Рабкін, Севела, Парфяновіч і яшчэ дзесяць прычын, дзеля якіх вам абавязкова трэба наведаць Бабруйск

Вечнае ззянне творчага розуму

Наваполацк рыхтуецца стаць культурнай сталіцай нашай краіны ў 2018-м. Але Бабруйск зусім не спяшаец-ца развітвацца з гэтым званнем. Яму яшчэ ёсць што паказаць. Май тут пазначаны музейным месяцам. Вось і выправі-лася карэспандэнт «Р» на Магілёўшчыну, каб скласці свой культурны экскурсійны маршрут па го-радзе. Праўда, абмінула ўсё, што датычыць прамысловага турызму (хаця, прызнацца, вельмі хацелася пабачыць вытворчасць шын, якія ўдвая вышэй за чалавечы рост), воднага адпачынку – Бярэзіна пакуль ха-лодная — і рэлігійнага інтарэсу.

Купіла баба парася

Паўтары гадзіны — і ты ў Бабруйску. Шляхоў некалькі: хочаш чыгункай, хочаш маршруткай. Транспарт адыходзіць кожную гадзіну, а то і часцей. Кошт квітка — каля шасці рублёў. І поезд, і маршрутка прыбываюць практычна ў адно месца. Ад вакзала і пачынаецца наша падарожжа. Кожны бабруйчанін скажа вам, што знаёмста з горадам трэба пачынаць з краязнаўчага музея. Туды і накіроўваемся. Калі пешшу, то па дарозе можна зайсці і ў гарадскі парк культуры і адпачынку. Ён уражвае сваёй плошчай, літаральна  з дня на дзень там пачнуць працаваць атракцыёны. Па дарозе будуць сустракацца помнікі Вялікай Айчыннай вайны, кафедральны сабор, тэатр і шмат чаго іншага цікавага. Але найперш мы ідзём знаёміцца з гісторыяй горада.  

Мастацкі музей Бабруйска адкрывае шмат цікавых імён мясцовых майстроў.

 З самага ранку ў музеі людна. Яго гаспадыня Наталля Пятроўна Арцёмчык гэтым не здзіўлена: толькі на сёння запланавана дзесяць мерапрыемстваў. Усяго за мінулы год тут пабывала больш за сорак тысяч чалавек. Да таго ж установа стала пераможцай у абласным штогадовым спаборніцтве на лепшую арганізацыю працы па захаванні і развіцці культуры на Магілёўшчыне сярод гарадскіх і раённых музеяў.

Большая частка краязнаўчага мала чым адрозніваецца ад сваіх «калег» у іншых населеных пунктах. Тут і макет старога горада, і скарб манет таго часу, шмат месца адведзена подзвігу бабруйчан падчас вайны, ёсць зал прыроды і экалогіі і гэтак далей. Але трэба аддаць належнае яго стваральнікам: там шмат выдумак і рэчаў, якіх дакладна няма ў іншых музеях. Напрыклад, вітрына-саркафаг, дзе на металічных пласцінах выбіты імёны тых, хто загінуў пры абароне Бабруйска. А таксама партрэты ветэранаў пэндзля Абрама Рабкіна — імя гэтага заслужанага мастака Расіі мы пачуем у горадзе яшчэ неаднаразова.

Але цягнуць людзей у музей не толькі гісторыя і подзвігі. Ёсць тут некалькі прадметаў з іскрынкай. Паганскія ідалы з моранага дубу з гэтага рада. Супрацоўнікі  з гумарам расказваюць, як некалькі гадоў таму да іх зайшла пажылая жанчына з нейкім скруткам, пакінула яго каля Велеса, а сама пайшла па іншых залах. Калі той скрутак пачаў варушыцца, то спужаліся ўсе. Але бабуля хутка ўсіх супакоіла: аказалася, яна купіла парася, і каб яно добра гадавалася, прынесла яго да паганскага ідала, які аберагае свойскую жывёлу ад хвароб. А яшчэ ў музеі ёсць Ярыла, які дае здароўе ўсім, а таксама Лада, якая прыносіць лад у кожны дом. Моладзь любіць прыходзіць сюды, каб пасядзець на куфары, засланым кажухом. Гавораць, ён дапамагае знайсці пару, а таксама прыносіць багацце. Цікава, што гэтую легенду прыдумалі не супрацоўнікі музея, а самі наведвальнікі.

Крэпасць пад пагрозай


Асобна трэба спыніцца ў музеі каля макета Бабруйскай крэпасці. Яна была пабудавана ў пачатку XIX стагоддзя. Тады тварэнне інжынера Карла Апермана прылічвалі да першага класа абарончых збудаванняў Расійскай імперыі. Доўгачасовыя абарончыя пабудовы былі зробленыя з цэглы, мелі скляпеністыя перакрыцці, байніцы. У Беларусі вядомыя толькі дзве крэпасці такога тыпу. На шчасце, Брэсцкую аднавілі. А вось Бабруйскую — не. Час, войны і прырода не пашкадавалі шматлікія пабудовы. Пятнаццаць гадоў таму крэпасць была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, але пакуль гэта ёй ніяк не дапамагае. Яшчэ больш, затрымка ў аднаўленні помніка вядзе да большай яго страты.


Бібліятэцы імя А.С. Пушкіна 115 гадоў, самому будынку крыху менш

Але, нягледзячы на гэта, завітаць у крэпасць трэба. Музей, да падпарадкавання якога адносіцца амаль дваццаць з пяцідзесяці аб’ектаў, ладзіць адмысловыя экскурсіі. Там можна ўбачыць некалькі рэдзюітаў плацдармаў, казематны бастыён, башню Апермана, дом каменданта, фрагменты ўмацаванняў форта «Фрыдрых Вільгельм» і гэтак далей. Дарэчы, ужо ёсць праект музеефікацыі, частковай рэстаўрацыі крэпасці пры горадабудаўнічым развіцці, але ён пакуль толькі на паперы.

Цэгла, як сто гадоў таму


Наступным аб’ектам культурных турыстаў можа стаць Дзіцячая школа мастацтваў № 1 імя Я.К. Цікоцкага. Туды варта зазірнуць, каб не толькі яшчэ бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Абрама Рабкіна, убачыць намаляваныя ім партрэты рускіх кампазітараў, але і каб прайсціся па пакоях і калідорах, па якіх некалі хадзілі Святаслаў Рыхтар, Ларыса Александроўская і іншыя вядомыя музыканты: Цікоцкі ў свой час арганізоўваў у горадзе вельмі шмат канцэртаў. Дарэчы, тут некалі вучыліся Уладзімір Алоўнікаў, Леў Гарэлік і іншыя. Гэтую школу скончыў і Руслан Аляхно, а таксама шмат іншых стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Ёсць яны там і сёння.

Двум з трох будынкаў школы хутка па сто гадоў. Наогул уся вуліца Карла Маркса — адно з самых старых месцаў у горадзе. У пачатку мінулага стагоддзя ў гэтым аднапавярховым цагляным будынку жыло ў асноўным яўрэйскае насельніцтва. Зараз многія з будынкаў адноўлены, а на адным нават знялі шмат слаёў фарбы і пакінулі цэглу ў яе першапачатковым выглядзе. Уражвае! Тое ж можна сказаць і пра «Сацыялку» — яшчэ адзін куточак старажытнага Бабруйска.

Бабруйскі Шагал


На вуліцы Сацыялістычнай знаходзіцца і адзін з будынкаў мясцовага мастацкага музея. Установе ўжо шмат гадоў, але свой светлы і прасторны корпус яна атрымала пяць гадоў таму. Такі падарунак да 625-годдзя горада зрабіла выканаўчая ўлада. Зараз музей месціцца на цэнтральнай плошчы, некалі адной з самых вялікіх у Еўропе, побач з гарвыканкамам і цэнтральным універмагам. Дырэктар галерэі Святлана Прывалава праводзіць для нас экскурсію і адкрывае шмат новых імён. У самай вялікай зале толькі ўраджэнцы Бабруйска. У першую чаргу гэта той самы Абрам Рабкін, ці, як яго яшчэ называюць, бабруйскі Шагал. Некалькі соцень сваіх палоцен ён завяшчаў роднаму гораду, зусім нядаўна яны былі перавезены сюды з Санкт-Пецярбурга. Старажылы гавораць, што сэрца шчыміць ад яго відаў старога Бабруйска. Рабкін маляваў яго па памяці, нават жывучы ў Расіі.

У Палацы мастацтваў кожны дзень канцэрты: на сцэне мясцовыя артысты чаргуюцца з заезджымі зоркамі.

Карціну Эдуарда Белагурава «Партрэт матулі» называюць жамчужынай калекцыі музея. Каля яе нельга не спыніцца. Яна як вобраз самага блізкага чалавека на свеце: ужо састарэлага, стомленага, але такога роднага.

Творы Уладзіміра Рубцова зусім іншыя. У іх шмат экспрэсіі, яркіх фарбаў. Пры жыцці гэты мастак, можна сказаць, быў не прызнаны, лічыўся дзіваком, які звычайна прагульваўся па горадзе з даберманам. Цяпер жа на гэты самы сюжэт — аўтапартрэт з сабакам — глядзяць з захапленнем і называюць Рубцова адным з самых цікавых, неардынарных творцаў Бабруйска.

Анатоль Концуб, Леанід Марчанка, Людвіг Асецкі, Алег Захарэвіч, Таццяна Карчажкіна… Гэтыя людзі вартыя, каб іх творы бачылі. Як і шматлікія керамікі, якія штогод з’язджаюцца на міжнародны пленэр «Арт-Жыжаль». Лепшыя з работ знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі музея.

З ветрыкам па літаратурным кольцы


Адзін з самых старых будынкаў у горадзе знаходзіцца на вуліцы Савецкай, 87. Гарадской бібліятэцы імя        А.С. Пушкіна ўжо 115 гадоў. Яна стваралася па ініцыятыве групы настаўнікаў, але вельмі значны ўдзел у фарміраванні фонду прыняла ўнучка паэта Наталля Аляксандраўна Пушкіна (па мужу Варанцова-Вельямінава). Амаль праз сто гадоў у гэтым будынку, акрамя кнігазбору, з’явіўся пакой-музей Пушкіна, пазней ператвораны ў музейную гасцёўню. Зараз там больш за 800 экспанатаў, сабраных жыхарамі горада: кнігі, паштоўкі, старыя газеты, часопісы «Огонек», значкі, пласцінкі, маркі, прысвечаныя Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну. А таксама яго радавод, які ўпрыгожвае сцяну будынка.

Дарэчы, гэта бібліятэка ўваходзіць у экскурсію «Літаратурнае кольца Бабруйска». У горада сапраўды багатае літаратурнае мінулае. Адзін Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч чаго варты. Помнік яму — першы прыпынак у гэтай экскурсіі. Яшчэ адно цікавае імя — Эфраім Севела. Памятаеце яго «Легенды Інваліднай вуліцы»? Вось па гэтай вуліцы, якая, праўда, цяпер называецца Энгельса, вам і прапануюць прагуляцца. Дарэчы, не так даўно ў горадзе з’явіўся помнік гэтаму пісьменніку і кінематаграфісту.

Ад Лепса да Лорак


Куды падацца вечарам? На гэтае пытанне адказаў шмат. Людзям культурным мы не прапануем рэстараны і дыскатэкі. На выбар два месцы: Палац мастацтваў і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча. У палацы што ні дзень, то якое-небудзь цікавае мерапрыемства. Тут з дзясятак розных калектываў, кожны з якіх мае свайго гледача і слухача. Едуць у Бабруйск і замежныя зоркі. Зусім нядаўна там былі Дзіяна Арбеніна і Рыгор Лепс, хутка дасць канцэрт і Ані Лорак.

Што паглядзець у тэатры? На гэтае пытанне сумленна і смела адказаў вядучы акцёр, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Парфяновіч: «Раней мы бралі п’есы, якія звярталіся да складаных чалавечых перажыванняў. Сёння іншы час — іграем на патрэбу гледачоў, таму ў нас так шмат камедый. Але ў кожным нашым спектаклі можна знайсці тое, што адгукнецца ў вашым сэрцы. Прыходзьце ў тэатр — ён будзіць вечнае, добрае, чалавечнае!»

Ну што, як вам Бабруйск-культурны? І сапраўды, завітайце сюды на дзень-другі. Па адных толькі вуліцах тут можна хадзіць з раніцы да вечара, бо не-не ды і сустрэнуцца тут унікальныя людзі, якія гадзінамі могуць расказваць пра свой родны горад.


stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter