Хлебаробы Аршанскага раёна першымі ў вобласці перасягнулі 100-тысячны рубеж

Важкі колас аршанскі

Учора старшыня райвыканкама Мікалай ЛІСОЎСКІ ўручыў у вёсцы Корава ўсім кіраўнікам пятнаццаці сельгаспрадпрыемстваў караваі з мукі свежага ўраджаю. Такія ж караваі атрымалі і камбайнеры, якія намалацілі па дзве тысячы тон: Мікалай ЗАХАРЭНКА з СВК «Ларынаўка» і Ігар БОЛЦІКАЎ з ІП «Штотц-Аграсэрвіс «Міцькаўшчына».

Цырымонія ўшанавання працаўнікоў раёна ў сувязі з намалотам 100-тысячнай тоны збожжа

Дарэчы, СВК «Ларынаўка» адзін з лідараў па ўраджайнасці — звыш 57 цэнтнераў на круг. Асобныя палі давалі і па 75.

— Формула простая: мы вытрымліваем усе тэхналагічныя элементы ад пачатку і да канца па ўсім ланцужку пры вырошчванні збажыны, — расказаў старшыня гаспадаркі Аляксандр Кухцянкоў.

Хлебаробы Аршанскага раёна сёлета плануюць сабраць не менш 125 тысяч тон збожжа. Улічваючы, што яшчэ зжата толькі 70 працэнтаў збожжавых, гэты рубеж таксама будзе ўзяты.

Кіраўнікі аршанскіх гаспадарак з караваямі з новага ўраджаю

Поспех аршанцаў — своеасаблівая «запеўка» да віцебскага мільёна. На ўчарашнюю раніцу тут было намалочана 833 тысячы тон збожжа з 63 працэнтаў плошчаў. Рэгіён, на думку спецыялістаў, па вале выйдзе на ўзровень Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Віцебшчына, нягледзячы на тое, што апошняй заканчвае жніво, першай пачынае азімую сяўбу збожжавых. Ужо з 10 жніўня тут лягуць у глебу першыя зярняткі рапсу, а з 20 — і астатніх культур.

Для гэтага, як паведаў намеснік старшыні Камітэта   па    сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкама Іван Фёдараў, усё гатова: поўнасцю да патрэбы засыпана насенне рапсу, створаны фонд у 5 тысяч тон элітнага насення збожжавых пры плане 3,5 тысячы. У кожным элітгасе, а іх дванаццаць, ёсць сучасныя комплексы па дапрацоўцы насення. Ёсць у вобласці і новыя падыходы ў вырошчванні рапсу. Улічваючы, што пяты год запар азімы рапс у заходніх раёнах на вельмі значных плошчах вымярзае, а гэта немалыя страты, тут зроблена арыентацыя на павелічэнне пасеваў яравога.

Старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай ЛІСОЎСКІ і намеснік Прэм`ер-міністра Міхаіл РУСЫ з сімвалічным снапом

У сувязі з гэтым нельга не звярнуць увагу на своеасаблівы эксперымент, які праведзены на Глыбоччыне. Тут дзве нямецкія кампаніі — «Рапуль Бел» і «Басфа» —  апрабавалі  гібрыд яравога рапсу «сальса» на 11 гектарах у сельгасфіліяле «За Радзіму «ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод». Была строга захавана ўся тэхналогія і па сяўбе, і па доглядзе за раслінамі. Вынік перавысіў усе чаканні. Біялагічная ўраджайнасць культуры — звыш 30 цэнтнераў на круг. У многіх гаспадарках вобласці азімы рапс не даў і палову гэтага.

Фота БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter