Вечарам у нашай хаце...

Самы лепшы час у нашай сям’i — гэта вечар, калi мы збiраемся разам. Тата, прыйшоўшы з рыбалкi, задаволены ўловам, даводзiць яго да ладу на кухнi. Мама ўсмiхаецца лагодна, але з хiтрынкай. Ведаю, што ў такi час нараджаюцца ў матулi новыя вершы, а можа, i байку яна створыць. На такiя рэчы яна вялiкая мастачка, заўсёды выручае, калi нам патрэбна ў школе выступiць з вершам. I на заводзе “Зенiт”, дзе яна працуе кантралёрам, мама заўсёды ўдзельнiчае ў творчых конкурсах i часта перамагае.

Бабуля Галя садзiцца з вязаннем на канапу, i побач з ёй уладкоўваюся і я. Бабуля — вялiкая майстрыха, яна вяжа прыгожыя рэчы. Сурвэткамi, дыванкамi,  накiдкамi ў нас ўпрыгожана ўся кватэра. А яшчэ бабуля — цiкавая субяседнiца. Умее так расказваць, што заслухаешся.
Бабуля Галя ганарыцца продкамi — яе дзядуля быў вядомым на ўсю ваколіцу пчаляром,  ведаў усё пра пчол. Каб навучыцца даглядаць iх, да яго прыязджалi здалёк. А бабуля булкi  пякла — смачныя i прыгожыя, нi адно вяселле, нi адны радзiны без яе караваяў не абыходзiлiся. 
... Цягнецца нiтка, сплятаючы прыгожы карункавы ўзор. Гэтак жа няспешна, як нiтка ў працавiтых бабулiных руках, цягнецца размова. Я не перашкаджаю бабулi, каб не перабiць яе ўспамiны.
Побач з намi на канапе цiхенька прысаджваюцца сёстры —  спачатку Анюта, а потым i шасцiкласнiца Ксюша, скончыўшы свае заняткi музыкай.
— Эх, холадна  ў кватэры. Вясна такая халодная,  — уздыхае бабуля Галя. — Зараз вось валёнцы не пашкодзiлi б.
I пачынае расказваць пра свайго тату, якi быў адмысловым майстрам па валёнках. Да яго нават з Вiлейкi наведвалiся, каб абутак зрабiў. Для жанчын валяў ён валёнкі мякенькiя, далiкатныя, лёгкiя, каб паходку не псавалi. А вось мужчынам — больш цёплыя i тоўстыя, бо iм у лес па дровы ехаць трэба было, то каб не мерзлi ногi.
Прадзедаўская хатка ў вёсцы Урэчча служыць нашай сям’i дачай. У агародзе мы працуем усе разам. I расце на  iм уся гароднiна, якая нам патрэбная. Калi дружна, усе разам, то i працаваць не цяжка. Затое якое  задавальненне атрымлiваем, калi зiмой мама ставiць на стол слоiк памiдораў у жэле. Гэта наша любiмая страва.
А старая хатка! Колькi тайнаў яна ўтрымлiвае, колькi дзявоцкiх сакрэтаў падслухала i запомнiла! Здаецца, прытулiся вухам да шурпатых сцен, дык раскажа шмат цiкавага. Я вельмi хачу навучыцца слухаць гэтую мову старых рэчаў, старых сцен, адмецiн на вушаках дзвярэй i бэльках.
На крэсле побач з канапай прысела мама.  Ведаю, што пасля змены на заводзе яна паспела зрабiць шмат хатняй работы, але стомы на яе твары я не заўважаю. Як заўсёды, на твары ўсмешка. А колькi ласкi i цеплынi ў яе прыгожых вачах! Гэтая пяшчота разліваецца па пакоi, ахiнае кожнага з нас, i  так хочацца прыветна ўсмiхнуцца  ў адказ.
Заўсёды быць бадзёрай i вясёлай маме дапамагае выбраны ёю стыль жыцця. Не памятаю, каб мамачка калi-небудзь працягла хварэла: яна шторанiцы аблiваецца халоднай вадой. Кажа, што гэтая працэдура дапамагае ёй заставацца бадзёрай, не дазваляе прастуджацца. А хварэць ёй нельга — нас у мамы чацвёра. Для кожнай з нас яна знаходзiць i час, i сiлы.
Вось i тата, закончыўшы   “рыбныя” клопаты,  сеў побач з мамай. Жанчын у нашай сям’i  шэсць, а тата — адзiны мужчына. Але ён гэтым нiколькi не засмучаны, наадварот, ганарыцца кожнай  з нас, i песцiць, i любiць. Тата працуе начальнiкам участка  на заводзе буддэталей. Вырас ён у дружнай шматдзетнай сям’i, таму на цяжкасцi i матэрыяльныя нястачы нiколi не наракае, ведае, што, калi  не засяроджвацца толькi на матэрыяльным, жыццё  не будзе здавацца цяжкiм. Ён i нас гэтаму вучыць. Галоўнае — каб кожная з нас адчувала клопат, каб у сям’i навучылася зарабляць гэтыя грошы, а не толькi спажываць iх. Так вучаць мяне i маiх сясцёр тата i мама. А зарабляць грошы тата ўмее. Працуе на заводзе шчыра, старанна i за гэта заўсёды атрымлiвае i прэмii, i падзякi. А летам тата час таксама не марнуе дарэмна. Калi няма работы ў агародзе, ходзiць у барок па грыбы. Не ведаю, як у яго атрымлiваецца, але без здабычы нiколi не вяртаецца — абавязкова прынясе з лесу кошык рудагаловых крамяных баравiчкоў.
Я ведаю, што iнiцыятарам вялiкай, шматдзетнай сям’i  ў нас была мама. Яна сама мне пра гэта расказвала: яшчэ да замужжа марыла, што дзяцей у яе будзе не менш, чым трое. Зараз гадуе нас, чатырох дачушак, i  нiколi не скардзiцца, што ёй цяжка, што нечага не хапае.  Яна сапраўдны казначэй  нашага сямейнага экiпажа, умее так размеркаваць грошы, што хопiць на ўсё патрэбнае. 
...Бабуля сплятае прыгожы карункавы ўзор, спрытна перабiраючы рукамi некалькi тоненькiх нiтак, а я, гледзячы на яе рухi, думаю. Вось так i  нiтачкi чалавечых лёсаў злучае хтосьцi нябачны, каб пераплялiся яны, завязалiся новыя вузялкi, узнiклi ўзоры новых жыццяў. Толькi вязанне можна распусцiць i пачаць наноў, а жыццё чалавечае не перапiшаш, не зменiш. Яго адразу трэба пражыць так, каб не сорамна было праз стагоддзi перад нашчадкамi сваiмi, каб ганарылiся яны мной, як ганаруся я сваiмi прабабулямi i прадзядулямi.
Мне вельмi шкада, што ў такi час з намi няма старэйшай сястры Светы, якая не толькi з цiкавасцю слухае бабулiны расказы, але ўмее iх прыгожа занатоўваць. Гэта яе будучая прафесiя — Света пакуль студэнтка, але хутка стане выкладаць беларускую мову. Дадому сястра прыязджае не часта, бо вучыцца ў Вiцебску,  але я ведаю, што ў такi вось сямейны вечар яна не можа не патэлефанаваць дадому, каб адчуць кроўную еднасць з кожным з нас.
Званок! Так i ёсць. Гэта Света. Цiкавiцца, як там бабуля, мама, тата, як заўсёды, папытае пра нашы поспехi. I мы расказваем ёй — падрабязна, зацiкаўлена.
Завязаны апошнi вузялок, i на стол кладзецца новая сурвэтка.
А мне вельмi хочацца спаць, вочы злiпаюцца, але я  шапчу  сваiм сямейнiкам, як моцна я iх люблю. Я ведаю, што мая сям’я — самая лепшая ў свеце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter