Напярэдадні Дня друку ў Мінску ўручылі адну з самых прэстыжных журналісцкіх узнагарод — «Залатое пяро»

Вайной завостраныя пёры

Напярэдадні Дня друку ў Мінску ўручылі адну з самых прэстыжных журналісцкіх узнагарод — «Залатое пяро». Гэта свята, калі прафесіяналы аддаюць павагу сваім калегам, ад таго прэмія становіцца ўдвая больш каштоўнай, лічыць старшыня БСЖ Анатолій Лемяшонак. Сёлетні конкурс прайшоў пад знакам 70-годдзя Перамогі, значная частка лаўрэатаў была адзначана менавіта за матэрыялы ваеннай тэматыкі. 



Спецыяльны карэспандэнт «Сельскай газеты» Уладзімір Субат больш за сорак гадоў збірае матэрыялы пра лёсы, апаленыя Вялікай Айчыннай:

— Нездарма кажуць, што кожны чалавек — гэта ненапісаная кніга, а тым больш той, хто дыхнуў ваенага пораху. Калі мне было 24 гады (я тады працаваў на Беларускім радыё), у Мінску праходзіла сустрэча пісьменнікаў, якія пісалі на ваенную тэматыку. Мне даручылі ўзяць у іх інтэрв’ю, ад хвалявання трэсліся калені. Тады мудры і стрыманы Канстанцін Сіманаў сказаў словы, якія назаўсёды ўрэзаліся мне ў памяць: «Пра вайну 1812 года Леў Талстой напісаў раман амаль праз сто гадоў. Пра Вялікую Айчынную такі раман яшчэ не выдадзены. І задача журна-лістаў па крупінцы збіраць факты для таго, каб потым хто-небудзь напісаў праўдзівы раман пра тую вайну». Я працаваў на радыё, потым на тэлебачанні, зараз у газеце, але ўвесь час працягваю збіраць гэтыя зярняткі. 


Лаўрэаты рэспубліканскага творчага конкурса БСЖ «Залатое
пяро» рэдактар Клецкай раённай газеты «Да новых перамог» Жана
ГАРДЗІЕВІЧ і журналісты холдынга «Советская Белоруссия» Іван і
Валянціна ЖДАНОВІЧЫ.

Неабыякава тэма вайны і для супрацоўніцы часопіса «Belarus» Валянціны Ждановіч. Яна шмат гадоў займалася мастацтвазнаўствам і зараз піша на тэмы культуры. Але сёння яна занята эсэ, якое прысвечана яе бацьку. Пры жыцці гвардыі радавы 51-й стралковай дывізіі Міхаіл Сцяпанавіч Чаркашын быў чалавекам нешматслоўным, не любіў узгадваць тыя цяжкія часы. Але дзякуючы жонцы, якая з цеплынёй захоўвала ўсе яго ўзнагароды і дакументы, а таксама сайту «Подзвіг народа», дзе сабрана шмат невядомых фактаў, і нараджаецца новы твор Валянціны Ждановіч:

— Бацька служыў у музычным дывізійным ўзводзе, які быў прызваны ўзнімаць баявы дух вайскоўцаў. Але за інструменты ён браўся не так часта, як гэтага хацелася, бо вельмі часта прыходзілася выконваць абавязкі санітара, пахавальніка, сувязіста. Яго жыццё, як і мільёнаў іншых, апаленых вайной, — гэта сапраўдны подзвіг, пра які павінна ведаць яшчэ не адно пакаленне.

Валянціна Ждановіч атрымала ўзнагароду разам са сваім мужам Іванам, які працуе ў газеце «Голас Радзімы». Усяго ж на рахунку журналістаў холдынга «Советская Белоруссия» сем «Залатых пёраў», у тым ліку ўласнага карэспандэнта па Віцебскай вобласці Алены Бегуновай. У мінулым годзе ўпершыню ўручалася прэмія «За грамадзянскую журналісцкую пазіцыю», яе атрымаў старшыня Белдзярж-радыёкампаніі Генадзь Давыдзька, сёлета яна дасталася Вадзіму Гігіну, які друкуе свае матэрыялы ў тым ліку і ў «Рэспубліцы». Віншуем калег.!

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter