«Канцэрт» — новая кніга вядомага паэта, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, міжнародных літаратурных прэмій Міхася Пазнякова. Займальныя вершы выхоўваюць патрыятызм, дабрыню, шчырасць і ўменне сябраваць. Выданне разнастайнае жанрава: тут лічылкі, каламбуры, крылатыя выразы, смяшынкі, небыліцы, загадкі. Кніга ў цвёрдай вокладцы з ілюстрацыямі ў сцішаных, мяккіх колерах ад мастака Дар’і Чарняўскай выпушчана ў выдавецтве «Звязда».

Нават у самых вопытных пісьменнікаў рэдка сустрэнеш вершы, цалкам прасякнутыя метафарай. «Расчашу сонца» — менавіта той прыклад, калі праз увесь твор праходзіць персаніфікаваны сонечны вобраз. Мяркуйце самі: «Па-над белым звонкім гаем // Раніцай празрыстаю // Косы-промні распускае // Сонца залацістае. // Грабянец густы, прыгожы // Я ў матулі папрашу // І залезу на бярозы, // Косы сонца расчашу».
З моўнага боку вялікую цікавасць, у тым ліку для настаўнікаў, выклікаюць вершы-каламбуры. Калі праілюстраваць гэтымі прыкладамі падручнікі па беларускай мове, то вучні лёгка зразумеюць, што такое амонімы і чым яны адрозніваюцца. «Чмель, напэўна, соты // Нёс нектар у соты» або «Пэўна, карту свету // Аніхто не знае // Лепш за нашу Свету».
Смяшынкі выкрываюць дрэнныя якасці і звычкі, вучаць паводзіць сябе прыгожа і разам з тым вельмі гумарыстычныя: «Праз стол цягнуцца непрыгожа. // Ці языка няма, Сярожа? — // Звярнуўшы ўвагу на правіну, // З усмешкай кажа маці сыну. // — Ёсць, — ёй адказвае Сяргей, — // Але рукой я дастаю далей».
Павучальная, захапляльная кніга, якую варта як мага хутчэй прачытаць сваім пестунам.
Разумная кніга для разумных дзяцей

Аўтар раскрывае самыя незвычайныя пытанні: дзе начуе сонца, як мядзведзь робіць запасы харчу, якія жывёлы да зімы бялеюць, чаму птушкі адлятаюць на поўдзень ноччу. Адказы змешчаны ў вершаванай форме, зразумелыя і лёгка запамінаюцца. Але спачатку пра патрыятызм. «Край родной, любимый!» — кніга пачынаецца аднайменным вершам, дзе апісваецца прыгажосць беларускіх пенатаў, веліч Белавежскай пушчы, Палесся.

Кніга на прыкладах вучыць юных чытачоў не ленавацца, выконваць усе справы на выдатна, шмат чытаць і рупліва вучыцца. Толькі перад цікаўнымі дзецьмі адкрываецца захапляльны і разнастайны свет. Бабуля нагадвае ўнукам — час брацца за сшыткі. Ці мала, што хочацца гуляць. Ёй, можа, таксама хочацца, але яна варыць суп, прыбірае, лепіць пельмені.
Ёсць вершы, прысвечаныя саюзнаму братэрству Беларусі і Расіі. Аўтар параўноўвае краіны з сёстрамі: «За рекою играет гармошка, // В поле жатва, большая страда… // Не бывает родня на немножко, // Коль родные — родные всегда». Па тэматыцы кніга вельмі шматгранная, сапраўдная дзіцячая энцыклапедыя. Нездарма ўключана ў школьную праграму для пазакласнага чытання ў вучняў малодшых класаў.
Каты і коткі на любы густ
«Беларускія пісьменнікі — дзецям» — серыя, у якой выпушчана цудоўная каляровая кніжная навінка Анатоля Зэкава «Жмуркі з коткай Муркай». На вокладцы галоўная гераіня — рыжая, як лісіная шуба, котка з даўжэзным пухнатым хвастом. Анатоль Зэкаў — вядомы беларускі паэт, гумарыст, аўтар вясёлых эпіграм і дзіцячы пісьменнік. З-пад яго пяра выйшла азбука і рыфмаваны звод правіл па беларускай мове.
Асобная гісторыя — малюнкі. На іх куры, пярэстыя каровы, каза, конь, парасяты, кураняты, сабакі, асабліва шмат катоў з мышамі. Мурка моцна збілася з ног, пакуль даганяла мышку, — яна то пад венік юркне, то ціха збоку падпаўзе ці заб’ецца ў куток і сочыць адтуль за Муркай. А вось хворы кот прастудзіўся, «крадком лізнуўшы лёд, нарабіў сабе турбот». Ляжыць на печы і лечыць ангіну. Іншы кот, з прыўзнятай поўсцю, разгублены, упершыню стаў на лыжню і гатоў пабіць рэкорд.
Дзяўчынка Света мела не надта добры апетыт. Кашу ела, а катлету — не. З-пад стала пазірала котка, даючы знакі, што з ахвотай дапаможа ў «апетытнай» справе. «Света котцы вельмі рада: // — Выручалачка мая ты!» Яшчэ чытаем пра пухнатую гераіню, якая старанна ловіць мышэй, гуляе з імі ў жмуркі, а іншая — лайдачка, бо цэлымі днямі ляжыць на пляжы: «Загараючы на ім, аблянілася зусім». У выніку мышы нахабна асмялелі, павылазілі са сховаў і залезлі котцы на галаву.
Качка вязе пясок на пляж качанятам, гусакі набілі гузакі, з’язджаючы з гары. Баран купіў барабан, днямі ў яго б’е, а авечка скача. Напаў на бяду бычок — на марозе лізнуў вядро з цынку, і язык прыліп. Трус выглядае моркву ў градах, а авечкі ляжаць на лузе, аб’еўшыся травы. Для большасці сучасных дзяцей свет свойскай жывёлы такі ж дзівосны, як і свет лясных звяроў. Анатоль Зэкаў не толькі знаёміць, але і прапануе пасябраваць малому чытачу з хатнімі гадаванцамі.
basikirskaya@sb.by