Вайна нагадала аб сабе рэхам

На тэрыторыі лакаматыўнага дэпо Гомель знайшлі боепрыпас

Боепрыпас часоў Вялікай Айчыннай вайны знойдзены на тэрыторыі лакаматыўнага дэпо Гомель.

Па інфармацыі намесніка начальніка Гомельскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Андрэя Краўчанкі, ржавую частку трубы, што з’явілася ў дажджавой вымоіне, убачыў адзін з чыгуначнікаў. Ён і паведаміў аб знаходцы кіраўнікам дэпо.

На паверку «труба» аказалася неспрацаваўшым 105-міліметровым артылерыйскім снарадам. Піратэхнікі вайсковай часці 5525 абясшкодзілі яго за горадам.

Дарэчы, на чыгунцы каля станцыі Касцюкоўка прыкладна год таму таксама былі знойдзены два снарады, а ў верасні мінулага года з зямлі каля вёскі Зорка Буда-Кашалёўскага раёна сапёры дасталі 94 снарады, 175 мінамётных мін і 100 узрывальнікаў ваенных часоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter