Программист, бухгалтер, инженер-экономист: как семейный капитал помогает многодетным семьям оплачивать образование

Важкія інвестыцыі ў будучыню

Калi сыну або дачцэ паступіць на бюджэт не ўдалося, бацькам давядзецца паднапружыцца, каб аплачваць іх навучанне. Чым больш дзяцей у сям’і, тым больш адчувальны фінансавы цяжар. У гэтым годзе ў многіх шматдзетных бацькоў з’явілася магчымасць вырашыць пытанне аплаты вучобы ў каледжы або ВНУ без шкоды для ўласнага кашалька. З 1 студзеня сямейны капітал дазволена выкарыстоўваць датэрмінова, не чакаючы, пакуль трэцяе дзіця, на якое ён прызначаны, стане паўналетнім. І хоць большасць уладальнікаў сямейнага капіталу накіроўвае яго на паляпшэнне жыллёвых умоў, нямала тых, хто хоча расходаваць гэтыя сродкі на атрыманне адукацыі. 656 сем’яў ужо атрымалі на гэта станоўчыя рашэнні выканкамаў. Гісторыі тых, хто атрымлівае прафесію дзякуючы фінансаваму бонусу дзяржавы за шматдзетнасць, запісала карэспандэнт «Р».

Фінансавая інвестыцыя ў інтэлект

Брэсцкая вобласць — лідар сярод рэгіёнаў па колькасці шматдзетных сем’яў у краіне. Тут і больш за ўсё жадаючых распарадзіцца сямейным капіталам датэрмінова — 4168 сем’яў. Як паведамілі ў камітэце па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама, 132 сям’і вырашылі скарыстацца гэтымі сродкамі для навучання.

КАЛАЖ ЮЛІІ КОСЦІКАВАЙ
Сярод іх — Юлія Касянкова з Жабінкі, мама 19-гадовага Арцёма, 11-гадовай Эміліі і 4-гадовага Сямёна. Сямейны капітал у памеры 10 000 долараў сям’і прызначылі чатыры гады таму, калі нарадзіўся малодшы. А год таму старэйшы Арцём паступіў у Баранавіцкі каледж лёгкай прамысловасці. Вучыўся хлопец вельмі добра — сярэдні бал атэстата 8,8 — і даўно вызначыўся, што хоча стаць праграмістам. З дзяцінства цiкавіўся камп’ютарамi, сам складаў праграмы. А навучальную ўстанову, дзе можа атрымаць гэту прафесію, выбіраў, прааналізаваўшы шматлікія водгукі. Праўда, там па яго спецыяльнасці бюджэтных месцаў не было. Але бацькі падтрымалі: будзем плаціць.

— Першыя паўгода мы аддавалі па 150 рублёў у месяц за вучобу Арцёма, — расказвае маці. — З улікам таго, што ў нас яшчэ два крэдыты на будаўніцтва жылля, льготны і камерцыйны, вядома, для нас гэта было накладна. Таму магчымасць размарозіць сямейны капітал прыйшлася якраз дарэчы. У студзені мы падалі дакументы ў выканкам, а ў сакавіку банк пералічыў грошы на рахунак каледжа. А гэта 4050 рублёў за ўвесь астатні тэрмін навучання — крыху больш за два гады. Цяпер галава не баліць, што, не пацягнем. Нам сказалі, што, калі ўзнікне неабходнасць даплаты, мы можам зноў звярнуцца ў банк і пералічыць сродкі.

Фінансавыя інвестыцыі ў сваю адукацыю Арцём, на думку бацькоў, апраўдвае спаўна.

— Сыну вучыцца вельмі падабаецца, ён другі па паспяховасці ў групе — з сярэднім балам 8,3, — з гонарам кажа Юлія Аляксандраўна.

Акрамя аплаты вучобы сына ў каледжы, сямейным капіталам сям’я Касянковых пагасіла таксама рэшту камерцыйнага крэдыту. Рэшту на дэпазітным рахунку, а гэта каля 4000 долараў, пакуль пакінулі. Падрастае Эмілія — ​​ёй таксама могуць спатрэбіцца сродкі для атрымання прафесіі.

У сям’і Валянціны Пятроўны з Кобрына (прозвішча гераіня прасіла не пазначаць. — Заўв. рэд.) у мінулым годзе адбыліся дзве знамянальныя падзеі. Першая — нарадзiўся сынок Арцемій, дзякуючы якому сям’я набыла статус шматдзетнай. На малога прызначылі сямейны капітал. А другая важная падзея — старэйшая дачка Вікторыя стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік». Пры паступленні на бюджэт не хапіла балаў, на платнае аддзяленне конкурс вытрымала.

— Кошт навучання — каля 2700 рублёў у год, — расказвае Валянціна Пятроўна. — І, прызнаюся, пацягнуць гэту суму было вельмі цяжка, бо даход нашай сям’і складаецца з зарплаты мужа і дзіцячай дапамогі на малодшага. Сярэдняя дачка Ангеліна толькі пайшла ў школу. Таму, калі мы даведаліся, што можна скарыстацца сямейным капіталам датэрмінова, адразу напісалi заяву, каб вырашыць пытанне з вучобай.

Астатнія сродкі сямейнага капіталу сям’я Валянціны Пятроўны пакідае на дэпазітным рахунку. Жыллём яны забяспечаны: самі пабудавалі дом.

На трэці курс — ужо з палёгкай

Калі Крысціна Лашук з Жодзіна скончыла гімназію, у выбары — дзяржаўная або камерцыйная ВНУ — дзяўчына i яе сям’я нават не сумнявалiся.

КАЛАЖ КРЫСЦІНЫ ПАЧЭБУТ
— Толькі дзяржаўная, бо там і ўзровень выкладання высокі, і патрабаванні да студэнтаў! — лічыць Таццяна Уладзіміраўна, яе маці. — Спачатку дачка спынілася на спецыяльнасці «лагістыка» ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Але калі ёй расказалі, што ёсць іншая цікавая спецыяльнасць, «эканоміка машынабудавання», дачка, узважыўшы ўсе за і супраць, падала дакументы туды.

Бацькі аплачвалі вучобу Крысціны два гады. А сёлета падалі дакументы на скарыстанне сямейнага капіталу — і атрымалі станоўчае рашэнне. Грошы пералічылі за першыя шэсць месяцаў новага навучальнага года. Цікаўлюся, чаму не цалкам за ўвесь тэрмін навучання.

— Ці мала што можа адбыцца за год, а тым больш за два — розныя могуць узнікнуць абставіны ў жыцці, можа змяніцца кошт ці раптам адлічаць, — тлумачыць Таццяна Васільеўна. — Але тое, што бу-дзем пагашаць аплаты сямейным капіталам, гэта адназначна. Чаму б не скарыстацца рэальнай магчымасцю? У нас яшчэ падрастаюць дзве дачушкі: адна — дашкольніца, другая — сямікласніца. Іх таксама трэба накарміць, апрануць, абуць.

КАМПЕТЭНТНА

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны нагадалі: датэрмінова распарадзіцца сямейным капіталам дазваляецца для атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені або сярэдняй спецыяльнай адукацыі на платнай аснове. Пры гэтым гаворка ідзе толькі пра дзяржаўныя ўстановы. У гэтым галоўнае адрозненне датэрміновага выкарыстання. Пасля таго як дзіця, на якое прызначаны сямейны капітал, дасягнула паўналецця, гэтыя сродкі можна патраціць на вучобу любога члена сям’і як у дзяржаўных, так і ў прыватных установах адукацыі, прычым любога тыпу i вiду.

ЛIЧБА

Па апошніх дадзеных, на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 19 904 заявы. Прынята 18 116 станоўчых рашэнняў. На паляпшэнне жыллёвых умоў яго накіравалі 16 620 (92 працэнты) сем’яў, на атрыманне адукацыі — 656 (3,6 працэнта) сем’яў, на медыцынскія паслугі — 628 (3,5 працэнта) сем’яў.

kozlovskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter