Мы съездили в Клецкий район, чтобы узнать секреты высоких намолотов экипажей, на счету которых 2000-3000 тонн зерна

Важкі колас

Жніво ў Мінскай вобласці ідзе поўным ходам — убралі амаль чвэрць плошчаў, з якіх намалочана каля 480 тысяч тон зерня. У лідарах па ўраджайнасці Нясвіжскі, Клецкі і Мінскі раёны. У Клецкім раёне сярод камбайнераў з’явіліся ўжо «двухтысячнікі» і нават «трохтысячнікі». Да «рэкардсменаў» прама на поле выехала карэспандэнт «Р».

Уборка збожжавых.

 Надвор’е падфарціла

У Клецку сонечны дзень — сама прырода на баку хлебаробаў. Перад выездам у поле сустракаюся з Мікалаем Галубовічам, першым намеснікам старшыні і начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Клецкага райвыканкама. Ён шчыра радуецца за хлебаробаў і з гонарам канстатуе вынікі іх працы:

— На Клетчыне 10 сельскагаспадарчых арганізацый: усе працуюць зладжана. Уявіце, 16 экіпажаў сёння здабылі статус тысячніка, адзін — двухтысячніка і яшчэ адзін — трохтысячніка. 21 вадзіцель перавёз звыш тысячы тон збожжа. Больш за 2 тысячы тон на ліку ў 2 работнікаў. Тут жывуць працавітыя людзі! Вось вам прыклад: два энергічныя браты кіруюць гаспадаркамі. Малодшы — Павел Здрок — узначаліў нядаўна КСУП «Племянны завод Чырвоная Зорка», дык старэйшы — Сяргей Здрок, дырэктар ААТ «Кухчыцы», як больш вопытны, дапамагае яму. Нядаўна Сяргей Паўлавіч, ведаючы, што надвор’е спрыяльнае, пасля жніва на сваіх палях накіраваў частку камбайнаў на «чырваназорныя» палі. У гарачую пару нельга губляць ні хвіліны.


У Клецкім раёне ўжо ўбралі 10691 гектар, а гэта 64 працэнты да плана. Мікалай Галубовіч кажа, што ззаду збор ураджаю рапса і некаторых іншых культур:

— Кошты ў гэтым годзе на рапс і пшаніцу нядрэнныя. Мы закрылі дзяржзаказ па рапсе, выконваем заданне па рэалізацыі дзяржаве харчовай пшаніцы. Азімага ячменю намалацілі ў раёне 8200 тон. Гэта культура, якую трэба своечасова сабраць. Сёлета сталі яе на пару тыдняў раней збіраць, добра, што цёплая зіма гэтаму спрыяла. Адпаведна, раней вызвалілі палі, рыхтуем глебу пад азімы рапс. Вялікую ролю ў высокай ураджайнасці адыграла своечасовая падкормка ўгнаеннямі, хімпраполка, іншыя мерапрыемствы. Думаю, сёлета падыдзем да ста тысяч тон у свірнавай вазе ўраджаю збожжавых коласавых, рапса, кукурузы. Працавітасць, вопыт, спаборніцкі азарт у людзей у гаспадарках ёсць.


Па словах Мікалая Галубовіча, сёння на палях гаспадарак заняты 80 збожжаўборачных камбайнаў. А мы накіроўваемся да камбайнераў — лідараў жніва.

Хачу, магу, раблю

Сяргей Здрок, дырэктар ААТ «Кухчыцы», кажа, што да лепшага камбайнавага экіпажа гаспадаркі, у якім працуюць Сяргей Янучок і Віктар Жукоўскі, апошнім часам павышаная цікавасць:

— Як бы не зазналіся ад увагі журналістаў, — жартуе кіраўнік, — нядаўна іх ушаноўвалі з намалотам дзве тысячы тон, а ўжо пераадолена мяжа тры з паловай тысячы. Ганаруся імі. Яшчэ не раз будуць узнагароджваць кухчыцкіх на гэтым полі. Ды і сем’ям прыемна, калі бацькоў, мужоў паказваюць па тэлевізары.


Сяргей Здрок кажа, што ў Кухчыцах жывуць па прынцыпе «хачу, магу і раблю»:

— Добры хлеб у гэтым годзе, даўно не прыпомню такога. У нас убрана 1463 гектары, намалочана 12065 тон збожжа пры ўраджайнасці 82,5 цэнтнера з гектара. У вытворчасці малака таксама ёсць вынікі. За паўгоддзе дадалі 1011 тону. У найбліжэйшых планах — увесці ў эксплуатацыю малочную ферму на 300 кароў, што дазволіць зарабляць на 1,5 мільёна рублёў больш, і закласці падмурак новага малочна-таварнага комплексу да 1200 жывёл. Выкарыстоўваем па максімуму ўсю тэхніку, набылі яшчэ два аўтамабіля МАЗ, прынялі на працу дадаткова 8 вадзіцеляў. У гаспадарцы зараз працуе пад 300 чалавек.

Памочнік камбайнера Віктар Жукоўскі і камбайнер Сяргей Янучок.

Сяргей Янучок і Віктар Жукоўскі па нашай просьбе прыпынілі камбайн і спусціліся пагутарыць на пару хвілін:

— Працуем многа, стараемся не прастойваць ні хвіліны, так што ў дасягненнях ніякага чараўніцтва няма... Уважлівым трэба быць, жаць умеючы, і тэхніка добра спрацуе.

— А колькі можна зарабіць? — цікаўлюся ў лепшых камбайнераў Міншчыны.

— За дзень у сезон можна ад 100 да 300 рублёў падняць, было б жаданне, — чую ўпэўнены адказ.

У гаспадарцы робяць стаўку на маладых. Тут ужо працуюць 15 паспяховых выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ. А да нас падыходзяць студэнты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Ніна Бадаева, Максім Дзеканец, Аляксандр Хват. Рабяты праходзяць у «Кухчыцах» пераддыпломную практыку. Яны рады, што патрапілі ў адну з самых перадавых гаспадарак вобласці, набіраюцца вопыту, уважліва назіраюць за ўсімі тэхналагічнымі працэсамі.

Максім Дзеканец, студэнт-практыкант Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, вызначае страту зерня. 

— У чым сакрэт поспеху гаспадаркі, па-вашаму? — пытаюся ў будучых аграномаў.

— Прафесіяналы ў кіраўніцтве плюс добрыя спецыялісты працуюць камандай, — лічыць Максім Дзеканец з Гродна. Да размовы далучаецца Ніна Бадаева. Дзяўчына сама з-пад Брагіна, вырасла ў сям’і жывёлаводаў, аграномію выбрала свядома:

— Імпануе стаўленне кіраўніцтва да моладзі. Тут даюць магчымасць сябе праявіць. На практыцы тут нас 6 чалавек, у наступным годзе будзем абараняць дыпломы, але здадзім свой галоўны экзамен, думаю, у «Кухчыцах».

Галоўны аграном Сяргей Куцко і Ніна Бадаева, студэнтка-практыкантка Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

 Калі ўраджай радуе

У механізатараў абед. Пераязджаем у аграгарадок Янавічы пагутарыць з хлебаробамі КСУП «Племянны завод Чырвоная Зорка». Іх вынікі працы сведчаць аб ганаровым другім месцы па ўраджайнасці збожжавых у Клецкім раёне. Эфектыўна малоцяць з году ў год тры камбайнавыя экіпажы. У мінулым годзе Пётр Макрэцкі і Аляксандр Дзямідчык наогул сталі першымі «трохтысячнікамі» на Міншчыне. А сёння гэты дуэт і яшчэ два экіпажы (Барыса Байко і Аляксандра Масько, Міхаіла Патоцкага і Сяргея Карсюка) вось-вось дасягнуць адметкі ў дзве тысячы тон хлеба.


Аляксандр Крыжэвіч, галоўны аграном гаспадаркі, расказаў, што ўбрана 1664 гектары, намалочана 9659,5 тоны збожжа, ураджайнасць — 58 цэнтнераў з гектара. Новы дырэктар Павел Здрок вялікую гаспадарку прыняў менш як год таму, правёў яе аптымізацыю:

— Праз непрадуктыўныя аб’екты пераструктуравалі сельгаспрадпрыемства да калектыву ў 464 чалавекі. Набылі з дапамогай кіраўніцтва раёна два новыя трактары, бюджэтны прэс, новы айчынны збожжаўборачны камбайн КЗС1218 «Палессе GS12», які выдатна малоціць. У гэтым годзе неблагі ўраджай азімага ячменю, пшаніцы, трыцікале.

Сялянам засталося ўбраць 49 працэнтаў плошчаў. Тут работы ідуць па дакладным плане жніва, разлічваюць завяршыць яе ў самыя кароткія тэрміны.


shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter