі вельмі задаволена, але і праз дзясяткі гадоў неспакойна на сэрцы, не гасне іскрынка, запаленая ў студэнцкія гады.

Некалькі разоў ездзіла на сустрэчы з выпускнікамі нашага інстытута, які цяпер стаў акадэміяй. Вельмі шкада, што тое маё студэнцкае каханне не збылося. А больш ні аб чым у жыцці не шкадую. І цяжка было адной выхоўваць двух дзетак, але нікому ніколі не скардзілася. Сыну Юрыю ішоў пятнаццаты год, а дачцы Алене дзясяты, як памёр мой муж. Усе гаспадарчыя клопаты ляглі на мае плечы. Цягнула, старалася. Аднойчы ў Смаргонскай раённай газеце мне прысвяцілі артыкул «Шчасце маці». І сапраўды гэта было маё вялікае шчасце, калі студэнтамі Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута сталі мае сын і дачка. Юра закончыў агранамічны факультэт, Алена атрымала дыплом спецыяліста па ахове раслін. Цяпер яны маюць свае сем’і. Чацвёра ўнукаў у мяне. Сын працуе першым намеснікам кіраўніка СВК «Смаргонскі», а дачка — намеснікам начальніка Смаргонскай раённай станцыі аховы раслін. І ўнук Аляксандр не здрадзіў сямейнай традыцыі. Ён сёлета закончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію і атрымаў размеркаванне ў СВК «Солы» галоўным заатэхнікам. Ці магла я некалі думаць, што праз пяцьдзясят шэсць гадоў вось так, як некалі і я ў Солах, узначаліць заатэхнічную службу мой старэйшы ўнук Аляксандр Сташкевіч. Розніца толькі ў тым, што я прыехала сюды Прышчэпавай, а праз год, пасля замужжа, стала Сташкевіч.

— Аляксандра Міхайлаўна, а вам не падаецца, што вытокі гэтай амаль што заканамернай традыцыі вядуць да продкаў?

— Напэўна, гэта так і ёсць. Мае карані глыбока звязаны з вясковым жыццём, як і карані мужа. Маці расказвала пра сваіх продкаў, якія спрадвеку працавалі на палескай зямлі, трымалі кароў, коней, свіней, авечак, хатнюю птушку. І як цяпер я разумею, невыпадкова мая мара стаць настаўніцай не здзейснілася, і не таму, што не хапала ведаў. А таму, што само жыццё мне ўказала шлях працягваць справу бацькі, які рана загінуў. І зараз я адчуваю вялікае шчасце, што мае дзеці, а цяпер ужо і старэйшы ўнук, не здрадзілі гэтаму выбару.

— Ці звяртаецца ён да вас за парадай, кансультацыяй?

— Яго тэлефонныя званкі для мяне самыя шчаслівыя хвіліны. Вельмі часта тэлефануе, а калі выдаецца вольны час, заязджае. Я не налюбуюся на яго: статны, стрыманы. Апантаны сваім заняткам. Я яму шмат чаго падказваю: як што пачынаць, як планаваць сваю дзейнасць, каб усё было дакладна. Праўда, ён не навічок у гаспадарцы. Двойчы ў «Солах» праходзіў вытворчую практыку. Яму ўжо тады давяралі самастойную працу, і ён добра зарэкамендаваў сябе. Таму кіраўніцтва і запрасіла яго ў гаспадарку.

Мне вельмі прыемна, што нам ёсць аб чым гаварыць. Я ж пастаянна цікаўлюся навінкамі заатэхнічнай службы, і ўсё ж такі маю вопыт, магу нешта слушнае яму падказаць. Да яго прыезду заўжды імкнуся нешта смачнае яму прыгатаваць. Тут мы ўжо за кулінараў удваіх з маёй старэйшай сястрой.

Ведаеце, мне ўвесь час гаварылі, што я нашу мужчынскае імя. І характар павінен быць у мяне мужчынскі. Заўжды ўмела патрабаваць ад іншых, і да сябе была вельмі патрабавальная. Гэта ж таксама характар, што ў маёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс — галоўны заатэхнік у Солах. Хаця за гады працы былі самыя розныя прапановы. Але працу, мужа і дом я ніколі не мяняла. Вось толькі веру давялося памяняць з праваслаўнай на каталіцкую.

— А як гэта здарылася?

— Калі мой кавалер Эдуард Сташкевіч прапанаваў замуж, умову паставіў, што вянчацца будзем у касцёле. У тыя часы амаль усе жыхары Солаў былі каталікі і святкавалі па каталіцкім календары. А я пасля атэістычнага студэнцтва і не ведала, на якія дні выпадаюць праваслаўныя святы. І каб, як кажуць, ісці з усімі ў нагу, дала згоду на вянчанне ў касцёле. Мяне ж не перахрышчвалі, а проста перайшла ў каталіцкую веру, дзяцей сваіх у касцёле хрысцілі. Вера-то адна — хрысціянская. Цяпер ужо ў мястэчку царква ёсць, і сястра мая старэйшая Марыя туды на службу ходзіць. Так і жывём з дзвюма верамі ў адной хаце. І цяпер, на дзявятым дзясятку жыцця, я ўдзячна Богу, што нікога не заклапочваем сваімі бытавымі пытаннямі. Загадзя дроў на зіму выпісалі. Нам іх прывезлі ва двор. Сын Юра прыехаў і ўсё папілаваў. Добрыя людзі пакалолі, а мы з сястрой паскладалі пад павецямі.

— Пра што думаецца зараз?

— Каб здароўе было і крыху яшчэ пажыць на свеце, каб усіх унукаў убачыць дарослымі, дачакацца іх вяселляў. Жэнька самы меншы, у восьмы клас пайшоў. А дзве ўнучкі ўжо маюць вышэйшую адукацыю. Хочацца яшчэ крыху нацешыцца ўнукамі. А мо, і праўнукаў дачакацца.

Часта думаю, што мне ў жыцці вельмі шчасціла на добрых людзей. Як толькі аўдавела, людзі падтрымлівалі, хто чым мог. У мяне ў той час была вялікая хатняя гаспадарка, і ўпраўляцца адной было немагчыма, бо яшчэ і вельмі адказная праца ў калгасе. Суседзі, знаёмыя, сябры ў той час вельмі падтрымалі мяне. Гэта цудоўная тутэйшая сялянская традыцыя, якая вядзецца з часоў выдатнага ўраджэнца гэтых мясцін Францішка Багушэвіча. Адтуль карані такой шчырасці, неабыякавасці да чужой бяды. Я ўдзячна многім за іх бескарысную дапамогу мне ў цяжкія часы, і сваіх дзяцей, унукаў я імкнулася выхоўваць такімі ж спагадлівымі да іншых.

— Аляксандра Міхайлаўна, ваш доўгі век, як мне падаецца, падараваны вам яшчэ і дзякуючы таму, што ўсё жыццё вы сярод чыстага наваколля. Ваш дом размешчаны ў такім прыгожым куточку мястэчка, навокал гаспадыня-восень ужо расфарбавала дрэвы, упрыгожыла падворкі пузатымі гарбузамі, вязанкамі цыбулі ці часнаку, наводзіць парадак на прасторных нівах і сенажацях, агучвае журботнымі гукамі адлятаючых журавоў. Любіце гэты шчодры час года?

— Я прыхільніца рамантычнай вясны, калі і гады — не гады. Заплюшчыш вочы і не адчуваеш, колькі табе споўнілася. І пад гарэзлівыя сонечныя промні летуценна мроіш аб нечым. А ў восень звычайна спіны не разгінаеш ад бульбяных радкоў, якім, здаецца, канца і краю няма. Перада мной, заатэхнікам, увосень заўжды стаяла праблема: як на зіму размясціць усё пагалоўе. За лета цялятак прыбавіцца, маладняк падрасце, і трэба ўсім знайсці памяшканні. Там не хапае вупражы, а там карыт усім не стае. А яшчэ падабраць і размеркаваць па догляду за жывёлай людзей. А яны з рознымі характарамі, і каб паміж імі згода была. І за ўсё гэта адказвае заатэхнік. І паспець трэба да маразоў. Аднойчы нечакана рана снег выпаў, а наш маладняк яшчэ ў летнім лагеры быў. Старшыня калгаса разгубіўся. Памяшканне для гэтага статку яшчэ не гатова, куды размяшчаць жывёлу? Я таксама расхвалявалася, але сябе стрымала і папрасіла, каб у летні лагер за цялушкамі прыслалі грузавікі абрашэчаныя. Па рацыі тут жа давала ўказанні, і так аператыўна да вечара мы ўвесь маладняк размясцілі. Але потым амаль усю ноч не спала. І зараз часта ціск трывожыць. Трыццаць гадоў нялёгкай працы бясследна не прайшлі.

— Як вы лічыце, каму цяжэй было пачынаць справу — вам ці ўнуку?

— Адзінае, што было агульнае ў мяне ў тыя далёкія гады і ў Аляксандра зараз — малады запал. А маладосць усё пераможа, усё пераадолее. У мяне тады былі свае асаблівасці, у яго цяпер — свае. Але жаданне працаваць, знайсці сябе ў справе — бадай што, самае галоўнае. Я радуюся кожнаму кроку яго, кожнаму дробнаму поспеху. Гаспадарка наша зараз — адна з найбольш эфектыўных у раёне. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў некалькі разоў большае, чым у мой час. Прадукцыйнасць значна вышэйшая. І ўсё гэта трэба яму не толькі ўтрымаць, а яшчэ і далей развіваць, дабівацца новых вытворчых вяршынь. Заатэхніка, як і любая іншая справа, не стаіць на месцы. Ужо аднымі канспектамі, як некалі гэта рабіла я, Аляксандру зараз не абыйсціся. Трэба ўвесь час трымаць руку на пульсе навукі і вытворчасці. А мае падказкі больш класічныя, узятыя з практыкі. Хацелася б, каб усё гэта разам, замацаванае руплівасцю і стараннем вяло па жыцці майго ўнука Аляксандра Сташкевіча. Асэнсавана ён узяўся працягваць справу, якой я прысвяціла ўсё працоўнае жыццё.

Уладзімір СУББАТ, “БН”

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter