Таму я і вырашыла даведацца, як працякае студэнцкае жыццё туркменскай моладзі ў БДУ. Дапамаглі ў аддзеле па рабоце з замежнымі грамадзянамі і міжнароднага маркетынгу. Кіраўнік Жанна Савельева адказала на ўсе мае пытанні, а таксама пазнаёміла з аднымі з лепшых студэнтаў, якія прыбылі вучыцца ў Мінск з Ашгабата.

Жанна Савельева, кіраўнік аддзела па рабоце з замежнымі грамадзянамі і міжнароднага маркетынгу
— Жанна Мікалаеўна, чаму, на ваш погляд, БДУ з’яўляецца такой прывабнай ВНУ для замежных грамадзян і ў тым ліку для туркменаў?
— Перш за ўсё, мы прапаноўваем якасную адукацыю. Дыплом БДУ пацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Туркменістана. Яшчэ замежнікаў прыцягвае стабільнасць і бяспека ў Беларусі. Ва ўніверсітэце для іх ствараюцца максімальна камфортныя ўмовы знаходжання. Хлопцам і дзяўчатам у нас цікава не толькі вучыцца, але і адпачываць. Падчас канікул яны могуць з’ездзіць і ў Нясвіж, і ў Мірскі замак, і за мяжу: тэрытарыяльна мы блізкія да еўрапейскіх краін. БДУ — у пастаянным двухбаковым кантакце з Туркменістанам. Да прыкладу, мы штогод наведваем іх нацыянальныя выставы-кірмашы, дзе паказваем нашы адукацыйныя магчымасці.
— Якія факультэты выбіраюць туркменскія студэнты?
— Цікавасць да тых або іншых спецыяльнасцей залежыць ад палітыка-эканамічнай сітуацыі ў Туркменістане. Калі ствараюцца новыя праекты, адпаведна, з’яўляецца зацікаўленасць у кваліфікаваных кадрах. Так, пяць гадоў назад геаграфічны і эканамічны факультэты сталі папулярнымі сярод туркменскіх хлопцаў у сувязі з будаўніцтвам Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных удабрэнняў. Не так даўно ў Туркменістане прайшла адукацыйная рэформа, у выніку якой у краіне ўвялі дванаццацігадовую сістэму навучання і павысілі заработную плату педагогам. І вось у нас на філалагічным аддзяленні з’явіліся туркменскія студэнты. Што датычыцца факультэта міжнародных адносін і юрыдычнага — яны заўсёды былі і застаюцца прэстыжнымі для замежных абітурыентаў, у тым ліку і для туркменаў.
— Як туркмены пераадольваюць моўны бар’ер?
— Каб асвоіць мову, некаторым даводзіцца вучыцца год на падрыхтоўчым аддзяленні факультэта даўніверсітэцкай адукацыі. Але такіх няшмат. У асноўным студэнты-туркмены гавораць па-руску, бо ўжо загадзя рыхтуюцца паступаць да нас.
— З якімі яшчэ цяжкасцямі туркменскія студэнты сутыкаюцца ў працэсе навучання?
— Цяжкасці бываюць ва ўсіх, не выключэнне і беларусы. Але туркменам часцяком даводзіцца падцягваць школьную базу. Бо беларускія студэнты прыходзяць ужо “адфільтраваныя” цэнтралізаваным тэсціраваннем. А туркменам цяжка, асабліва ў дакладных навуках. Таму першыя два гады мы праводзім для іх індывідуальныя дадатковыя заняткі. У шэрагу выпадкаў вучэбны план мінімізуецца. Напрыклад, фізкультура можа быць непрымальная для некаторых студэнтаў па рэлігійных меркаваннях, калі хлопчыкі павінны трэніравацца разам з дзяўчынкамі. І моцная туга па радзіме ў некаторых маладых людзей часам стварае праблемы. Былі выпадкі, калі студэнт раптоўна ляцеў дадому, а потым вяртаўся толькі праз некалькі тыдняў. Зразумела, што гэта не лепшым чынам адбівалася як на яго вучобе, так і рэпутацыі.
— Ці ёсць розніца ў адносінах педагогаў да замежнікаў і беларусаў? Ці існуюць “патуранні” для тых, хто вылучыўся, у добрым сэнсе слова?
— Адносіны да ўсіх аднолькавыя. Што датычыцца заахвочванняў, як вы гаворыце патуранняў, то для тых, хто вылучыўся, сёлета ў БДУ пачало працаваць Палажэнне аб скідках на аплату навучання для замежных грамадзян. Яны распаўсюджваюцца на тых, хто выдатна вучыцца, прымае актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці і навукова-практычных канферэнцыях. Дарэчы, трое грамадзян з Туркменістана трапілі ў гэты спіс.
— Ці ўзнікаюць у туркменскіх студэнтаў праблемы ў зносінах з беларусамі?
— Студэнцкая арганізацыя Савет зямляцтваў БДУ якраз займаецца пытаннямі адаптацыі замежных грамадзян. Іх прыцягваюць да ўдзелу ў розных святах і сустрэчах. Ладзяцца Дні дружбы, калі беларусы знаёмяцца з культурай Туркменістана і расказваюць пра свае традыцыі і звычаі. Бываюць і праекты, сумесныя з дыпламатычнымі місіямі. Напрыклад, у нас праходзіў творчы вечар, прысвечаны паэту Махтумкулі Фрагі, на якім прысутнічаў пасол Туркменістана. Таксама мы штогод праводзім конкурс сярод замежных навучэнцаў усіх ВНУ “Містар Інтэрнэшнл” і “Міс Інтэрнэшнл”. Гэтая знакавая падзея асвятляецца прэсай і шырока рэкламуецца. І, нарэшце, БДУ — пакуль адзіная ў Беларусі ВНУ, дзе праводзіцца Баль выпускнікоў для замежнікаў. А іх кожны год налічваецца 430-450 чалавек!
— Хлопцы і дзяўчаты з Туркменістана падтрымліваюць вашы распачынанні?
— Туркменам падабаецца прымаць удзел у нашых мерапрыемствах, але яны любяць дзейнічаць групамі. Тады ў іх усё зладжана і адточана, з ходу яны гатовыя праспяваць, сыграць і станцаваць. А беларусы з цікавасцю ўспрымаюць іх культуру.
— На рэлігійнай глебе канфліктаў не ўзнікае?
— Зусім не! Бо беларусы вельмі талерантныя. Мы пастаянна акцэнтуем увагу нашых студэнтаў на нацыянальнай гасціннасці і выхаванасці. Хіба што ў сацыяльна-бытавой сферы ўзнікаюць нюансы. Да прыкладу, замежны студэнт, пражываючы з кімсьці ў пакоі, часам не лічыць патрэбным прыбіраць за сабою. Маўляў, ён тут госць. Даводзіцца тлумачыць, што ў нас прынята выконваць правілы інтэрната.
— Ці многія з туркменскіх выпускнікоў застаюцца ў Беларусі працаваць па спецыяльнасці?
— Нямногія, але такі працэнт ёсць. Нехта жэніцца, нехта атрымлівае працоўную візу і пачынае тут працаваць.
Айза

Айза вучыцца на факультэце міжнародных адносін і ў будучыні марыць стаць дыпламатам, прычым тут, у Беларусі. Наш халодны, у параўнанні з Ашгабатам, клімат яе не палохае. Наадварот, гледзячы на першы мокры снег, дзяўчына радуецца, што знаходзіцца ў Мінску. Вядома, яна сумуе па маці і нацыянальнай кухні. Таму часта тэлефануе дадому і ходзіць у госці да землякоў-суседзяў па інтэрнаце. Там яны разам гатуюць нешта сваё, традыцыйнае: супы, мясныя стравы і, вядома, плоў.
Не так даўно ў БДУ прайшоў Рэспубліканскі фестываль замежных студэнтаў, на якім Айзе выпаў гонар быць вядучай. Ад гэтых успамінаў студэнтка яшчэ больш усміхаецца. Пытанне аб тым, ці падабаецца ёй у нас, адпала само сабою. Падабаецца — адразу відаць, як гаворыцца, простым вокам. Нават, нягледзячы на тое, што вольнага часу ў Айзы практычна няма. Таму, акрамя мінскіх кінатэатраў і парку Чалюскінцаў, яна пакуль нідзе не была. Але ў хуткім часе збіраецца паехаць у Гродна.
Я думаю, у Айзы яшчэ ўсё наперадзе: туркменская прыгажуня вучыцца толькі на першым курсе. Якімі яна бачыць беларусаў і, у прыватнасці, юнакоў? Ёй падабаецца іх імкненне дапамагчы. Дзякуючы дабрадушнасці і спагадлівасці беларусаў, Айза хутка адаптавалася ў незнаёмым горадзе і ўжо паспела яго палюбіць. Ну а беларускія хлопцы, гаворыць, вельмі ветлівыя, уважлівыя, клапатлівыя і абыходлівыя.
Сеід

Аліса Красоўская