Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Даўгаўпілсе сябры беларускага таварыства “Уздым” правялі вечарыну ўспамінаў

Вайной апаленыя лёсы

Здаецца, сама прырода разам з намі святкавала сёлета Дзень Перамогі: усё цвіло, зелянела, і дні стаялі ціхія, сонечныя. Актывісты, сябры суполкі “Уздым” сабраліся 8 мая на вечарыну ўспамінаў. Пачалі з вершаў: прагучаў “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага, была Мінута маўчання. Сярод нас не было ветэранаў, але былі дзеці вайны, якія памятаюць жахі акупацыі, канцлагераў, рабства ў Нямеччыне. Дый праз дзядоў, бацькоў бадай што лёс кожнага з нас — вайною апалены.

Яўгенія Гуляева

Сябра суполкі Сафія Ільінічна Кавалёва-Крываносава згадвала, як была вязнем канцлагераў. З Віцебшчыны ў вайну яе, маленькую, разам з маці фашысты вывезлі ў Германію. І больш яна сваіх маці, хату, родную вёску не ўбачыла. Пасля вайны прытулак сіротцы даў дзіцячы дом у Даўгаўпілсе. Таму й праз столькі гадоў Сафія Ільінічна не можа гаварыць пра тыя жудасныя падзеі: кветкі дрыжаць у яе руках, даўкі камячок болю падступае да горла, слёзы самі сабой коцяцца з вачэй...

Сафія Кавалёва-Крываносава   

Адна са старэйшых сяброў і заснавальнікаў “Уздыма” Яўгенія Вячаславаўна Гуляева згадала на вечарыне пра бацьку, які ваяваў, прайшоў праз усю вайну. А яна з маці жыла дома ў Браслаўскім раёне, які быў акупаваны ворагам. Назаўсёды застаўся ў яе памяці крык жанчын: “Немцы!”. Помніцца й той акраец хлеба, які хуценька перадала ёй матуля, калі разам пабеглі хавацца ў балота. Чаму ж у балота?.. Бо туды не пройдуць танкі, то можа ўдасца выжыць... Назаўсёды ў памяці купіна, за якую дзяўчо трымалася ў балоце, каб не ўтануць, і дым, які падымаўся ад запаленых карнікамі хат...

Да слёз расчуліў нас аповед Анастасіі Аляксандраўны Сазанковай. Ёй на пачатак вайны было 12 гадоў, сям’я жыла ў вёсцы пад Полацкам. Уцякалі ад немцаў. Памятае: уздоўж дарогі ляжалі забітыя людзі, коні, паламаныя вазы... Іх сям’ю абстралялі з самалёта, кідалі бомбы. Адна, разарваўшыся побач, забіла каня, забіла й малодшую сястрычку Машаньку, саму ж Насту параніла. Яна страціла прытомнасць, і ўсе падумалі, што ўжо нежывая, таму пакінулі на лясной паляне. Калі ж дзяўчынка прыйшла ў сябе, то цэлую ноч хадзіла вакол дрэва, ёй было вельмі страшна й хацелася да людзей. На ёй была чырвоная сукенка, і раніцай нейкі чалавек заўважыў, што ў дрэвах нехта ёсць. Пра тое пачула й радня, бо недалёка яшчэ адышлі, родныя вярнуліся й забралі яе з сабой. А на тым месцы, дзе пахавалі сястрычку Машаньку, стаіць невялікі помнік. Свае ўспаміны Анастасія Сазанкова выпісала ў кніжцы “Сведка”.

Анастасія Сазанкова

Пра свайго бацьку-франтавіка са слязамі на вачах успомніла Зінаіда Сіліня. Яго не стала, пасля вайны ўжо, якраз 8 мая, напярэдадні Дня Перамогі. Ён быў разведчыкам. Зінаіда, як і ўсе, хто меў слова да яе, шкадавала, што мала распытвала бацьку, не запісала яго ўспаміны. Зрэшты, і вялікіх святкаванняў Дня Перамогі ў першыя пасляваенныя гады не было. А яшчэ Зінаіда Сіліня заспявала ў памяць пра роднага чалавека любімую песню бацькі “Синий платочек”.

Пра сваіх бацькоў расказалі таксама Валянціна Ліпінская, Іна Валюшка, Валерый Амбросаў, Еўфрасіння Лелэ. Вельмі цікавым атрымаўся аповед  у Святланы Сталяровай. Яна распавяла пра сваіх бацькоў, якія сустрэліся на вайне, пажаніліся, потым нарадзілася яна. Бацькаў брат Андрэй Сталяроў, расказвала, быў танкістам. У знакамітай бітве на Курскай дузе ў танкавым баі танк ужо быў падбіты, аднак экіпаж пратараніў нямецкага “Тыгра” і ўсе загінулі. Андрэй Сталяроў быў узнагароджаны пасмяротна. Ягоная пляменніца сабрала пра тое шмат матэрыялаў. А бываючы на Бацькаўшчыне, Святлана й школу наведвае, у якой дзядзька Андрэй вучыўся, і Гомельскі краязнаўчы музей, дзе ёсць стэнд, яму прысвечаны. Сын Святланы Міхайлаўны назваў свайго сына Андрэйкам — вось так праз маленькага ўнука Андрэя Сталярова й доўжыцца эстафета сямейнай памяці, не страчваецца повязь часоў і пакаленняў.

Святлана Сталярова

Яшчэ адзін аповед у тэму. Шчырая беларуска Галіна Ждан як даведалася, што мы ствараем Музей беларусаў Латгаліі, то падарыла ў экспазіцыю свае тры вышытыя рушнікі, тканы абрус, расшыты настольнік, дыван перабіраны, хустку-касміроўку. Вось што расказала яна пра тое гора, што здарылася ў вайну ў яе сям’і: “Я нарадзілася ў вёсцы Новая Лука ў 1933 годзе. Бацька працаваў лесніком, і жылі мы ў Чарніцах. Хата стаяла ў лесе, а ўночы было страшна, то мы хадзілі начаваць у Прудзінкі. (У вайну — Дрысенскі, цяпер — Верхнядзвінскі раён. — Рэд.). Усё ж з людзьмі разам неяк смялей. А неяк поздняй восенню 1942 года бацька з раніцы пайшоў у Чарніцы пакарміць скаціну, а мы з мамай, сястрычкай і брацікам збіраліся таксама туды, але не паспелі. Немцы прыйшлі ў Прудзінкі па лёдзе возера, акружылі вёску, выгналі ўсіх з хат і сагналі ў адну. Сказалі, што будуць дапытваць, дзе партызанскія сем’і. Маці сказала: “Не бойся, дачушка, у нас партызанаў няма”. І гэта ж было апошняе, што пачула я ад матулі... У хаце павярнуцца няма дзе, столькі народу. Я неяк ад мамы адлучылася бліжэй да печы. Там ложак стаяў. Дык я падушку схапіла і — пад ложак, бо чула, што праз падушку не прабівае куля. А тут як пачалі страляць праз дзверы ды па вокнах! Што рабілася! Пайшоў дым. Я з-пад ложка шась за дзверы. А ў вялікіх сенях ужо гараць адны дзверы разам са сцяной, рушацца. У памяці засталося: ляжыць жанчына ў чырвонай хусце, а на ёй ужо твар гарыць... У другім месцы ляжыць многа людзей, іх прыдушыла дзвярыма. Я — да вушака й ходу. А куды бегчы? Рванула ў бок Чарніц і бачу, што яшчэ дзяўчынка бяжыць. Мне раптам стала гарача руцэ. Разам дабеглі да лесу, схаваліся пад густое дрэва. Рука мая ўся ў крыві, а куля прайшла насквозь. А ў той дзяўчынкі разрыўная куля трапіла ў руку, то ўсю распарола, і пальцы таксама. Куды ісці — не ведаем. Сустрэлі жанчыну, яна й забрала з сабой дахаты. Там нас абмылі, перавязалі. Мяне адправілі за печ, дзе ўжо было шмат дзяцей. Раніцай павезлі тую дзяўчынку да доктара ў Богіна, але яго ўжо немцы забралі. То лячылі яе самі, дзяўчынка засталася калекай. А ў мяне рука, дзякуй Богу, загаілася. Памятаю, адчыняюцца дзверы, заходзіць бацька й плача: у Прудзінках у той хаце загінулі-згарэлі маці, сястрычка сямі гадоў і брацік трох гадоў. А ў 1943-м мяне й бацьку з другой сям’ёй вывезлі ў Германію. Але гэта ўжо другі аповед...”

Доўга не хацелі разы­ходзіц­ца ўдзель­нікі вечарыны ўспамінаў. Мы вырашылі, што зладзім яшчэ сустрэчы, бо памяць пра вайну жыве ў сем’ях беларусаў Латвіі, Даўгаўпілса, прычым кожнаму з нас ёсць што расказаць пра цяжкі час у лёсах бацькоў, бабуль і дзядуль. 

8 мая — Дзень Перамогі ў краінах Заходняй Еўропы, гэта і Дзень памяці й прымірэння. Таму 8 мая кветкі ад таварыства “Уздым” леглі да Вечнага агню мемарыяла ў парку Дубровіна. А 9 Мая разам са сваёй Бацькаўшчынай Беларуссю мы таксама адзначалі Дзень Перамогі. Сябры суполкі “Уздым” паўдзельнічалі ва ўрачыстым ўскладанні вянка, кветак да мемарыяла вызваліцелям Даўгаўпілса. 

Сябры суполкі “Уздым” разам з беларускімі і расійскімі дыпламатамі на ўскладанні кветак 9 Мая ў Даўгаўпілсе

Дзень Перамогі — святы дзень для кожнага беларуса. Жывуць нашчадкі ветэранаў, жыве памяць пра вайну, яе герояў, пра яе велізарныя ахвяры: гінулі франтавікі, партызаны, вязні канлагераў, працаўнікі тылу, дзеці вайны, мірныя жыхары. Усе яны жадалі мірна жыць на сваёй роднай зямлі, свабоднай і незалежнай. І ў святочны дзень асабліва востра мы адчуваем радасць Перамогі. Бо менавіта з Перамогай закончылася тое ліхалецце, тая страшэнная вайна, пакуты мільёнаў людзей. І не дай Бог такому адбыцца зноў: дзе б то ні было ў свеце.

Галіна Сантоцкая, сябра таварыства “Уздым”, 

г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 19 (3571), чацвер, 24 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter