Важна дапамагчы людзям узняцца да лiдараў

Адно з найбольш рэнтабельных сельгаспрадпрыемстваў не толькі Стаўбцоўскага раёна, але і сталічнай вобласці — ТАА «СЖК «Налібакі». Базай для яго стаў створаны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя саўгас «Івянецкі». Год таму да сельгасарганізацыі далучылі патанаючае ў даўгах ААТ «Радзіма Дзяржынскага».

Iнжынер-механік Віктар ДОШЧАЧКА.

Аснова эканомікі аб'яднанага калектыву — прадукцыя жывёлагадоўлі. Удзельная вага яе ў агульным аб'ёме выручкі ўзнялася да 95 працэнтаў. Ад рэалізацыі малака і ялавічыны сёлета чакаецца амаль 2 мільёны рублёў прыбытку, што ў параўнанні з мінулым годам амаль на чвэрць больш.

На налібоцкіх фермах яшчэ летась пераадолены 9‑тысячны рубеж па надоях малака. Штодзённа на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці адпраўляецца звыш 40 тон прадукту. Большая частка яго рэалізуецца гатункам экстра. Рэнтабельнасць малочнай вытворчасці дасягнула 40 працэнтаў.

У раслінаводстве найбольш рэнтабельныя азімы рапс і збожжавыя. Ураджайнасць азімага рапсу перавысіла 25 цэнтнераў з гектара, а зерневых — амаль 40 цэнтнераў. У засекі засыпана 9350 тон збожжа (на 3500 тон больш мінулагодняга) і звыш 1100 тон насення рапсу (на 300 тон больш леташняга). Фуражны запас папоўніць і зерне кукурузы.

Галоўны аграном Георгій ЯЎСЕЙЧЫК.

Павелічэнне вытворчасці валавой прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам чакаецца больш чым на 5 працэнтаў.

За гады дзейнасці ТАА «СЖК «Налібакі» ўпэўнена замацавалася сярод стабільных і актыўна дзеючых гаспадарак раёна. Цэнтральная сядзіба, вёска Налібакі, адной з першых на Стаўбцоўшчыне атрымала статус аграгарадка. Развіваюцца і вытворчая сфера, і сацыяльная. На палях і фермах далучанай гаспадаркі заўважны станоўчыя змены.

— Плошча сельгасугоддзяў у нас падвоілася і перавышае 8500 гектараў, — канстатуе галоўны эканаміст Таццяна Лойка. — І клопатаў дадалося. Галоўны — пагашэнне даўгоў былой гаспадаркі «Радзіма Дзяржынскага». Амаль 6 мільёнаў рублёў патрэбна вярнуць. Прааналізавалі вытворчую дзейнасць кожнага далучанага структурнага падраздзялення, вызначылі найбольш значныя нявыкарыстаныя рэзервы. Прынялі стратэгію дзейнасці. І крок за крокам справа ладзіцца. На жывёлагадоўчай ферме «Слабодка» ў параўнанні з мінулым годам у два разы выраслі сутачныя надоі малака. Ад кожнай з 130 кароў атрымліваюць яго звыш 25 кілаграмаў. Адпаведна з павелiчэннем вытворчасці прадукцыі растуць і заробкі жывёлаводаў. Людзі матываваны працаваць яшчэ лепш. Паступова разлічваемся з даўгамі, якія збіраліся гадамі.

Галоўны эканаміст Таццяна ЛОЙКА і галоўны бухгалтар Яніна ЛІПНІЦКАЯ.

Перспектыву дзейнасці аб'яднанага калектыву дырэктар Віталь Кушнер бачыць у далейшым развіцці малочнай галіны. Прынята рашэнне аператыўна рэканструяваць усе жывёлагадоўчыя фермы. Будаўнічая брыгада на малочна-таварнай ферме «Слабодка» завяршае пераабсталяванне памяшканняў для ўтрымання кароў і цялят. На малочна-таварным комплексе «Цеснавая» ўстаноўлена новае стойлавае абсталяванне і праведзена ацяпленне даільнай залы. На МТФ «Налібакі» пачынаецца будаўніцтва цялятніка на 300 галоў. Абноўлена жывёлагадоўчае памяшканне для ўтрымання 250 кароў на таварнай ферме «Дзянісы». Ні адна ферма не застаецца па-за ўвагай кіраўніка. Асобы акцэнт Віталь Іванавіч робіць на тэхналагічнай дысцыпліне. Гутарыць з жывёлаводамі, цікавіцца іх справамі, калі ўзнікаюць складанасці, неадкладна вырашае іх.

— Важна падтрымаць людзей, дапамагчы ўзняцца да лідараў, — адзначае дырэктар ТАА «СЖК «Налібакі» Віталь Кушнер. — Патэнцыял росту відавочны на кожнай ферме. Прыемна бачыць вынікі старання калектываў. Раўняцца ў нас ёсць на каго. На малочна-таварнай ферме «Налібакі» гадавы надой ад каровы перавышае 9000 кілаграмаў, большых вынікаў у нашым раёне няма.

Даглядчыца цялят Наталля ВЯЛІЧКА.

З дырэктарам завіталі на МТФ «Налібакі». У прасторных светлых памяшканнях — чысціня і парадак. Дойны статак на круглагадовым стойлавым утрыманні. Побач з кароўнікам на свежым паветры ўсталяваны клеткі для цялятак. Адразу пасля ацёлу іх памяшчаюць у асобныя пластмасавыя домікі, усцеленыя сухой саломай. Каля маладняку ўвіхалася цялятніца Наталля Вялічка. Вырасла яна ў сялянскай сям'і. З дзяцінства знаёма з працай на ферме. Дапамагала маці Бернардзе Вікенцьеўне даіць калгасных кароў. Пасля заканчэння школы засталася ў роднай вёсцы. Выйшла замуж. З мужам Генадзем Фёдаравічам, які працуе электрыкам у гаспадарцы, выхавалі трох сыноў. Працавала поварам у мясцовай школе. Шэсць гадоў таму памянала род дзейнасці. Разам з Алай Чэмкай даглядаюць 200 галоў маладняку. Увесь статак у гаспадарцы чорна-пярэстай пароды.

У кароўніку нас сустрэў малады спецыялiст Уладзімір Качаноўскі. У Налібакі ён прыехаў з жонкаю Юліяй і малымі дачушкамі Соф'яй і Вольгай. Дыплом ветфельчара атрымаў у Пінскім дзяржагракаледжы. Працаваў на радзіме, у палескай вёсцы Плотніца, і завочна вучыўся ў Белдзяржветакадэміі. Па сямейных абставінах прыпыніў вучобу. У налібоцкай гаспадарцы маладую сям'ю забяспечылі кватэрай з усімі выгодамі. Уладзімір Васільевіч абавязкі ветфельчара сумяшчае з працай асемянатара. Настроены аднавіць завочную вучобу ў ветакадэміі.

Побач з жывёлагадоўчымі памяшканнямі закладвалі ў траншэі сіласную масу. МАЗы, трактары з прычэпамі, якія запоўнены скошанай кукурузай, няспынна выгружаліся. Магутная тэхніка трамбавала корм. За два дні корманарыхтоўчы атрад закладвае траншэю ёмістасцю 2,5 тысячы тон сенажу. На кожную з 7600 галоў буйной рагатай жывёлы назапашана ўжо больш за 20 кармавых адзінак.

Ветфельчар Уладзімір КАЧАНОЎСКІ.

Палявой дарогай кіруемся на бліжэйшую кукурузную плантацыю, дзе працуе корманарыхтоўчы атрад. Налібоцкія палі прымыкаюць да пушчы. Натуральная ўрадлівасць сельгасугоддзяў невысокая. Кожнае поле атрымлівае поўную запраўку арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі.

— Абсалютнае выкананне тэхналагічнай дысцыпліны гарантуе атрыманне запланаванай ураджайнасці, — разважае галоўны аграном Георгій Яўсейчык. — За 44 гады маёй агранамічнай дзейнасці ўсялякага было. Як сталі строга вытрымліваць тэхналагічныя параметры, вынік не заставіў сябе чакаць. Галоўная наша задача — забяспечыць грамадскі статак уласнымі кармамі. Пашырылі пасевы кукурузы, сеяных траў. Лета выдалася спрыяльнае для раслінаводства. На некаторых участках кукуруза вырасла да 4 метраў. Кожны гектар дае больш за 300 цэнтнераў зялёнай масы. Гэта дазволіць не толькі забяспечыць гадавую патрэбнасць у кармах, але яшчэ і стварыць страхавы фонд.

На ўскрайку шырокага поля ланцужком выстраіліся некалькі МАЗаў і трактароў з прычэпамі. З-за высокай сцяны кукурузы паказаўся кормаўборачны камбайн. У жніво за яго руль садзіцца інжынер-механік Віктар Дошчачка. Вопыт нарыхтоўкі кармоў у яго вялікі. За лічаныя мінуты прычэп напаўняецца здробленай зялёнай масай. На хаду трактар каля камбайна змяняе 20‑тонны МАЗ. Вадзіцель Станіслаў Філіповіч на паніжанай хуткасці рухаецца паралельна з уборачным агрэгатам. А на падхопе наступны грузавік. Больш дзесяці адзінак тэхнікі задзейнічана ў перавозцы зялёнай масы. Дарога ад поля да сянажнай траншэі займае некалькі хвілін. Затрымак з-за адвозкі фуражу няма. У гаспадарцы два корманарыхтоўчыя камбайны. Працуюць яны больш як 15 сезонаў. Калі здараюцца паломкі, Віктар Дошчачка перасаджваецца на другі агрэгат. Сянажныя траншэі няспынна поўняцца зялёнай масай.

На суседнім полі зелянеюць усходы азімага рапсу. Апошнія дажджы паспрыялі іх росту. Пад гэтай культурай занята 490 гектараў. У тры разы большыя плошчы адведзены пад азімыя збожжавыя. Механізатары Аляксандр Шаламоўскі і Аляксей Ражок штодзённа засяваюць да 70 гектараў зерневых. У севазвароце пераважаюць трыцікале і жыта. Пад азімую пшаніцу адведзена 370 гектараў. Амаль удвая павялічана сёлета плошча пад азімы ячмень: вырошчвацца ён будзе на 113 гектарах.

Пасля заканчэння сяўбы азімых у поле выйдзе глебаапрацоўчая тэхніка для падрыхтоўкі палёў да веснавой сяўбы. Атрад механізатараў пастаянна папаўняецца выпускнікамі школ і дзяржпрафтэхліцэяў. З суседняга Валожынскага раёна пераехалі ў налібоцкую гаспадарку браты-трактарысты Вадзім і Аляксандр Кучынскія. З сям'ёю перабраўся ў Налібакі механізатар Аляксей Ражок. Яго шматдзетная сям'я атрымала дом у вёсцы Дзянісы. А выпускніца Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Ганна Бердзіна папоўніла калектыў бухгалтэрыі. У гаспадарцы дбаюць аб умовах працы і сацыяльна-бытавой сферы. Клапоцяцца і пра культуру населеных пунктаў. Восенню налібоцкія падворкі зачароўваюць кветнікамі. Па-над садамі вітае водар спелых яблыкаў і груш. А побач шуміць векавая Налібоцкая пушча. Вялікае шчасце жыць і працаваць у такім непаўторным па прыгажосці куточку.

УНП 690000765
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter