«Ведаеце, Якуб! Я выходжу замуж»

Музей Коласа  ўпершыню  расказаў  пра  жанчын,  якiх кахаў  паэт

Музей  Коласа  ўпершыню  расказаў  пра  жанчын,  з  якiмi  ў  розныя  гады  сябраваў  народны  паэт

Сёлета Дзяржаўны лiтаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа будзе адзначаць сваё 50-годдзе. За гэты час у яго фондах назапашаны багатыя калекцыi кнiг, рукапiсаў, фатаграфiй, дакументаў, якiя сведчаць пра розныя этапы жыцця i творчасцi беларускага класiка.

З нагоды юбiлею ў музеi запланаваны шэраг цiкавых выставак. Назву адной з першых далi радкi Якуба Коласа – “Вобраз мiлы, поўны чараў...”. Яна расказвае пра жанчын, з якiмi ў розныя гады сябраваў паэт i якiя пакiнулi той цi iншы след у яго творчасцi i асабiстым лёсе.

У iх лiку, напрыклад, Аляксандра Зотава, першае i няўдалае каханне паэта. Як адзначае галоўны захавальнiк фондаў музея Антанiна Гарон, зварот да асобы гэтай жанчыны – новая тэма ў экспазiцыi музея. На выстаўцы ўпершыню прадстаўлены каштоўныя матэрыялы 100-гадовай даўнiны – фота, лiсты, паштоўкi, прысвячэннi ў альбоме, якiя пралiваюць святло на таемнасць яе адносiн з будучым класiкам.

Яны сустрэлiся ў 1907 годзе ў Вiльнi. Ён — малады настаўнiк i паэт. Яна толькi скончыла вышэйшыя жаночыя курсы. Неяк зайшоўшы ў рэдакцыю газеты “Наша нiва”, Аляксандра звярнула ўвагу на бледнага худога хлопца з сумным паглядам, як яна сама ўзгадвала пазней, “з вачыма мучанiка”. Маладыя людзi пазнаёмiлiся i пасябравалi, пачалi сустракацца, а перад 1908 годам воляй выпадку ўдваiх (збiралiся вялiкай кампанiяй, ды не атрымалася) адправiлiся ў Пецярбург, каб паглядзець на калядную сталiцу, разам хадзiлi там па тэатрах i музеях.

У яе альбоме – яго лiрычнае вершаванае прысвячэнне i падораны iм  фотаздымак. Яны вядуць ажыўленую перапiску, калi Аляксандра едзе працаваць настаўнiцай у Чэрвеньскае гарадское вучылiшча. А калi ў 1908 годзе за нелегальную дзейнасць паэт трапляе ў мiнскi астрог, дзяўчына не раз наведвае Коласа-вязня. Але iх сяброўству быў не наканаваны працяг. У адзiн з  вiзiтаў у турму Аляксандра паведамiць: “Ведаеце, Якуб! Я выходжу замуж”. I больш ужо не прыйдзе.

Перажываннi, унутранае хваляванне паэта вылiлiся ў верш “Пясняр вясны”, якi быў напiсаны 24 лютага 1909 года. Мiж тым i праз 45 гадоў, калi Коласу давядзецца зноў сустрэцца з Аляксандрай Зотавай-Рамановiч, ён i адразу пазнае яе, i, успамiнаючы тое далёкае расставанне, прызнаецца, як балюча яму было чуць яе колiшнiя словы...

Шмат цiкавых матэрыялаў у экспазiцыi прысвечана жонцы паэта Марыi Дзмiтрыеўне Мiцкевiч (у дзявоцтве Каменская). З Канстанцiнам Мiхайла­вiчам яны пазнаёмiлiся ў 1913 годзе ў Пiнску, дзе абое настаўнiчалi. Там жа пабралiся шлюбам. Марыя Дзмiтрыеўна стала мацi трох сыноў Коласа – Данiлы, Юрыя i Мiхася.

— Яна была першым слухачом, чытачом i крытыкам твораў свайго мужа. Паводле слоў унучкi Коласа Веры Данiлаўны Мiцкевiч, лёс яе бабулi быў сапраўды шчаслiвым, але цяжкiм, бо нялёгка быць жонкай паэта-генiя. Быць побач з iм — i не навiдавоку, ствараць атмасферу ўтульнасцi ў хаце, гадаваць дзяцей, прымаць гасцей, пад­трым­лiваць сувязi са шматлiкiмi сваякамi, — расказвае Антанiна Гарон.

“Мiлы друг”, “мая зорка”, “мая добрая дружачка”, “мая святыня”, “яснюсенькая зорка” – так ласкава называў Якуб Колас сваю жонку. У сям’i панавалi пачуццi любовi, вернасцi i адданасцi.

Цяжкiм выпрабаваннем для Марыi Дзмiтрыеўны сталi гады вайны, эвакуацыя ў Ташкент i, галоўнае, гiбель у першыя месяцы Вялiкай Айчыннай сярэдняга сына Юркi. Яна моцна перажывала, хварэла. Не стала Марыi Дзмiтрыеўны 21 мая 1945 года.

Вернасць, маральную чысцiню i высакародства пачуццяў да сваёй любай Марусi Колас пранёс праз усё жыццё. Пасля яе смерцi ў адным з лiстоў ён прызнаецца: “Мая нябожчыца жонка была самым лепшым другам маiм. Такiя жанчыны, як яна, пападаюцца не часцей, як адна на 10 000 жанчын. На маёй дарозе траплялася многа прыгожых дзяўчат i маладзiц. Шмат кiм з iх я глыбока захапляўся, але перад Марыяй Дзмiтрыеўнай я быў чысты...”

Як адзначае Антанiна Гарон, многiя жанчыны хацелi звярнуць на сябе ўвагу Коласа. З’яўлялiся i такiя, каго не вельмi клапацiў стан яго душы, больш хвалявалi меркантыльныя iнтарэсы цi жаданне быць побач з вядомай асобай. У адносiнах да такiх знаёмых паэт заўсёды быў вельмi карэктны i акуратны.

Але былi i жанчыны, з якiмi ён шчыра сябраваў, перапiсваўся, прысвячаў iм вершы.

Наталлю Чакалiнскую Колас ведаў з 1921 года. А сем’i Чакалiнскiх i Мiцкевiчаў пазнаёмiлiся ў Мiнску, калi здымалi кватэры ў двары пана Русецкага. Пазней былi суседзямi на Вайсковым завулку. У 1932 годзе разам адпачывалi ў вёсцы, паэт здалёк любаваўся прыгажосцю Наталлi Iванаўны. У 40-я гады Колас i Наталля Чакалiнская перапiсваюцца, iх зблiжае вялiкае гора – абое ў гады вайны страцiлi сыноў. У 1950-я Наталля Чакалiнская дапамагае паэту друкаваць яго творы, у тым лiку апошнюю частку трылогii “На ростанях”. Усё жыццё iх звязвалi цёплыя сяброўскiя адносiны. Наталлi Чакалiнскай Колас прысвяцiў некалькi сваiх вершаў.

У музеi зберагаюцца рукапiсы 44 вершаў, 176 пiсем, 4 фотаздымкi i 10 кнiг Якуба Коласа з дароўнымi надпiсамi, адрасаванымi Аляксандры Кетлер-Яцкевiч, з якой ён быў знаёмы з восенi 1945 года. У той час Аляксандра Антонаўна працавала галоўным бухгалтарам газеты “Советская Белоруссия” i жыла з мужам i дачкой непадалёк ад цяперашняга парку Чэлюскiнцаў, на тагачасным Пушкiнскiм пасёлку.

“...У чалавека ёсць патрэба выгаварыць усё, што назбiраецца ў мыслях, у душы, яму хочацца як-небудзь вызвалiцца ад усяго гэтага грузу. Я ведаю, што наша дружба, Ваша добрае слова, усё Ваша аблiчча цудоўнай Былiнкi — гэта тое, што звязвае мяне з жыццём i дае ў iм апору. Вось чаму я даражу Вамi...” — пiша Колас у лiстах да Кетлер. Ёй паэт прысвяцiў 33 лiрычныя вершы, у якiх перададзены чыстыя, высакародныя пачуццi да жанчыны.

Апошнiя гады жыцця Колас моцна сябраваў з сям’ёй пiсьменнiка Аляксея Кулакоўскага, яны часта разам адпачывалi ў Каралiшчавiчах. Коласа прыцягвалi цеплыня i высакароднасць iх сямейных адносiн, мацярынскi клопат аб дзецях прыгожай i добразычлiвай жонкi Кулакоўскага Нiны Ульянаўны. Як мяркуе Антанiна Гарон, вiдаць, гледзячы на яе, Канстанцiн Мiхайлавiч успамiнамi i думкамi вяртаўся ў той час, калi такой жа маладой была яго Марыя Дзмiтрыеўна i калi гэтак жа, як i Кулакоўскiя, яны гадавалi сваiх трох сыноў. Сардэчнай шчырасцю прасякнуты амаль два дзесяткi  пiсем Коласа, адрасаваныя Нiне Кулакоўскай, якiя захоўваюцца ў фондах музея.

Мiж iншым, разгадку ўзаемных цёплых i шчырых адносiн Якуба Коласа з жанчынамi ў сярэдзiне 1950-х паспрабавала даць Яўгенiя Пфляўмбаўм, пiсьменнiца i жонка паэта Максiма Лужанiна.

“...Я пераканалася, дарагi дзядзька Якуб, што многiя жанчыны хiнуцца да Вас душою. Гэта, вiдаць, таму, што Вы з асаблiвай цеплынёю ставiцеся да iх, што Вы, як паэт, умееце бачыць у iх тое ўнутранае, часта прыхаванае хараство, той “кристалл”, аб якiм Горкi пiсаў, што ён “кристаллизуется только на основе кристалла”, — адзначала яна ў адным з лiстоў да народнага паэта.

На здымку: Канстанцiн Мiхайлавiч i Марыя Дзмiтрыеўна з сынамi, 1928 год.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter