Альтернатива автомобилям: как будет развиваться инфраструктура столицы для движения двухколесного транспорта

Велапрабег без перашкод

Чаму неабходна ўпарадкаваць сістэму аказання паслуг велашэрынгу? Як сябе зарэкамендаваў праект па вылучэннi палос для веласіпедыстаў на праезнай частцы па вуліцы Веры Харужай? Ці будуць павялічваць гарадскую веладарожку? Пра гэта і шмат што іншае ішла размова на прэс-канферэнцыі, прысвечанай развіццю сістэмы веласіпеднага руху і велаінфраструктуры ў Мінску.


Начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Міхаіл Пракапенка звярнуў увагу, што гарадскія ўлады маюць намер упарадкаваць аказанне паслуг велашэрынгу:

— Назіраем актыўную дзейнасць гэтага сэрвісу ў Мінску. Ад гараджан можна пачуць розныя водгукі. Часта пакінутыя ў некаторых месцах веласiпеды перашкаджаюць аўтамабілям і пешаходам. Напрыклад, не даюць прайсці або адкрыць дзверы ў пад’езд — транспарт часам пакідаюць проста на прыступках. Мы стараемся, не замінаючы развіццю прадпрымальніцтва, упарадкаваць аказанне такой паслугі. Абавязкова будзем дзейнічаць па паляпшэннi працы падобных сэрвісаў. Магчыма, праблему дапаможа вырашыць арганізацыя велапарковак.

Міхаіл Пракапенка прывёў у прыклад іншыя краіны, дзе таксама аказваюць аналагічныя паслугі. Так, у еўрапейскіх сталіцах і невялікіх гарадах падобныя сэрвісы ўжо даўно функцыянуюць і не ствараюць дыскамфорту для гара-джан. Насельніцтва падтрымлівае развіццё такіх праектаў:

— Мы хочам выкарыстаць станоўчы вопыт іншых гарадоў, дзе існуе ўпарадкаваны велашэрынг і арганізаваны велапаркоўкі, і будзем актыўна развіваць гэты сэрвіс на тэрыторыі нашага горада.

Закранулі на сустрэчы і новы для нашай краіны праект — вылучэнне палос для веласіпедыстаў на праезнай частцы па вуліцы Веры Харужай. Прадстаўнік Мінгарвыканкама заявіў, што, магчыма, сёння гэта і не самы дасканалы праект, але ў цэлым ён цікавы і запатрабаваны, людзі ім карыстаюцца:

— Вывучаем водгукі гараджан і спрабуем аператыўна рэагаваць, уносіць пэўныя карэкціроўкі. Але пакуль не плануем укараняць гэты праект на іншых вуліцах. Трэба ўсё ўзважыць, вызначыць, што палепшыць, вывучыць грамадскую думку: што задавальняе людзей, а што не. Толькі пасля гэтага можна зрабіць канкрэтныя крокі па выхадзе на іншую тэрыторыю i распаўсюдзiць новаўвядзенне.

Развіццё веларуху павінна быць камфортным для ўсіх.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Таксама Міхаіл Пракапенка падкрэсліў: трэба памятаць, што ўдзельнікі руху — гэта не толькі веласіпедысты, але яшчэ і аўтааматары, пасажыры грамадскага транспарту. Важна не пагоршыць гарадское асяроддзе, а працаваць над яго паляпшэннем, браць за аснову той вопыт, які ёсць на сённяшні дзень.

Ішла размова і аб развіцці веларуху ў цэлым. Паводле слоў Міхаіла Пракапенкі, штогод у сталіцы назіраецца прырост удзельнікаў веларуху, а веласiпеды — карысная альтэрнатыва іншым відам транспарту. Таксама ён паведаміў, што стратэгічны план развіцця веласіпеднага руху ў Мінску, які дзейнічае да 2020 года, у бліжэйшы час будзе аналізавацца:

— Абавязкова ўнясём карэктывы, якія дазволілі б максімальна эфектыўна развіваць веларух у горадзе і зрабіць гэтае развіццё камфортным для жыхароў і гасцей Мінска. Будзе праводзіцца і далей сістэмная работа па зніжэнні бар-дзюрнага каменя. Робяцца захады, каб у далейшым развіць асноўную гарадскую веладарожку. У пачатку наступнага года запланаваны мерапрыемствы па яе падаўжэнні. Пакуль яшчэ абмяркоўваюцца варыянты. Канцэптуальнае рашэнне будзе прынята да кастрычніка. Тады ўжо можна прадметна гаварыць аб маршруце, працягласці і канкрэтных кроках, якія будуць зроблены ў гэтым напрамку.

zhur@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter