Салісты хору “Судьбы” пабывалі ў гасцях у супляменнікаў у Сочы

Вайна яшчэ баліць

Салісты хору “Судьбы” пабывалі ў гасцях у супляменнікаў у Сочы


У паважанага веку людзей, што спяваюць у хоры “Судьбы”, вельмі розныя лёсы. Родніць іх найперш тое, што ўсе тыя лёсы — вайною апаленыя. Як вядома, Вялікая Айчынная скалечыла жыцці мільёнам лю-дзей, былі велізарныя ахвяры, вайна паставіла ўсё з ног на галаву. Цяжар пакут разам з дарослымі неслі і дзеці: многія прайшлі праз канцлагеры, ведаюць, што такое акупацыя, блакада, голад, смерць блізкіх…


Не толькі адпачываць ездзілі на Чорнае мора ўдзельнікі хору “Судьбы”

Ажно да мурашак па скуры прабіраюць аповеды ўдзельнікаў хору “Судьбы”, у якім усе спевакі — былыя малалетнія вязні фашызму. Тамара Вешнякова дзіцем перажыла блакаду Ленінграда, не па чутках ведае, што такое голад, смерць блізкіх. З 11 чалавек яе сям’і выжылі сама Тамара Сямёнаўна, яе маці і брат. Кіраўніца хору Галіна Змушко ў 3-гадовым узросце трапіла ў фінскі канцлагер, што знаходзіўся на тэрыторыі былой Карэла-Фінскай ССР, і правяла там 1004 дні. Жанчына памятае, як яе старэйшая сястра ўпотай узімку, рызыкуючы жыццём, збягала за калючы дрот ды шукала на полі замерзлую бульбу. Галіна Тразкова 9 месяцаў была ў “лагеры смерці” ў мястэчку Пяскі, што ў Мастоўскім раёне Гродзеншчыны, дзе ў дзяцей  бралі кроў для салдатаў нямецкай арміі. Гаворыць: са 170 малых вязняў у жывых засталіся толькі 15… Разам з маці ў канлагеры “Дахау”, вядомым нечалавечымі медэксперыментамі, а пасля ў лагерах у Лаўпхайме ды Гюнцбургу знаходзілася Галіна Рэйлян. На ўсё жыццё ў яе застаўся шнар ад укусу сабакі, якога нацкаваў жандарм, каб дзяўчынка не жабравала. Нібы ў рабстве пабываў і 14-гадовы Яўген Стасевіч, калі ў Германіі працаваў на фермера-баўэра…

Жудасныя гісторыі з дзяцінства! Іх — 29: столькі спевакоў цяпер у хоры “Судьбы”. І колькі б часу ні прайшло, ніколі не загоіцца іх адзіная вялізная балючая рана пад назвай “вайна”. Хор створаны 10 гадоў таму ў Мінску, гэта сумесны беларуска-нямецкі праект “Песні для справы Міру”. У рэпертуары — песні на беларускай, нямецкай, рускай мовах, а таксама сольныя нумары, вершы. Дарэчы, адзін з вершаў, які напісала мастацкая кіраўніца хору, паэтка Людміла Бурдыка, пачынаецца радкамі: “Мы направляем всю работу,/ Все наши мысли и заботы/ На то, чтоб страшная беда/ Не повторялась никогда”. І хоць харысты пазналі ў дзяцінстве, што такое страх, адчай, боль, голад, смерць, аднак яны выжылі! І цяпер насуперак усяму лічаць сябе шчаслівымі.

На пачатку восені калектыў “Судьбы” пабываў у Сочы. Мінчан запрасілі Беларуская абшчына “Белая Русь” на чале з Уладзімірам Астапуком ды адміністрацыя горада. Цэлых дзесяць дзён бабулі і дзядулі маглі аздараўляцца, дыхаць марскім паветрам на Чарнаморскім узбярэжжы. Зрэшты, яны і дня не маглі сабе ўявіць без справы! Таму амаль штодзень і працавалі: давалі канцэрты, праводзілі гутаркі-ўспаміны з дзецьмі, падлеткамі. Сустракаліся і з супляменнікамі з “Белай Русі”. Дарэчы, многія з іх вартыя таго, каб расказаць пра іх у другім, дапоўненым выданні “Сузор’е беларускага памеж-жа: Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў суседніх краінах”.

Для артыстаў ладзіліся экскурсіі ў Абхазію, Красную Паляну, падымаліся яны і ў горы. А галоўнае, што цяпер згадваюць, — сустрэчы з людзьмі. Сочынцы, госці горада праяўлялі да мінчан вялікую цікавасць. Падыходзілі да харыстаў і пасля канцэртаў, фатаграфаваліся з імі, разам танчылі беларускую польку… А выступаў хор і ў санаторыях, і ў музычнай школе Адлерскага раёна з праграмай “Нет фашизму: Детство без войны”. Дзе бы ні спявалі харысты, перад выступленнямі яны заўсёды дзяліліся ўспамінамі пра дзяцінства, і аповеды называлі “Урокамі мужнасці”. Якімі б цяжкімі ні здаваліся тыя ўспаміны, ды ўсё ж яны сведчаць пра сілу духу чалавечага і пра тое, што нідзе і ніколі нельга падаць духам, траціць надзею. “Трэба ўмець прабачаць, калі цябе нехта пакрыўдзіць, трэба імкнуцца рабіць добрыя справы, таму што жыць — гэта хораша!” — упэўнены самадзейнікі хору “Судьбы”.


Ад рэдакцыі


На пачатку лістапада ўдзельнікі хору “Судьбы” правялі “Урок мужнасці” для мінскіх школьнікаў у Доме Масквы. Пачалі традыцыйна: з успамінаў харыстаў пра дзяцінства. Мінутай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць пра ахвяраў трагедыі — крушэння расійскага аэробуса ў Егіпце, на Сінайскім паўвостраве. Прадстаўніца Пасольства Расіі ў Беларусі Маргарыта Навадворская падзякавала мінчанам за спачуванне, якое яны праявілі, даведаўшыся пра аварыю. “Жыхары Мінска адразу сталі прыносіць да расійскага пасольства кветкі, свечкі, дзіцячыя цацкі, — адзначыла саветнік. — Разам з расійскім народам падзяляюць гора беларусы…”.

Затым прайшоў і сам “Урок мужнасці”. Падчас “пераклічкі” кожны з былых малалетніх вязняў канцлагераў коратка, аднак вельмі эмацыйна расказаў пра тыя жахі і пакуты, якія давялося перажыць. Боль ад вайны ў сэрцах ветэранаў не сціхае дагэтуль. Яны помняць, як на іх руках паміралі брацікі і сястрычкі, як назаўсёды сыходзілі бацькі, як маці, паміраючы ад голаду, аддавалі апошні кавалак хлеба дзецям… На тым уроку немагчыма было стрымліваць слёзы. І дзяўчынкі ў зале час ад часу выціралі вочы, зусім прыціхлі хлопчыкі… Старшакласнікі стоячы слухалі песні “Бухенвальдскі набат” і “Успомніце, хлопцы!”. Пасля ішоў дакументальны фільм “Вызваленне Асвенцыма”. Напрыканцы сустрэчы артысты, пераапрануўшыся ў нацыянальныя строі, выканалі некалькі патрыятычных і народных песень — у гонар свабоднай і незалежнай Беларусі. А ў памяць пра ахвяр фашызму запалілі свечкі...

Такія “Урокі мужнасці” калектыў праводзіць па ўсёй Беларусі: выступае ў школах, ліцэях, універсітэтах з праграмай “Нет фашизму: Детство без войны”. Ветэраны выязджаюць у дамы адпачынку, санаторыі, бальніцы. “Відаць, для таго мы і выжылі, каб расказваць моладзі жорсткую праўду пра вайну, — упэўнена кіраўніца хору Галіна Змушко. — Трэба рабіць усё, каб жахі вайны, якая пакалечыла нашыя душы, адняла дзяцінства, ніколі не паўтарыліся”. Неаднойчы ўдзельнікі хору сустракаліся з моладдзю, ветэранамі ў іншых краінах: двойчы “гастралявалі” ў Чэхіі, былі ў Польшчы, Францыі, Германіі. Сёлета, як сказана вышэй,  хор гасцяваў у Сочы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter