За гады нашай незалежнасці навука дасягнула значных поспехаў у многіх галінах — ад сельскагаспадарчай да касмічнай

Веды — грошы

За гады нашай незалежнасці навука дасягнула значных поспехаў у многіх галінах — ад сельскагаспадарчай да касмічнай


Касмічныя тэхналогіі

У 2012 годзе паспяховы запуск уласнага спадарожніка завяршыў стварэнне сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а наша краіна ўпэўнена ўвайшла ў лік касмічных дзяржаў. На 68-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у лістападзе 2013 года было прынята рашэнне аб уключэнні Беларусі ў члены Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах. Да цяперашняга часу 16 мільёнаў долараў, затрачаныя на стварэнне і запуск апарата, ужо акупіліся — даходы ад яго выкарыстання да цяперашняга лета склалі 47,89 мільёна долараў. Сёння здымкі з арбіты запатрабаваны нашымі і замежнымі службамі, міністэрствамі і ведамствамі. Праз два-тры гады плануецца стварэнне новага апарата, распазнавальная здольнасць здымкаў якога будзе ўдвая вышэйшая.

Пашпарт для гена

У Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук распрацаваны тэхналогіі генетычнага тэставання па 80 генах, 60 з якіх звязаныя з захворваннямі і 20 — са схільнасцю да высокіх спартыўных дасягненняў. Вось ужо некалькі гадоў можна атрымаць і асаблівы дакумент — генетычны пашпарт. Інфармацыя для яго атрымліваецца падчас аналізу ДНК і фіксуецца ў выглядзе пэўнай камбінацыі літар і лічб. Дарэчы, сярэдняя цана аналізу аднаго гена ў нас намнога танней, чым у краінах Заходняй Еўропы і Расіі. Шырокае распаўсюджванне атрымала і генетыка спорту. З 2010 года ў інстытуце правялі тэставанне генаў больш як 300 спартсменаў з 17 каманд. У выпадку выяўлення непажаданых адхіленняў навукоўцы кансультуюць медыкаў — што менавіта і як трэба падкарэктаваць для павелічэння выніковасці спартсмена. Навукоўцы пастаянна працуюць у цеснай звязцы з медыкамі. Летась спецыялісты Інстытута фізіялогіі НАН раскрылі сусветную навуковую загадку — устанавілі прычыны спынення дыхання ў сне пры абструктыўным апноэ.

Нашы і калайдар

Нашы спецыялісты ўнеслі самы непасрэдны ўклад у адкрыццё знакамітага базона Хігса, прычым яны прымалі і дагэтуль прымаюць самы актыўны ўдзел ва ўсіх работах на Вялікім адронным калайдары. Беларусы распрацоўвалі для яго вузлы дэтэктараў СMS і ATLAS, тарцовыя электронныя і адронныя каларыметры, мюонныя стрыпавыя камеры, прымалі ўдзел ва ўдасканаленні паскаральніка элементарных часціц, а таксама ў распрацоўцы новых тэарэтычных падыходаў да апісання фізічных працэсаў і іх прагназавання. Цяпер нашы фізікі перыядычна дзяжураць на цэнтральным пасту кіравання калайдара, сочаць за станам і работай сваіх прыбораў, а таксама адсочваюць дыстанцыйна стан эксперыментальных установак і самога паскаральніка.

СКІФы і мы


Суперкамп’ютары сямейства СКІФ, ствараемыя беларускімі і расійскімі навукоўцамі ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы, развіваюцца ўражлівымі тэмпамі. Калі ў 2003 годзе “СКІФ К-500” быў занесены ў сусветны рэйтынг пяцісот самых высокапрадукцыйных вылічальных машын (407-е месца), гэта лічылася вялікім прарывам. Але ўжо ў 2004 годзе новая распрацоўка “СКІФ К-1000” заняла ў гэтым спісе 98-е месца, а ў 2008-м мы сталі 22-я. У секунду гэтыя суперкамп’ютары здольныя выконваць да 2,5 трыльёна аперацый.

Паказалі казу

Сёння рыхтуецца праект у галіне нейронавых даследаванняў з удзелам навукоўцаў з Інстытута фізіялогіі. Мы ўжо ўшчыльную падышлі да стварэння навукова-тэхналагічнага парку “Белбіяград”. На яго базе павінны знайсці прымяненне такія галіны, як біятэхналогія, фармацэўтыка, нана- і мікрасістэмная тэхніка. Плануецца, што вынікам гэтай дзейнасці стане стварэнне новых прадпрыемстваў.

Адзін з самых значных праектаў апошняга дзесяцігоддзя — праграма Саюзнай дзяржавы “БелРасТрансген”, мэтай якой было прамысловае атрыманне наймацнейшага бета-імунамадулятара — лактаферыну, які ўтрымліваецца толькі ў чалавечым малаку. Праграма стартавала ў 2003 годзе. Восенню 2005-га ў НДІ жывёлагадоўлі НАН у эксперыментальным казіным статку 100 жывёлінам перасадзілі чалавечы ген і ад іх было атрымана здаровае патомства — першыя ў свеце трансгенныя казляняты. Цяпер пагалоўе статка трансгенных коз у нас перавышае 200 жывёл. Утрыманне лактаферыну вельмі высокае — ад 3 да 7 працэнтаў у літры. Кошт аднаго грама гэтага бялку на сусветным рынку — ад 3 да 5 тысяч долараў.

Бульба супраць жука

Паколькі сельская гаспадарка — адна з асноўных прыбытковых галін эканомікі, многія навукоўцы працуюць у цеснай звязцы з аграрыямі. Новымі гатункамі раслін, устойлівых да ваганняў тэмператур і розных шкоднікаў, займаюцца ў НПЦ па земляробстве НАН. Новыя машыны для сельскагаспадарчай вытворчасці распрацоўваюць у НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі. У 2009 годзе беларускія навукоўцы ДНУ “Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі” стварылі новы від бульбы, устойлівы да каларадскага жука і грыбных патагенаў. Дарэчы, гатункі нашай бульбы зарэгістраваныя ў Расіі, Арменіі, Узбекістане, Кітаі, Еўрасаюзе.

Гісторыя ў поясе

Шмат у чым дзякуючы карпатлівай рабоце акадэмічных мастацтвазнаўцаў, мастакоў і гісторыкаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ў нас была адроджана тэхналогія вырабу некалі знакамітых на ўвесь свет Слуцкіх паясоў (апошнія два былі выраблены ў 1842 годзе). У красавіку 2014 года першы адроджаны пояс быў уручаны Аляксандру Лукашэнку падчас наведвання Прэзідэнтам РУП “Слуцкія паясы”. Аўтарскі калектыў навукоўцаў НАН быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта за навуковую і творчую працу па адраджэнні нацыянальнай культуры.


Ад першай асобы


Уладзімір Гусакоў, старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— Навуковая думка стала прыўносіць у наша жыццё новыя веды і інавацыйныя тэхналогіі. Пры непасрэдным удзеле нашых навукоўцаў фарміруюцца важныя вытворчасці і навукаёмістыя галіны — аэракасмічная, біятэхналагічная, фармацэўтыка, атамная энергетыка, нанаіндустрыя. Мадэрнізуюцца прадпрыемствы машынабудавання, хіміі, аграпрамысловага комплексу, мікраэлектронікі ды многія іншыя. Гэта — нашы прыярытэты. У адпаведнасці з рэкамендацыямі навукоўцаў НАН у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года ў ліку асноўных напрамкаў развіцця інавацыйнай палітыкі вызначана канцэнтрацыя навукова-тэхналагічнага патэнцыялу на стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцяў V і VI тэхналагічных укладаў з паскораным разгортваннем спецыялізаваных інавацыйных вытворчасцяў (мікраэлектронікі, фатонікі, оптаэлектронікі, святлодыёднай тэхнікі, лазерных тэхналогій, касмічнай тэхнікі, тонкай хіміі, бія- і нанатэхналогій, прадукцыі высокадакладнага машынабудавання). Таксама сюды варта аднесці інфармацыйныя тэхналогіі. Мы ўжо даказалі, што нашы спецыялісты (праграмісты і праекціроўшчыкі ў галіне праграмнага забеспячэння) канкурэнтныя на сусветным узроўні. Толькі летась НАН падпісана 19 дагаворных дакументаў з замежнымі навуковымі цэнтрамі. Нашы арганізацыі ўдзельнічалі ў 22 міжнародных выставах, заключана кантрактаў на агульную суму 6 мільёнаў долараў. Выконваліся экспартныя кантракты з партнёрамі з 41 дзяржавы. Паводле папярэдніх звесткак у рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм летась ажыццёўлены выпуск прадукцыі на суму 1,65 мільярда долараў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter