У гэтым годзе 392 абітурыенты набралі сто балаў хаця б па аднаму з прадметаў ЦТ

Веды ў тэставым рэжыме

Учора пачалася выдача сертыфікатаў аб праходжанні ЦТ. Забраць іх абітурыенты змогуць там жа, дзе і здавалі тэсты. Пры сабе яны павінны мець пашпарт і пропуск з адзнакай аб праходжанні тэсціравання.

Калі абітурыент страціў сертыфікат, ён можа адправіць заяву ў РІКВ для атрымання дублiката.

725 чалавек, якія праходзілі ЦТ у рэзервовыя дні, могуць атрымаць сертыфікаты з 13 ліпеня.

Падчас уступнай кампаніі абітурыенты могуць выкарыстоўваць і леташні сертыфікат ЦТ. Цяперашні ж дакумент выдадуць, нават калі абітурыент не набраў мінімальнага парога балаў. Забраць яго можна да канца 2019 года. Сертыфікат не выдаецца толькі пры нулявым выніку або ў выпадку наўмыснага парушэння ўстаноўленага парадку запаўнення абітурыентам бланка адказаў.

Дырэктар РІКВ Юрый Міксюк падзяліўся з карэспандэнтам «Р», што максімальны бал па трох прадметах на ЦТ ў гэтым годзе не набраў ні адзін з абітурыентаў. Летась «тры па сто» таксама ніхто не адолеў, а ў 2016-м максімум набралі тры чалавекі. Усяго сёлета сто балаў набралі 392 абітурыенты, што на 89 чалавек больш, чым у мінулым годзе. ЦТ па двух прадметах на максімальны бал здалі 16 абітурыентаў, летась — 11 чалавек, у 2016-м — 15.

А больш за ўсіх балаў у гэтым годзе набрала Вікторыя Цярлецкая з Фядорскай сярэдняй школы, што ў Столінскім раёне. Вынік дзяўчыны — 398 з 400 магчымых балаў.

Ілля НОВІКАЎ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter