В Березовском центре ремесел рассказали, почему юбка могла заменить паспорт

Вечны кліч

Менавіта бібліятэкары Бярозаўскага раёна здолелі зрабіць вялікую справу для захавання і папулярызацыі спадчыны свайго краю — унесці два элементы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Традыцыя прыгатавання ў печы сушанай рыбы ў аграгарадку Спорава папоўніла гэты спіс у мінулым годзе, а шчэпавая птушка нацыянальнай каштоўнасцю стала чатыры гады назад. Калі ў першым выпадку шчыравалі супрацоўніцы раённай бібліятэчнай сістэмы, то знайшла птушку і зрабіла яе адным з сімвалаў Бярозаўскага раёна дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля Кавалевіч. Па адукацыі — бібліятэкар-бібліёграф. Дзякуючы творчай натуры Наталлі Іванаўны вернуты да жыцця мясцовыя традыцыі ткацтва і вырабу драўлянай дзіцячай цацкі. Ды і наогул шмат якія з мясцовых рамёстваў удалося захаваць і нават аднавіць дзякуючы намаганням у першую чаргу Наталлі Кавалевіч.

Каб не парвалася нітачка

— Бібліятэкар павінен любіць даследчую работу, любіць гісторыю і быць творчым чалавекам. Гісторыя рэчы, гісторыя чалавека, гісторыя дзяржавы — усё звязана адной ніткай, — лічыць Наталля Іванаўна.

Не толькі птушку-абярэг, але і вяртлявую чаротаўку выразаюць у цэнтры пад кіраўніцтвам Наталлі Кавалевіч.
Яе карані на Бярозаўшчыне. Карацей, мясцовая Наталля Кавалевіч, таму зразумела яе цікавасць да жыцця продкаў. Менавіта на сваім першым месцы працы — у вёсцы Рэчыца — Наталля Іванаўна пазнаёмілася з кроснамі. Алена Сцяпанаўна Пунько — гаспадыня, у якой маладая бібліятэкарка здымала пакой, ткала. Ткала і яе дачка Вольга Іванаўна Гусачок. Прызвычаілася і Наталля Іванаўна. Сёння яна можа працаваць нават на ставах — старажытных драўляных кроснах, верхнюю частку якіх прывязвалі да столі.

— Схемы ткацтва былі настолькі мудрагелістымі, што далёкім ад рамяства людзям зразумець іх казалася немагчымым, таму большасць згублена — сваякі проста выкідалі незразумелыя запісы, — засмучана ўздыхае мая суразмоўніца.

У ткацкай майстэрні цэнтра рамёстваў стаяць тры станкі, прыстасаваныя для працы ў розных відах ткацтва. Тут аднавілі тэхналогію ткацтва палатна для спадніц — андарак і «поперэчка», а таксама спосаб выканання ўзораў, якія ўпрыгожваюць кашулю і фартух традыцыйнага жаночага народнага касцюма ў тэхніцы «мотуз».

Наталля Іванаўна прывяла цікавы прыклад пра ролю адзення для ўладальніка:

— Неяк была я ў Польшчы на мерапрыемстве. Падышла да мяне жанчына з Зялёна-Гуры і спытала, ці не з Сігневіцкай я гміны? Здзівілася. А яна падняла мой фартух і параўнала нашы спадніцы. Малюнкі — нібы знятыя з аднаго станка! Высветлілася: продкі маёй новай знаёмай — з нашых краёў. Адзенне было некалі як пашпарт. Па характары ўзораў можна было вызначыць, адкуль чалавек. Нават касцюмы, сабраныя ў адным раёне, могуць моцна адрознівацца. У андараку з вёскі Перасудавічы, да прыкладу, дзве сінія палосачкі ідуць побач, а на тых, што ткалі ў Агародніках, — праз белую падвойную палоску. Такім чынам, «прачытаць» можна было і спадніцу, і пояс, і кашулю.

Зараз вылецяць птушкі

Мне вядома, што не ўсе дасведчаныя ў традыцыйных рамёствах людзі згадзіліся з тым, што шчэпавая птушка — наша спадчына. Маўляў, нехта прывёз рамяство з Расіі, а Наталля Кавалевіч выдала за традыцыйнае, мясцовае. Пытаюся, як ставіцца да такога меркавання?

Не згаджаецца, безумоўна, кажа, что нічога выпадковага і чужога тут няма:

— Птушка — рэч сакральная. Яе, як і саламянага павука, вешалі нашы землякі каля люлькі дзіцяці ці ў чырвоным куце, каб збірала негатыў, каб зберагала хату ад дурнога вока. Чаму яе не маглі выразаць у нас? Матэрыялу хапала, майстравітых людзей таксама. На жаль, птушкі старога вырабу ў нашым раёне не захаваліся, але яшчэ ёсць людзі, якія ўмеюць іх вырабляць і памятаюць, як такіх птушак стваралі ў пачатку мінулага стагоддзя. Я знайшла ў Судзілавічах Мікалая Кандрацьевіча Галабурду. Ён быў майстар на ўсе рукі, умеў усё. Сам ужо не выразаў птушку, бо было за 80 гадоў, але расказаў, як яна робіцца. Ці Сяргей Сяргеевіч Юркевіч з Бярозы, напрыклад. У дзяцінстве ён бачыў птушку на базары, дзе быў з бацькамі, і яна яму снілася. Потым навучыўся выразаць птушку самастойна, гле­дзячы на старых майстроў, і ўжо 40 гадоў удасканальвае сваё майстэрства.


— Якое дрэва падыходзіць для «птушкі шчасця»?

— Свежаспілаваныя асіна, вольха ці ліпа. Адпілоўваюцца чурачкі з роўнай структурай валокнаў, расколваюцца сякерай на дошчачкі ўздоуж, потым дзеляцца на часткі згодна з памерамі птушкі. Майстар бярэ два тоненькія брусочкі, з першага стварае галаву, тулава і хвост птушкі, з другога — крылы. Сённяшнія носьбіты ўнікальнай традыцыі імкнуцца перадаць майстэрства моладзі, праводзяць майстар-класы. Зараз у Бярозаўскім цэнтры рамёстваў тэхналогіяй валодаюць два майстры — Аляксандр Лаўрыновіч і Аляксандр Пракапчук.

Дарэчы, не так даўно ў Бярозе, у гарадскім парку, з’явіўся памятны знак шчэпавай птушцы, эскіз для якой выканаў майстар Пракапчук. Побач — знак вяртлявай чаротаўцы, што выбрана птушкай-сімвалам раёна. У цэнтры рамёстваў таксама можна ўбачыць чаротаўку — зваляную з воўны ці выразаную з дрэва. Гэты сувенір карыстаецца такім жа попытам у гасцей раёна, як і птушка-абярэг.

Каб шчэпавая птушка расправіла крылы, Аляксандру Лаўрыновічу патрэбна некалькі гадзін.

Драўляны заапарк і духавы аркестр

Сёння яшчэ адным са здабыткаў народнай творчасці Бярозаўшчыны з’яўляюцца драўляная механічная цацка і драўляныя духавыя інструменты.

— Памятаю, як усё пачыналася. Працаваў у сферы культуры Бярозаўшчыны Мікалай Канстанцінавіч Ляўковіч з вёскі Лясковічы. Гэта ён успомніў пра цацкі, якія ў дзяцінстве майстраваў сам, — Наталля Іванаўна паказвае мне яшчарку, якой можна гуляць удвух. — Мы зрабілі яшчарку, а потым і серыю на падставе такой канструкцыі — божую кароўку, муху, страказу і матылька. Паехалі неяк у Мір на выставу з майстрамі, дык усе цацкі прадалі. Такім чынам у нас з’явіўся яшчэ адзін кірунак дзейнасці — цацка. Цікавая для дзіцяці і эстэтычна прывабная. З душой, зберажонай цеплынёй рук нашых майстроў.

Цацкі-насякомыя, цацкі-жывёлы, самалёцікі… Так яны падабаюцца іншым сем’ям, што людзі становяцца трывалымі пакупнікамі вырабаў Бярозаўскага цэнтра рамёстваў. Збіраюць калекцыю.

— Драўляная цацка — гэта сюжэт, а сцэнарый яго развіцця, маленькую гісторыю, дзіця можа прыдумаць самастойна, ці дапамогуць бацькі, — лічыць Наталля Іванаўна.

Акрамя цацак, майстры цэнтра выразаюць жалейкі, флейты, свісткі, майструюць трашчоткі. Усё гэта служыць не толькі забавай, але і своеасаблівым сувенірам.

Традыцыі сёння ў трэндзе, як кажуць. І Наталля Кавалевіч задаволена, што знайшла сабе справу па душы і людзей, якія да спадчыны адносяцца з трапяткім пачуццём, як яна сама: «Калектыў у нас невялікі, але кожны — на сваім месцы».

kozlovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter