Вечар памяці

У мінскім Доме кіно ўзгадаюць жыццё і творчасць Міхаіла Пташука

У сталічным Доме кіно ўзгадаюць жыццё і творчасць Міхаіла Пташука

Расказваючы пра сябе, пра сваё знаёмства з мастацтвам, Міхаіл Пташук абавязкова ўдакладняў, што родам ён з тэатральнай палескай вёскі, і заўсёды з задавальненнем распавядаў пра свае родныя Федзюкі, што на Ляхаўшчыне. Тэатральнай вёску празвалі невыпадкова.

Да кожнага свята ці якой іншай важнай падзеі яе жыхары любілі рабіць на мясцовай сцэне ўласную пастаноўку легендарнай купалаўскай «Паўлінкі», прычым кожны раз з новай «трупай». Існаваў у тэатральнай вёсцы і школьны драмгурток, у якім, як успамінаў Міхаіл Пташук, яму даручалі дэкламаваць вершы. А яшчэ калі-нікалі прывозілі ў вясковы клуб кіно. І таму з юных федзюкоўцаў, хто першым паспяваў прынесці «дзяружак», каб пазавешваць вокны ў зале, кінамеханік дазваляў паглядзець фільм бясплатна і двойчы — раніцай і ўвечары. Сярод шчасліўчыкаў часцяком аказваўся і спрытны Мішка Пташук. Ніхто тады і падумаць не мог, што наканавана гэтаму рыжаму хлапчуку, які нярэдка засынаў на вячэрніх сеансах, стаць вядомым кінарэжысёрам, што праз колькі часу, ужо 17-гадовым юнаком, адправіцца ён у далёкую Маскву і з першай спробы паступіць на рэжысёрскі факультэт самай прэстыжнай тэатральнай ВНУ — Шчукінскага вучылішча. Як жартаваў на гэты конт Міхаіл Мікалаевіч, відаць, упершыню з дня існавання «Шчукі» ў яе сцены трапіў просты сялянскі хлопец-беларус.

Яго першым майстрам быў знакаміты Барыс Захава, а пазней, ужо на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах Дзяржкіно СССР, Георгій Данелія. Пташук быў лепшым вучнем Данеліі, і менавіта яму — аднаму з усяго курса — было даверана зняць дыпломную работу ў «поўным метры». Так з’явілася першая карціна Міхаіла Пташука «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту», якая адразу атрымала Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Барселоне.

Пасля гучнага дэбюту ў маладога рэжысёра была магчымасць застацца ў Маскве, але ён вярнуўся ў Мінск. Першай яго стужкай, знятай на «Беларусьфільме», стала карціна «Лясныя арэлі». Пасля з’явіліся «Час выбраў нас», экранізацыі беларускай класікі «Вазьму твой боль» Івана Шамякіна, «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча, «Знак бяды» Васіля Быкава… Шырокую вядомасць рэжысёру прынесла карціна «У жніўні 44-га...» па знакамітым рамане Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны». Апошнюю сваю работу — «Песня Розы» — Міхаіл Пташук зняў па заказе Галівуда. Былі ўжо і задумкі новага фільма, але ім не давялося ажыццявіцца. 26 красавіка 2002 года рэжысёр загінуў у аўтакатастрофе ў Маскве, куды прыехаў як намінант на прэмію «Ніка» за фільм «У жніўні 44-га...».

Сёлета 28 студзеня народнаму артысту Беларусі Міхаілу Пташуку споўнілася б 70. У гэты дзень у сталічным Доме кіно адбудзецца вечар памяці знакамітага рэжысёра, з чыім імем звязана цэлая эпоха ў айчынным кінематографе. Удзел у мерапрыемстве прымуць калегі, вучні, сябры і блізкія майстра. Гледачы ўбачаць дакументальны фільм Сяргея Кацьера «Вечар памяці». А ў кінатэатрах рэспублікі на працягу месяца пройдуць рэтраспектывы фільмаў знакамітага рэжысёра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter