Веды на карысць сяброўства

У верасні 2016 года Інстытут Канфуцыя ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце  адзначае свой першы пяцігадовы юбілей
Напэўна, наўрад ці каго сёння здзіўляе жывая ціка­васць беларусаў да Паднябеснай і іх жаданне вывучаць кітайскую мову. Сапраўды, вывучэнне кітайскай мовы пашырае культурна-адукацыйныя далягляды нашых грамадзян, спрыяе іх самасцвярджэнню, кар’ернаму росту. Да таго ж гэта прэстыжна: кітайская мова — адна з шасці афіцыйных моў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі абяцае стаць другой пасля англійскай па папулярнасці. Па статыстыцы, кожны пяты чалавек у свеце гаворыць па-кітайску. А яшчэ, сцвярджаюць знатакі, якія спасцігаюць мастацтва ператварэння рысачак у іерогліфы, кітайская мова зачароўвае і захапляе.


Ці так гэта? З гэтага пытання мы і пачалі нашу гутарку з дырэктарам Інстытута Канфуцыя ў Мінскім дзяр­жаўным лінгвістычным універсітэце, дырэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МДЛУ, кандыдатам педагагічных навук Ларысай Трыгубавай, якой, дарэчы, у снежні 2015 года ўручылі ўзнагароду Ханьбань Individual Performance Excellence Award як прызнанне яе вялікага асабістага ўкладу ў развіццё Інстытута Канфуцыя.

— Ларыса, вы маеце зносіны з тымі, хто вывучае ў Інстытуце Канфуцыя кітайскую мову? Што пра іх скажаце?

— Паважаю тых людзей, хто не толькі праяўляе цікавасць да кітайскай мовы, але і актыўна бярэцца за яе вывучэнне. Кітайскай мовай з яе іерагліфічнай сістэмай паспяхова авалодваюць тыя, хто ўмее і любіць вучыцца, высока матываваныя і зацікаўленыя ў хутчэйшым выкарыстанні мовы на практыцы. Акрамя таго, захопленасць кітайскай мовай заахвочвае слухачоў Інстытута Канфуцыя глыбей вывучаць і лепш разумець унікальную культуру Кітая. І часта менавіта цікавасць да яе прыводзіць слухачоў на курсы кітайскай мовы. Я вельмі рада бачыць згуртаванасць слухачоў на занятках, калі яны, часта рознага ўзросту, у адной групе  дружна асвойваюць кітайскія тоны,  пішуць іерогліфы, спяваюць песні. У канцы кожнага навучальнага года ўсе групы Інстытута Канфуцыя дэманструюць свае дасягненні і таленты на выніковым канцэрце, выклікаючы захапленне сваіх родных, сяброў і проста гледачоў.

— Як у вас з’явілася цікавасць да Кітая?

— Калі ў верасні 2011 года ствараўся Інстытут Канфуцыя ў нашым універсітэце, мяне спачатку ўвялі ў склад Праўлення як дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, а праз месяц усклалі абавязкі дырэктара Інстытута Канфуцыя. Так мне была прадстаўлена магчымасць і неабходнасць вывучыць і зразумець Кітай, каб пасля займацца распаўсюджваннем кітайскай мовы і культуры ў Мінску і Беларусі.  

— Як ствараўся Інстытут Канфуцыя ў МДЛУ?

— Інстытуты Канфуцыя — сетка міжнародных культурна-адукацыйных цэнтраў, ствараемых Дзяржаўнай канцылярыяй па распаўсюджванні кітайскай мовы за мяжой (Ханьбань) у вядучых навучальных установах свету. Першы Інстытут Канфуцыя быў створаны ў 2004 годзе, а цяпер іх у свеце больш за 500.


У 2013 годзе Інстытут Канфуцыя ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце атрымаў званне “Лепшы Інстытут Канфуцыя года”


— Відаць, рашэнне Ханьбань аб адкрыцці Інстытута Канфуцыя ў вашым універсітэце — гэта прызнанне дасягненняў МДЛУ ў галіне выкладання замежных моў і, у прыватнасці, кітайскай мовы?

— Так, але не толькі. Гэта таксама вялікі давер. Кітайскай ВНУ — партнёрам па развіцці Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ стаў Паўднёва-Усходні ўніверсітэт у горадзе Нанкін, адзін з буйнейшых універсітэтаў КНР.

18 верасня 2011 года пры ўдзеле старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, члена Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК У Банга, кіраўніцтва Ханьбань, пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства адукацыі Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Інстытута Канфуцыя ў нашым універсітэце.

— Даволі хутка Інстытут Канфуцыя быў прызнаны як адзін з лепшых у свеце. Чаму, як лічыце?

— МДЛУ — вядучая лінгвістычная ВНУ краіны, і стварэнне Інстытута Канфуцыя на яе базе — гэта магчымасць спрыяць развіццю школы выкладання кітайскай мовы ў Беларусі, а таксама прапанаваць жыхарам Мінска, вучням школ, гімназій і ВНУ новыя якасныя адукацыйныя праграмы па кітайскай мове. А яшчэ Інстытут Канфуцыя ўстанаўлівае вялікую коль­касць прафесійных кантактаў на розных узроўнях, і гэта, зразумела, развівае і паглыбляе дружалюбныя ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і КНР.

У 2013 годзе наш Інстытут Канфуцыя атрымаў званне “Лепшы Інстытут Канфуцыя  года” нараўне яшчэ з 27 Інстытутамі Канфуцыя ў свеце. Ужо з адкрыцця мы пачалі актыўна папулярызаваць і распаўсюджваць кітайскую мову і культуру. У лютым 2012 года ажыццявілі першы набор слухачоў на курсы кітайскай мовы, і з кожным годам колькасць жадаючых вывучаць кітайскую мову ў Інстытуце Канфуцыя ў МДЛУ няўхільна расла.

— Што яшчэ робіце, каб прыцягнуць увагу да кітайскай культуры?

— Мы ярка адзначаем кітайскія традыцыйныя святы з удзелам як слухачоў Інстытута Канфуцыя, так і студэнтаў МДЛУ, а таксама жыхароў горада Мінска. Арганізуем чайныя цырымоніі, фотавыставы і выставы мастацкіх работ, курсы аздараўленчай гімнастыкі тайцзіцюань, кітайскай кухні, праводзім майстар-класы па каліграфіі, традыцыйных кітайскіх мастацтвах выразання з паперы, пляцення вузлоў, а таксама віктарыны і конкурсы.

Поспехам карыстаюцца лекцыі запрошаных спецыялістаў з КНР па лінгвістыцы, літаратуры, выставы мастацкіх работ вядомых кітайскіх каліграфаў і мастакоў, канцэрты творчых фальклорных груп з КНР.

Інстытут Канфуцыя ў МДЛУ даўно стаў “сваім” у нашым універсітэце. Пры актыўнай падтрымцы рэктарата мы цесна супрацоўнічаем з усімі яго факультэтамі і падраздзяленнямі. Мне таксама прыемна адзначыць, што ў Інстытуце Канфуцыя дружна і згуртавана працуюць кітайскія выкладчыкі і беларускія супрацоўнікі, і ўсё гэта разам, напэўна, і вядзе нас да поспеху і прызнання. 15-хвілінны фільм пра Інстытут Канфуцыя, які мы стварылі ў 2014 годзе, так і назвалі — “На шляху да поспеху”.


Здымак на памяць пасля выніковага канцэрта слухачоў ІК з удзелам творчай групы
з правінцыі Цзянсу


— Раскажыце пра асноўныя напрамкі дзейнасці Інстытута Канфуцыя ў цяперашні час.

— У першую чаргу Інстытут Канфуцыя арганізуе навучальныя курсы па кітайскай мове “Гутарковая кітайская мова” для розных катэгорый: школьнікі, студэнты, спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Папулярнасцю карыстаюцца курсы падрыхтоўкі да міжнародных экзаменаў па кітайскай мове HSK і HSKK. Больш за 800 чалавек вывучаюць кітайскую мову ў групах Інстытута Канфуцыя ў нашым універсітэце і яшчэ 10 навучальных установах гарадоў Мінска, Гродна, Магілёва, Маладзечна. Галоўнай перавагай курсаў Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ з’яўляецца выкладанне кітайскай мовы носьбітамі мовы — выкладчыкамі з КНР, накіраванымі да нас Ханьбань, выкарыстанне навучальных рэсурсаў Ханьбань. 31 мая 2016 года мы ўрачыста адкрылі Клас Канфуцыя як філіял нашага Інстытута Канфуцыя ў гімназіі №1 імя Я.Ф.Карскага г. Гродна, у лістападзе плануем адкрыць Клас Канфуцыя ў гімназіі №3 г. Магілёва. З верасня 2016 года выкладанне кітайскай мовы пачнём у гімназіі №1 г. Валожына. Як бачыце, Інстытут Канфуцыя спрыяе ўзмацненню пазіцыі кітайскай  мовы ў сістэме адукацыі ў Беларусі.

Інстытут Канфуцыя ў МДЛУ пастаянна клапоціцца пра метадычную падрыхтоўку як кітайскіх выкладчыкаў-валанцёраў, так і выкладчыкаў кітайскай мовы беларускіх ВНУ, школ і гімназій: праводзяцца кансультацыі, круглыя сталы, тэматычныя семінары, лінгваметадычныя практыкумы.

У лютым 2015 года пры актыўнай падтрымцы Старшыні Праўлення Інстытута Канфуцыя, рэктара МДЛУ Н.П.Баранавай у Студэнцкай вёсцы г. Мінска ў інтэрнаце МДЛУ на праспекце Дзяржынскага, 97 быў адкрыты Цэнтр кітайскай мовы і культуры, дзе ў спецыяльна абсталяваных пакоях “Вялікая кітайская сцяна”, “Панда” і “Бамбук” бясплатна праводзяцца культурныя мерапрыемствы для ўсіх, хто цікавіцца кітайскімі народнымі традыцыямі і святамі, рознымі аспектамі развіцця сучаснага Кітая, у тым ліку музыкай, маладзёжнай модай, кіно і літаратурай.

Двойчы ў год Інстытут Канфуцыя арганізуе міжнародныя экзамены па кітайскай мове HSK і HSKK, у якіх з 2012 па 2016 гады прыняло ўдзел каля 1300 чалавек. Сертыфікаты міжнародных экзаменаў па кітайскай мове даюць магчымасць удзельнічаць у конкурсе на атрыманне стыпендый Ханьбань для навучання ў кітайскіх ВНУ на працягу семестра або года. За пяць гадоў дзейнасці па стыпендыях Галоўнага ўпраўлення Інстытутаў Канфуцыя Ханьбань у кітайскія ўніверсітэты накіравана больш за 130 студэнтаў універсітэта.

Пачынаючы з 2012 года 100 слухачам Інстытута Канфуцыя была  прадстаўлена магчымасць прыняць удзел у двухтыднёвым летнім лагеры Паўднёва-Усходняга ўніверсітэта г. Нанкін, нашай кітайскай ВНУ — партнёра для вывучэння мовы і знаёмства з кітайскай культурай.

— Прафесійныя кантакты, якія ўсталёўваюцца падчас  візітаў спецыялістаў з КНР, арганізаваных Інстытутам Канфуцыя, даюць развіццё перспектыўнаму супрацоўніцтву беларускіх і кітайскіх спецыялістаў у розных сферах, у тым ліку і ў медыцыне. Чым, па-вашаму, быў цікавы нядаўна арганізаваны Вамі ў Мінску беларуска-кітайскі ме­дыцынскі форум?

— Яго наведала каля ста сямідзесяці беларускіх спецыялістаў па традыцыйнай кітайскай медыцыне, эндакрыналогіі і анкалогіі, якія змаглі не толькі ўзбагаціць і паглыбіць свае веды, пазнаёміўшыся з напрацоўкамі спецыялістаў бальніцы Чжунда Паўднёва-Усходняга ўніверсітэта горада Нанкін, але і ацаніць свой прафесійны ўзровень. Форум мы арганізоўвалі сумесна з камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама і 10-й мінскай гарадской клінічнай бальніцай.

— Як вы думаеце, чым Кітаю цікавая Беларусь?

— На днях гэтае пытанне я задавала  майму калегу, дырэктару Інстытута Канфуцыя з кітайскага боку Сюй Кэці, прафесару Паўднёва-Усходняга ўніверсітэта ў Нанкіне. І вось што ён адказаў: “Як сказаў Канфуцый, прыемна прымаць сяброў здалёку. Хоць Беларусь і Кітай геаграфічна далёкія адзін ад аднаго, у нашых краін шмат агульнага ў філасофіі, стаўленні да жыцця і ўзаемаадносінаў людзей. Гэта, магчыма, тлумачыць цесныя стратэгічныя і палітычныя стасункі паміж краінамі.

Кітай праяўляе цікавасць да Беларусі як мінімум па дзвюх прычынах. З аднаго боку, Беларусь — вельмі прыгожая краіна з цудоўнымі лясамі і дагледжанай прыродай. Кітайцы пачынаюць часцей прыязджаць у Беларусь, каб атрымліваць асалоду ад яе прыгажосці. Акрамя таго, беларусы вельмі ветлівыя і гасцінныя. З імі прыемна мець зносіны і ў іх ёсць чаму павучыцца. У Беларусі добра развітая навука,  мастацтва, літаратура, што прыцягвае кітайскіх студэнтаў вучыцца тут. Па-другое, абедзве нашы краіны цесна супрацоўнічаюць на міжнароднай арэне. Цяпер Кітай ажыццяўляе праект “Адзін пояс, адзін шлях”,  і Беларусь стала важным стратэгічным партнёрам у яго рэалізацыі. Развіццё Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” дае  абедзвюм краінам перавагі ад такога супрацоўніцтва.

— Як збіраецеся святкаваць пя­цігадовы юбілей Інстытута Канфуцыя?

— Мы плануем цэлую серыю мерапрыемстваў: урачысты вечар ва ўніверсітэце з удзелам прадстаўнікоў устаноў адукацыі, дзе працуюць выкладчыкі Інстытута Канфуцыя, майстар-класы па тайцзі і каліграфіі, фотавыставы, выставы кніг, конкурсы, тэматычныя круглыя сталы і творчыя майстэрні, выступленні ў сродках масавай інфармацыі.

— Дазвольце павіншаваць усіх, хто мае непасрэднае дачыненне да дзейнасці Інстытута Канфуцыя і Вас асабіста з надыходзячым юбілеем і пажадаць новых дасягненняў на шляху спасціжэння вялікай кітайскай культуры.

Гутарыла Валянціна Ждановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter