Минск
-5 oC
USD: 2.6
EUR: 2.88

Второй этап реконструкции Старого замка в Гродно: как будут обновлять дворец Стефана Батория

Векавым сценам — новы лад

Цікавасць грамадскасці да ходу рэканструкцыі Старога замка ў Гродне застаецца высокай. І дзівіцца гэтаму не варта, бо гэта адзіная рэзідэнцыя караля, якая цалкам захавалася, дзе праводзіліся Соймы Рэчы Паспалітай. Цяпер завяршаецца першы этап будаўніцтва, падчас якога неаднаразова даводзілася ўносіць змены ў існуючы праект. Як ідзе падрыхтоўка да другога этапу, ці будуць глабальныя змены?

З улікам новых дадзеных

Рэканструкцыя будучай турыстычнай жамчужыны Панямоння праходзіць у тры этапы.
Рэканструкцыя будучай турыстычнай жамчужыны Панямоння праходзіць у тры этапы. Першы — на стадыі завяршэння. Ужо адноўлена галерэя, якая вя-дзе ад палаца да ўваходнай брамы, пабудавана сцяна над Нёманам да сярэдняй вежы, узведзены ўнутраныя пабудовы: мерная хата і камяніца. Працягваюцца работы па абшыўцы купала. Ёсць надзея, што ўжо ў сакавіку ён будзе на сваім месцы. Працягваюцца таксама работы па ўстаноўцы каменных элементаў на вежы і сценах, а яшчэ — тынкавальныя работы і пракладка розных камунікацый. Штодня на аб’екце прысутнічаюць работнікі «Дзяржбуднагляду». Дастаткова часта яны выяўляюць недапрацоўкі і патрабуюць іх ліквідацыі. У цэлым якасць працы ААТ «Гроднажылбуд» добрая, улічваючы адсутнасць досведу рэканструкцыі гістарычных будынкаў такога ўзроўню. 

Другі этап не менш важны, бо прадугледжвае аднаўленне самога палаца караля Стэфана Баторыя. Трэці закране ўнутраную тэрыторыю замка. Дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка ўважліва сочыць за ходам работ:

— Цяпер УП «Інстытут Гроднаграмадзянпраект» знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі да распрацоўкі праекта другога этапу будаўніцтва. Перад пачаткам праектавання будуць праведзены комплексныя навуковыя даследаванні. Яны будуць уключаць у сябе ў тым ліку і археалагічныя раскопкі. На іх правядзенне патрабуюцца грошы, якіх пакуль няма, таму работы адкладаюцца на некаторы час. Каб атрымаць найбольш поўнае ўяўленне аб тым, як выглядаў палац, ужо цяпер праводзяцца архітэктурныя зандажы. Па выніках даследаванняў будзе складзена навуковая даведка, і наступная рэканструкцыя замка будзе весціся ўжо з улікам новых дадзеных. Да прыкладу, археалагічныя раскопкі дапамогуць вызначыць меркаваны ўваход у палац, а таксама атрымаць уяўленне аб знешнім выглядзе параднага ганка, рызаліта. Збітая тынкоўка не дала жаданага выніку. Аказалася, што фасад перакладзены ў настолькі шмат якіх месцах, што сказаць нешта пэўнае немагчыма. Таксама трэба разумець, як будзе аднаўляцца зала прыёмаў караля, да якога ўшчыльную прымыкае сцяна XIX стагоддзя. Зноў-такі зандажы павінны даць нам поўную карціну. 

Штодня на аб’екце прысутнічаюць работнікі «Дзяржбуднагляду».

Наперадзе шмат працы

На наступным тыдні ў Гродна прыязджае група экспертаў з Польшчы, якія азнаёмяцца з ходам рэканструкцыі Старога замка, выкажуць сваё меркаванне і, магчыма, дадуць каштоўныя парады, зыходзячы з досведу аднаўлення гістарычных аб’ектаў на тэрыторыі Польшчы. 

— Стары замак выклікае вялікую цікавасць у замежнікаў, таму мы хацелі б спадзявацца на кансультатыўную і практычную дапамогу польскага боку. Знаёмы не з усімі спецыялістамі, але адзін з іх ужо дапамог наблізіцца да гістарычнай «рэаліі». Маю на ўвазе форму купала, які быў першапачаткова прапанаваны навуковым кіраўніком праекта Бачковым. У выніку яе змянілі, прыслухаўшыся да меркавання польскага эксперта. Можа, не зусім задаволілі абодвух, але купал стаў не такім круглым. Пытанні ўзнікалі і да выяў на ўязной вежы ў стылі зграфіта. Акрамя таго, Міністэрства культуры настаяла, каб быў захаваны другі паверх прыбудовы. Гэта, вядома, істотна змяніла агульнае аблічча. Яшчэ адзін элемент, які выклікаў спрэчкі, — гэта тэраса над уязной вежай. Спрэчнасць камяніцы мы таксама прызнаём. Але яна ўжо пабудавана і будзе задзейнічана ў поўнай меры. Тут размесцяцца музейныя экспазіцыі. Увогуле, праект першай чаргі карэкціраваўся падчас работ неаднаразова.

Від ад Новага замка з боку назіральнай пляцоўкі (эскіз).

Праект другога этапу пакуль вельмі друзлы. Ён прадугледжвае аднаўленне самога палаца Стэфана Баторыя, а таксама флігеля. Ён ёсць у планах XVIII стагоддзя, а значыць, знаходзіўся тут і раней. Важна ўдакладніць пытанне аб яго габарытах. Калі археалогія можа нам дапамагчы ў вызначэнні плана будынка, то ўжо архітэктары будуць займацца яго павярховасцю і знешнім выглядам.

— Істотныя змены закрануць атык, — працягвае ўводзіць у курс спраў Юрый Кітурка. — Ён не павінен быць занадта масіўным. Па праўдзе кажучы, усе архітэктары, якія маюць дачыненне да праектавання гэтага палаца, пачынаючы з Вайцяхоўскага, не сумняваліся, што атык быў. Гэта значыць, што яшчэ адзін паверх павінен быць пабудаваны. Высокі чарапічны дах з мансардай дакладна будуць, але сама мансарда зменіцца. Так, як прапаноўваў Уладзімір Бачкоў, дакладна не будзе. Не будзе двухколернай лекцыйнай залы на 200 чалавек, не будзе і кафэ на тэрасе з боку пажарнай часткі. Наўрад ці яе можна будзе годна эксплуатаваць. Хадзіць па залах з кавай і марожаным, вядома, недапушчальна. А для таго, каб арганізаваць у гэтай установе якасны адпачынак, не хопіць вольнай прасторы. Нават адна група турыстаў там не змесціцца. 

— На рэканструкцыю старога замка ўжо патрачана 12 мільёнаў рублёў, — кажа пра надзённае дырэктар музея. — Сёлета трэба будзе асвоіць больш за 2,5 мільёна, выдзеленыя з абласнога бюджэту, і больш за 4 мільёны — з рэспубліканскага. Паралельна распрацоўваюцца інтэр’еры. Што тычыцца ўнутраных памяшканняў, то спецыялісты абапіраюцца на інвентарызацыю, якая праводзілася часцей за ўсё перад прыездам караля. І там не заўсёды ёсць апісанні ўсіх памяшканняў. Таму працы будзе вельмі шмат. 

kondratieva@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Татьяна КОНДРАТЬЕВА
Загрузка...