Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускі гурт “Спадчына” з Латвіі паўдзельнічаў у цікавай імпрэзе, што ладзілася ў горадзе Глыбокае

Вечарына ў стылі этна

Повязі з Бацькаўшчынай у беларусаў Даўгаўпілса мацнеюць  з кожным годам. Вось і напрыканцы лістапада наша харавая капэла “Спадчына” з Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры наведала Віцебшчыну, горад Глыбокае. Там паўдзельнічалі мы ў этнавечарыне: так рэалізуецца мясцовая ініцыятыва “Стварэнне віртуальных падарожжаў па гісторычна-культурнай спадчыне рэгіёну”. Гэта толькі частка міжнароднага праекта “Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуюць сумесна Еўрасаюз і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

На этнавечарыне ў Глыбокім

Нас хораша віталі на Бацькаўшчыне. Супрацоўнікі Глыбоцкага гістарычна-этнаграфічнага музея падрыхтавалі этнавечарыну, назву якой далі мудрую: “Госць не госць — а гаспадару радасць”. Што ж, гасцей у беларусаў любяць, на ганаровае месца саджаюць, смачна частуюць. На гэты раз у этнавечарыне паўдзельнічалі Народны тэатр фальклору “Цярэшка” з Глыбокага, гурт народнай музыкі й песні “Заранка” з Паставаў, аўтэнтычны дзіцячы гурт “Крынiчанька” і дзіцячы ансамбль лыжачнікаў (адпаведна з мясцовых аграгарадкоў Псуя і Ламашы), замежныя госці — наша харавая капэла “Спадчына”.

Спачатку мы ўсе размясціліся па коле на лаўках у вялікай зале Дома культуры, і было знаёмства: хто ды што. Вядучыя з Тэатра фальклору “Цярэшка” Наталля Нікіфаровіч і Дзмітры Крывёнак запрашалі гасцей у гульні-танцы: пакажыце, на што здатныя. Паказалі майстэрства гурты з Беларусі. Акцёр Барыс Заяц у ролі шляхціца Быкоўскага запрашаў гасцей спяваць любімыя песні, прыпеўкі, танчыць старадаўнія танцы. І ўрэшце можа чалавек сто ўтварылі два карагоды, пад гармонік пайшлі па зале. Музыка спынялася, і тады “суседзі” віталі адзін аднаго, знаёміліся і распавядалі, адкуль прыехалі.

Масляны баран з Глыбоччыны

Потым пайшлі народныя гульні: “У рэмня”, “У таўкача”, “Хто каго любiць”. Танцавалі ўсе, шмат і з задавальненнем: польскі “Абэрак”, польку “Ойру”, “На рэчаньку”, “Каробачку”. У перапынках між танцамі ды гульнямі паказвалі майстэрства ўсе калектывы-ўдзельнікі этнавечарыны. Пад цудоўную народную беларускую музыку яе гаспадары дэманстравалі нацыянальнае адзенне жыхароў Глыбоччыны канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Шмат цікавага мы даведаліся й пра мясцовыя рамёствы (вязанне, ткацтва, пляценне кошыкаў). А некаторыя стравы беларускай нацыянальнай кухні госці ведаюць ужо й на смак, і духмяны іх водар помніцца — бо згатавалі нам пачастункі з натуральных прадуктаў. Марына Хлор, дарэчы, давала майстар-клас па вырабе “Маслянага барана”, пакаштаваць якога можна толькі на Глыбоччыне: страва ўнесена цяпер у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Наш гурт “Спадчына” выконваў беларускія народныя песні “Ночка цёмная”, “У садзе гуляла”, “Гары, касцёр”, латышскія народныя “Nāk, rudentīnis” і “Šeit ir Latvija”, якія падхапіла ўся зала. Саліст Віталь Міхайлоўскі пад гітару выканаў “Калыханку для душы”, чым выклікаў авацыі слухачоў. “Спадчына” паказала й латышскі карагод пад музыку песні “Bēdu manu, lielu bēdu”, мы дапамаглі яго развучыць усім удзельнікамі этнавечарыны. Так што рознабаковая была праграма — сапраўднае свята для ўсіх. Мы ж яшчэ раз пераканаліся, наколькі багатыя нашы народныя традыцыі, як уважліва, беражліва зберагаюць гістарычна-культурную спадчыну на Глыбоччыне.

Нехта спытае: як удалося харавой капэле “Спадчына” паехаць у Глыбокае? Сакрэт просты: Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры падпісаў Пагадненне аб супрацоўніцтве з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама. Так што раім усім беларускім суполкам, што зацікаўлены ў творчых кантактах з Бацькаўшчынай, такім досведам скарыстацца.

Яніна Юзэфовіч, кіраўніца ансамбля “Спадчына”

Фота “Веснік Глыбоччыны”

Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter